Як я ўжо пісаў ТУТ, пасля першага заўважнага пахаладання ў самым пачатку верасня, рудахврсткі-чарнушкі (Phoenicurus ochruros) ды іншыя віды, якія да гэтага амаль цалкам ігнаравалі ягады чорнай бузіны, пачалі іх актыўна есці.
Самымі заўважнымі сталі самцы рудахвостак-чарнушак, якія амаль заўсёды прылятаюць на гронкі без папярэдняй падрыхтоўкі і праверак наваколля кустоў, сядаюць непасрэдна на іх, адрываюць і з'ядаюць 1-2 ягады і адлятаюць займацца іншымі справамі. А справаў у іх зараз больш, чым у самак і маладых чарнушак, бо так супала, што некаторыя з самцоў пасля перапынку ізноў пачалі спяваць менавіта з пачатку верасня. І, хутчэй за ўсё як і ў мінулыя гады, будуць спяваць да першых замаразкаў, калі амаль ці ўсе з іх адляцяць на зімоўку.
А тлушч, які ім атрымаецца назапасіць у тым ліку і дзякуючы вельмі даступным зараз ягадам бузіны, спатрэбіцца і тым птушкам, якія адляцяць, і тым, якія застануцца зімаваць тут. Так што ўсё яшчэ з ягадамі бузіны толькі пачынаецца.
Гродна, 06-09-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ