Так атрымалася, што ў пойме Свіслачы ў розных відаў лебедзяў ёсць вялікі выбар дзе зімаваць, дзе адпачываць пад час міграцыі і дзе летаваць*. Гэта значыць, што шмат палеткаў з азімымі, асабліва рапсам (які любяць шыпуны), шматгадовымі травамі і палямі па кукурузе (апошнюю любяць клікуны), а таксама натуральная расліннасць на балоце ці разлівах ракі падабаецца абдвум гэтым відам.
*Летаваць - значыць правесці сезон гнездавання, ці "лета" без удзелу ў размнажэнні.
Як і іншыя птушкі падобнага памеру, лебедзі-шыпуны (Cygnus olor) і клікуны (C. cygnus) могуць пачаць размнажацца толькі ва ўзросце 4-5 гадоў, а да гэтага часу трымаюцца ў большых ці меншых групах ад некалькіх да больш сотні птушак. Менаіта такія, адна- ці двухвідавыя групы лебедзяў мы штораз пад час нашых наездаў адзначалі на азімым рапсе ў пойме Свіслачы ля Водлы яшчэ з зімы. Акрамя рапса і кампані, птушак там нічога не трымае і яны далучаюцца ці адлятаюць адтуль ў розны час і ў рознай колькасці.
Аднак у апошні раз нешта яўна здарылася або там, або недзе недалёка ад гэтага месца. Яшчэ здалёк мы пачулі выразны свіст ад крылаў дзесяткаў шыпуноў, якія вялікімі і вельмі вялікімі групамі праз невялікі прамежак часу ляцелі хутчэй за ўсё з-пад Водлы ў бок нізіннага балота Грайна, на якім ужо сядзелі дзесяткі маладых (неполаваспелых) лебедзяў абодвух відаў.
Што магло здарыцца, каб сагнаць з даўно прывычнага месца пад сотню лебедзяў, я не ведаю, а можа гэта былі птушкі і з недалёкай Польшчы? Аднак месца іх старту не так важна, не зразумела чаму яны пераляталі на балота такімі вялікімі групамі ў дзень. Можа наступныя назіранні нешта падкажуць, зараз жа гэта неразгаданая загадка.
18-04-2021, пойма (Нёманскай) Свіслачы, Бераставіччына
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
__________________________
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ