Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Сокалы-пустальгі вярнуліся ў прыроду

Усё больш пар сокала-пустальгі (Falco tinnunculus) выбіраюць для гнездавання нішы на шматпавярховіках у нашых гарадх.

І Гродна, канешне, не выключэнне. З гэтым іх выбарам звязаны не толькі перавагі для сакалоў, якія самі гнёзд не будуюць, але і праблемы. Адна з асноўных у тым, што птушаняты, якія вылятаюць, ці хутчэй выпрыгваюць з гнязда ў новы для іх свет, часам апынаюцца у дварах дамоў у самых непадыходзячыхдля гэтага месцах. Там, акармя коцікаў і сабачак, ездзяць машыны і з канца чэрвеня і ў пачатку ліпеня я амаль штодзень тлумачу па тэлефоне неабыякавым людзям, што найлепш для ўсіх у падобных сытуацыях або занесці і выпусціць птушку на дах бліжэйшага да месца знаходкі дома, або хаця б на казырок пад'езда. Дарослыя птушкі выдатна бачаць сваіх птушанят зверху, знойдуць іхі будуць дакармліваць яшчэ бліжэйшыя тыдні перш, чым маладыя сокалы навучацца паляваць і  пачнуць самастойнае жыццё. А каб бацькі не забывалі свае абавязкі, маладыя птушкі сочаць за небам над імі і крыкамі прыцягваюць да сябе ўвагу, так што падсадзіць птушак у бяспечнае адкрытае месца - найлепшы для ўсіх варыянт.

Але не заўсёды так атрымліваецца. Часам людзі прыносяць знойдзеных маладых сакалоў у Гродзенскі заапарк. Тут працуе выдатная каманда ветэрынараў і яны зробяць усё магчымае, каб дапамагчы дзікім жывёлам у якіх ёсць нейкая праблема. Але у сакалоў праблем няма - акрамя той, што яны апынуліся не ў той час не ў тым месцы. У іх нічога не пашкоджана, іх не трэба лячыць. Таму іх дакармліваюць у каранцінным корпусе, а што з імі рабіць далей - невядома. 

І вось учора, дзякуючы дамове паміж ветэрынарным аддзелам Гродзенскага заапарка, Гродзенскай гарадской і раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Гродзенскім абласным аддзяленнем грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" атрымалася вярнуць 6 з 7 маладых птушак назад у прыроду.  У 7-й казаўся вырваны хвост і яна застанецца ў заапарку пакуль не адрасце новы. Яшчэ аднага сакалёнка з невядомага месца ў горадзе людзі прынеслі літаральна перад нашым прыездам і з-за рэштак пуху на ім мы вырашылі, што яму лепш правесці некалькі наступных дзён у вальеры і падрасціць рулявыя ды махавыя на заапаркаўскай ежы.

Разам з Аляксандрам Красціным, галоўным спецыялістам інспекцыі,  мы закальцавалі звычайнымі металічнымі і каляровымі пластыкавымі кольцамі маладых сакалоў і выпусцілі іх на адкрытай прасторы недалёка ад гораду - месцы, дзе гэты від звычайна палюе. 

Зразумела, што шанцы навучыцца паспяхова паляваць самастойна ў маладых птушак без навучання дарослымі меншыя, але гэта і так аптымальнае выйсце з сытуацыі. А дзякуючы кольцам мы зможам больш даведацца пра іх далейшы лёс. Прыклад маладой пустальгі з Брэста, якую праз нейкі час злавілі на поўначы Лівііі дзякуючы каляроваму кальцу і паведамленню ў фэйсбуку пра яго мы змаглі даведацца пра гэтае незвычайнае падарожжа, сведчыць пра магчымае паспяховае выжыванне падобных птушак.

06-07-2021, Гродна і наваколле.

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі