Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Драздовыя чаротаўкі: Змены ў вакалізацыі

драздовая чаротаўка

Амаль праз месяц пасля прылёта і заняцця гнездавых тэрыторый - рознага, але пераважна зусім невялікіх памерам купін трыснягу, самцы драздовых чаротавак (Acrocephalus arundinaceus) змянілі месца сваіх спеваў. І калі раней яны спявалі больш з нешматлікіх, але самых высокіх сцяблін сухога трыснягу, цяпер усё часцей іх гучныя песні раздаваліся з густых зялёных зараснікаў. Зялёны трыснёг хаця яшчэ і не дагнаў вышынёй самы высокі сухі, але розніца ў 50-70 см ужо не была такой катастрафічнай як яшчэ тыдзень таму.  А спяваць з густой і зялёнай часткі трысняговых купін усё ж нашмат бяспечней, чым адкрыта седзячы на сухіх сцяблінах. А адзін з 6 самцоў, за якімі я мог фактычна штодзень назіраць, нават змяніў свой невялікі і малавыгодны ўчастак з вельмі рэдкімі сухімі сцяблінамі трыснягу на большы памерам, але цалкам зялёны на супрацьлеглым беразе і амаль увесь час цяпер спяваў адтуль.

Аднак паступова, за наступныя дзён 10 і гэтыя песні з зялёнага трыснягу 'скончыліся' - пэўна ў самцоў з'явіліся абавязкі прыносіць усё больш і больш ежы падрослым птушанятам і траціць час на спевы ўжо не атрымлівалася. І вось, калі ўжо пачалі забывацца гучныя і рэзкія гукі драздовых чаротавак уздоўж набярэжнай, 20 чэрвеня іх выкананне пачало аднаўляцца то з адной, то з другой купіны трыснягу. А на наступны дзень спявалі ўжо ўсе 6 самцоў - вельмі магчыма, што яны спрабавалі свае шанцы ўтрымаць ці знайсці новую партнёрку для другога за сезон гнездавання. А калі так, то каб утрымаць ці прывабіць варта дэманстраваць сябе і магчымае месца гнездавання.

31.05-04.06.2024, Нёман у Гродна

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі