Некалькі апошніх дзён шмат дзе назіраю, як шпакі (Sturnus vulgaris) шукаюць і знахозяць ежу ў парах. Нават калі некалькі птушак збіраюцца разам, то прылятаюць туды і адлятаюць пераважна ўдвух, што хутчэй за ўсё азначае як раз пару.
Хаця самка нязначна адрозніваецца ад самца большай колькасцю светлых плямак на галаве (можна праверыць гэтыя адрозненні там, дзе на здымку і самец, і самка), але лягчэй за ўсё вызначыць пол шпакоў па паводзінах. Самка амаль без перапынку шукае ежу, або правяраючы глебу дзюбай у пошуках дажджавых чарвякоў, або збірае тых насякомых, якіх знаходзіць на паверхні зямлі або ў расліннасці невысока над ёй. Самец жа перабягае побач з самкай і спявае, прыпыняючыся толькі на хуткі 'фаст-фуд'. Зразумела, што задачы ў самца і самкі цяпер розныя - самка назапашвае як мага больш рэчываў для фармавання яек або аднавіцца пасля іх адкладкі, а самцу важна не падпускаць да самкі канкурэнтаў і не дапусціць капуляцый па-за парай, таму і есці столькі яму не трэба. Уся яго ўвага - самцы і толькі зусім трошкі - ежы)
І што важна для абодвух - дзве пары вачэй, якія могуць заўважыць небяспеку загадзя нашмат лепш адной пары, тым больш, калі як у самкі, тая пара больш накіраваная шукаць здабычу, а не глядзець навокал.
Гродна, 17-23.04.2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ