Яўна сфармаваную пару ад яшчэ несфармаванай у вялікіх галубоў (Columba palumbus) зусім нецяжка адрозніць. У першай птушкі трымаюцца разам (і часта як мага бліжэй адна да адной) неяк нязмушана. А ў другім выпадку самец часта навязваецца самцы і ўвесь час 'наступае', самка ж стараецца трымаць нейкую толькі ёй вядомую дыстанцыю. І калі самец яе яўна парушае, адлятае на розную адлегласць, чым зноў і зноў правакуе самца да пагоні і наступу.
Гэтая ж пара пад невялікай групай дубоў у скверыку была яўна сфармаваная і неяк само сабой у іх атрымлівалася знаходзіцца або на невялікай адлегласці адно ад аднаго, або зусім блізка. Яны і адпачывалі разам, прысядаючы ў падстрыжаную траву пад дрэвамі, і харчаваліся кавалачкамі зялёных раслін, адрываючы іх амаль сінхронна. Прыемна было за імі назіраць, тым больш яны не баяліся людзей і не адляталі, а адыходзілі калі адлегласць паміж імі і шпацыруючымі часам здавалася птушкам небяспечнай.
І тут адбылося нечаканае для мяне: адзін з галубоў падняў нешта невялікае, але цёмнае з зямлі, пакруціў у дзюбе і кінуў. Потым яшчэ раз і яшчэ. "Гэта ж жолуд!" здагадаўся я. Менавіта пад гэтымі дубамі я здымаў вялікіх галубоў, якія пераборліва выбіралі самыя смачныя жалуды і праглыналі іх адзін за адным, каб праз нейкі час вярнуцца за наступнай порцыяй. Але было гэта ў сярэдзіне восені. А цяпер амаль лета і наўрацці галубы змогуць знайсці нешта прымальнае для іх менавіта сярод жалудоў, якія не з'елі і не прыхавалі ў іншых месцах сойкі, гракі, вароны і каўкі за восень і зіму. І так і атрымалася - за амаль паўгадзіны назіранняў за птушкамі, вялікія галубы падымалі і кідалі некалькі старых жалудоў, але так ніводнага не праглынулі. Затоe сталі зразумелы іх упадабанні ў ежы і выбар - калі ён з'яўляецца.
Гродна, 29-05-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ