Дакументацыйныя здымкі
Мы вярталіся з прагулкі па беразе Нёмана, калі наперадзе пачуліся гучныя і частыя крыкі некалькіх шэрых варон (Corvus corone cornix), над вадой адбывалася нейкая сутычка і гэтак жа раптоўна, як усё пачалося, наступіла цішыня і каля 15 варон разляцеліся. А ў вадзе засталася адна з іх, метрах у 20 ад берагу!
Ніколі раней я такога не бачыў, успомніўся толькі адзіны выпадак, калі менавіта вароны (?) прымусілі прывадніцца ў Нёмане значна меншую за іх памерамі птушку. Але каб адна адну?
Варона ў рацэ спачатку хутчэй за ўсё была ў шоку, але хутка ачомалася і заграбаючы крыламі, паплыла да берагу. А за ёй з агароджы набярэжнай назірала пара варон і яшчэ адна прыляцела і села на беразе недалёка ад вады насупраць нечаканай плаўчыхі. Але праз некалькі секунд тая засталася адна, выбралася на бераг і залезла ў густыя вярбовыя кусты, дзе і пачала сохнуць.
Што было прычынай такой масавай і жорсткай сутычкі, засталося невядомым.
Гродна, 07-03-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ