Пасля дажджоў камяні на мялізне пасярэдзіне Нёмана зніклі пад вадой, але хутка адрослыя дзякуючы цёпламу лету купіны рагозу рознага памеру, зразумела, засталіся. Раз няма камянёў - няма і качак, і кулікоў, і крычак з чайкамі, якія на іх адпачывалі і чысціліся. Але, як і ў мінулым годзе, з'явілася больш цікавая птушка - маладая шэрая чапля (Ardea cinerea)!
Яна сыходзіла з самай плыткай часткі глыбей і далей у раку 'па самае немагу', павольна і асцярожна перастаўляючы доўгія ногі і ўглядалася перад сабой, часам выцягваючы шыю амаль па-максімуму. З-за таго, што птушка была маладая - гэта добра бачна па двухкаляровай дзюбе і адсутнасці чуба, я не спяшаўся спускацца бліжэй да вады з набярэжнай, бо не думаў, што яна хутка нешта зможа злавіць. Мінулым летам маладая птушка траціла вельмі шмат часу і старання, але часта беспаспяхова, то і гэтай я шмат шанцаў не даваў.
Але калі я быў зусім непадрыхтаваны сачыць за яе поспехамі, чапля нешта злавіла і хутка праглынула! Нешта невялікае, бо адбылося гэта хутка і нечакана. Тады я стаў пільней глядзець за ёй і вось чапля ўжо заходзіць у вялікую купіну рагоза, нечаму там усярдзіне прыглядаецца ... - Хоооп! і ёсць даволі добрая рыба ў дзюбе!
Ну такога я зусім не чакаў! Прыйшлося спускацца да яе, але занаступныя прыкладна 15 хвілін чапля пры мне больш нічога не злавіла. Цікава, ці працягне яна прылятаць на рыбнае месца ў наступныя дні?
Нёман у Гродна, 02-08-2021
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 03.08.2021 - 08:45
Маладая чапля, а ведае, што…
Маладая чапля, а ведае, што рыбу трэба заглынаць з галавы. Нядрэнныя здымкі і відэа. Я ўжо некалькі разоў няўдала падыходзіў да чаплi - яна не падпускала на верны "стрэл" - адлятала ...