Ня буду казаць як, але ў самым пачатку зімы мне нарэшце пашанцавала вырвацца з гэтай урбанізаваннай каменнай тэрыторыі… Зімы з высокім градусам, як сказала адна мая знаёмая, на мае тлумачэньні, чаму мы ночым у гасьцініцы, а не ў намётах. Сапраўды, як зрабілася ўжо звычайным сьнежань нас не сустрэў сьнежнай коўдраю, а толькі шэрым небам з цёмным лісьцем пад нагамі і туманным небам.
Пушча. Ня гледзячы на тое, што я ў гэтым годзе ўпершыню пабываў у такіх вядомых мясьцінах, як Мірскі замак, Нясьвіжскі палац, Львове, Кіеве… да пушчы я даехаў толькі ў апошні месяц года, ня гледзячы на тое, што звычайна там бываў па некалькі разоў на год. Ды й прыехаў усяго толькі на некалькі гадзінак на ускраіну Дзікога балота, каб знайсьці доўгачаканае гняздо вялікага арляца. І хоць Дзікое сустрэла нас водарам гніючай расліннасьці я меў магчымасьць убачыць свайго сябра Антона, які зараз працуе ў нацпарку навуковым супрацоўнікам, пасьля адстаўкі кандыдата навук Чэркаса і арнітоляга-трудаголіка Абрамчука. Гняздо мы знайшлі досыць хутка, яно знаходзілася не ў асноўным лясным масыве, а на асобнай асіне ў паўсотні крокаў ад таго месца, дзе два разы пратаптывалі сьцежкі спецыялісты-арнітолягі. Дрэвы агаліліся, і прырода адчыніла таямніцу гэтага гнездаваньня. Таму мы ўжо ўвечары рэгістраваліся ў лунінецкай гасьцініцы “Юбілейная”.
Лунінец, невялікі, але адрэстаўраваны пасьля мясцовых дажынак, гарадок зьзяў сьвежымі фарбамі, але акрамя помніку Коласу мяне мала што зацікавіла. Зайшоў у мясцовы краязнаўчы музэй, па ўсяму гораду расклеены каляровыя афішы – у музэй прыехала выстава дзіўных насякомых з розных частак сьвету. Дык вось, сустракае мяне прыгожанькая маладзіца, кажа кьвіток можна набыць на другім паверсе, а ўгару пракрычала: “Света обилеть человека!” Я падняўся па лесьвіцы і пачаў чакаць каля афішы з надпісам “продаж білетаў”. Побач напаўадчыненыя дзьверы і дзве жанчыны п’юць гарбату і вядуць гучную гутарку аб мясцовым жыцьці. Пачакаўшы пару хьвілінак, я сышоў з музею, не хацелася адрываць работніц ад улюбёных размоў. Добра, вырашыў знайсьці якую небудзь утульную кавярню, каб сагрэцца, дый пачуць мясцовыя сплетні. Не атрымалася, абышоўшы амаль увесь цэнтар, я зразумеў, што самым цэнтрам гэтага гораду, як сталася модным, з’яўлялася адрэставраванае футбольнае поле. А кавярню знайшоў адну побач з вакзалам, але яна пачынала працу толькі з пяці гадзін вечара, а быць можа была зачынена да наступнага сьвята дажынак. Карацей, горад уразіў тым, што пунктаў паслуг МТС, больш чым месцаў адпачынку зь сябрамі, а прыгожы звонку гарадок аказаўся зусім не ветлівым для іншаземцаў.
Але ня гледзячы на гэта, зусім побач ад гораду, крыху больш за дзесяць кілямэтраў, мы адшукалі гняздо вялікага арляца. Ён жыў у невялічкім лясочку, які зусім нядаўна быў сельскагаспадарчымі ўгодзьдзямі. Гэтыя ўгодзі раскінуліся наўкола на тысячы гектараў, але прадуктыўнасьць тамтэйшых земляў напэўна была зусім нізкай, ці рукі ў людзей не даходзілі апрацаваць такі кавалак зямлі, то ўжо даўно тут пачаўся працэс зарастаньня, большая частка земляў пакрылася густым хмызьняком, а дзе-нідзе ўзняўся і малады лясок, дый усе гэтыя землі прынялі адваротны працэс забалочваньня. Арлец памяняў гнездаваньне, са старога забалочанага альшаніка ён перабраўся на некалькі сотняў метраў у яшчэ малады беразьняк.
Другое гняздо, якое мы з Валерам Дамброўскім планавалі знайсьці знаходзілася ўжо на значна большай адлегласьці недалёка ад вёскі Сітніцкі двор, у вялізным лясным масыве побач з тэрыторыяй, важнай для птушак Волма. Волма, як ТВП была ўтворана з дапамогай Дамброўскага, ён там адзначыў тры гнездаваньня пугача, арлана-белахвоста, ды яшчэ тры пары вялікіх арляцоў. Вось, менавіта гняздо трэцяй пары мы і зьбіраліся знайсьці. Тут было ўжо знойдзена некалькі гнёздаў, але ўсе яны не падыходзілі да статусу арлінага. Таму Валер і вырашыў вярнуцца сюды ізноў, і больш грунтоўна пашукаць гняздо, так як лес быў і сапраўды агромны па плошчы. Мы знайшлі яшчэ адно гняздо. Яно быццам бы падыходзіла пад статус арляца, але хутчэй малога, чым вялікага. У гняздзе я знайшоў багата адходаў харчаваньня, такіх як чашуі зьмяі, хіцін насякомых, пагадкі з мышамі, шкуркі і шкілеты жабак, але ніводнага больш-менш добрага пяра.
У тым жа лесе я ўпершыню ўбачыў зайца-беляка. Што дзіўна, ён быў цалкам белы, напэўна прыняўшы за пачатак зімы, зіму нашую – каляндарную :)) Мы яго ўбачылі ў самым гушчары забалочанага лесу, ён хаваўся ад нас ў трысьнягах, што таксама дзіўна для зайцоў. Быць можа ён хаваўся тут з-за сваёй вельмі прыгляднай афарбоўкі. Нажаль, доўга яму прыйдзецца чакаць белага і пушыстага сьнега, бо гледзячы па надвор’ю, калі ён і выпадзе, то хутка і растане.
Працягваючы гэтую тэму мы разгаварыліся пра інтрадукцыю. Спадар Нікіфараў на днях паведаміў акадэмікам, што хутка ў Беларусі адбудзецца рэінтрадукцыя. У радыяцыйны запаведнік завязуць новых жыхароў, якія калісьці жылі на нашай зямлі – гэта расамаха і сярэднеэўрапейскі лясны кот. Якія наступствы можна чакаць з-за такой інтрадукцыі, мы паспрабавалі лагічна ацаніць. Лясны кот можа скрыжоўвацца з хатнімі катамі, такім чынам паяўляецца паўдзікая папуляцыя такіх катоў, такая праблема генэтычнага скрыжаваньня існуе ў заходняй Эўропе. Каты, як мы ведаем, любяць руйнаваць гнёзды і харчавацца птушанятамі, што верагодна не паўплывае на карысьць вераб’іным птушкам.
Расамаха – прадстаўніца куньіх. Яна можа выцесьніць свайго канкурэнта – енотападобнага сабаку, які таксама быў інтрадуцыраваны ня так даўно, але адсутнасьць ворагаў дазволіла яму расьсяліца па ўсёй краіне. У той жа час расамаха і сама, як драпежная жывёла будзе вынішчаць птушак, у першую чаргу тых, што гняздуюцца на зямлі, дый іншых дробных жывёлаў.
Валер прапаноўвае інтрадуцыраваць у чарнобыльскай зоне амурскага тыгра. Тут і валкоў паменее, і праблема з браканьерамі вырашыцца.
На гэтых жа закінутых гаспадарках пасялілася цэлая папуляцыя цецярукоў. Так як на Прыпяці іх не багата, то гэта было не благое адкрыцьцё. Па дарозе назад сярод касматаногіх канюхоў і палявых лунёў заўважылі на палях рэдкую сьветлую морфу канюха-мышалова. Амаль увесь белы апроч крылаў.
Наступнай раніцай мы дабраліся да Прыпяцкага нацпарку. Гэта цудоўнае месца. Дубрава з грабамі і клёнамі, а таксама з многімі ляснымі жыхарамі. Толькі зайшлі ў лес па невялікай лясной дарозе, моцна вытаптанай, як нам падалося, каровамі, мы ўбачылі статак аленяў. Яны зпужаліся нас і пабеглі ў іншы бок, спужалася і лісіца, якая пабегла ў супрацьлеглы бок і выбегла нам насустрач. Прыгажуня хутка скеміла, што памылілася і пабегла прэч. Мы крочым далей па гэтай дзіўнай дубраве. Нажаль, сляды ад кароў растварыліся па ўсім лесе, што нас крыху зьдзівіла. Чым далей у лес, тым больш дроў, сапраўды тут пакоілася багата папілаваных дрэваў, яны ўжо ня першы год ляжаць у акуратных грамадках, якіх можна лічыць сотнямі, і, нажаль, не кім не вывозяцца. Тая ж сытуацыя з вялізарнымі дубамі. Сотні іх ляжаць папілаванымі на зямлі, гніюць і не вывозяцца. Сумна глядзець на гэта ўсё, тым больш у нацпарку. Спрабуючы знайсьці адказ мы паглядзелі ўгару і зразумелі, што многія дубы ня маюць ужо той старажытнай велічы. Многія з гэтых волатоў засохлі і чакаюць свайго пахаваньня на зямлі.
Чаму яны сохнуць? Чаму спілаваныя дрэвы не вывозяць? На апошняе пытаньне мы адказу не знайшлі, а вось на першае Валер прапанаваў сваю здагадку. Пойма Прыпяці ў многіх месцах аддамбіравана, таму вясновыя паводкі вясной хоць і разліваюцца на многія кілямэтры, але не займаюць тых плошчаў, што займалі раней. Узровень вады на меліяраваных землях панізіўся, а ў лясах, ды іншых, пакінутых без увагі чалавека землях, ён павысіўся. Дубравы, як і іншыя шырокалісьцевыя лясы больш падабаюць незабалочаныя ўчасткі, але цягам кароткага часу гідрарэжым, як рэк, балот, сельгасугодзьдзяў, так і лясоў быў парушаны. Там, дзе раней былі сухія лясы, зараз яны забалоціліся, дубы ня могуць вытрымаць ізбытак вільгаці, таму і пачынаюць паміраць. Праўда гэта, ці не, трэба запытацца ў навукоўцаў крыху іншага накірунку, а іх у нашай краіне складана знайсьці.
Вяртаючыся назад, мы заўважылі гэтых лясных кароў. Статак з трох зуброў, убачыўшы нас неахвотна рушылі прэч. Нам зрабілася цікава, чаму яны вытапталі ў лесе цэлую дарогу, і мы пайшлі па сьлядах зуброў. Аказваецца ў паўсотні крокаў на канаве, якая адзьдзяляе пашню ад леса ёсьць дамба, і зубры па ёй часта выходзілі пачаставацца чым-небудзь на калгасных палетках.
Яшчэ ў гэтай дубраве мы бачылі некалькіх зялёных жоўнаў і беласпіннага дзятла.
На наступны дзень мы рушылі ва ўрочышча Дуброва, побач з аднайменнай вёскай. Тут такая ж закінутая меліярацыя, па ўсюль упіраюць неба сухія дубы, а зь іх зьляцелі два маладых арлана-белахвоста. Ветліва павітаўшы над намі, яны зноў селі на дубы-калдуны. Вялікія арляцы памянялі сваё гняздо на новае, яно знаходзілася ў паўкілямэтры ад старога, і мы досыць хутка знайшлі гэты невялікі птушыны домік. Нажаль, ён быў зроблены зусім не акуратна і мог зваліцца ў любы час, таму нам прыйшлося дабудаваць гняздо, пакласьці пад яго палкі-апоры.
Вяртаючыся да машыны, мы заўважылі, што паралельна нам, уздоўж апушкі леса крочыць сахаты. Ня гледзячы на тое, што адлеглась паміж намі была зусім маленькай, мы не зацікавілі лася. Ён йшоў сваёй дарогай.
Наступную ноч мы правялі ў гасьцініцы маленькага гарадка Капаткевічы. Недалёк адсюль, побач з вёскай Лучыцы асела яшчэ адна пара арляцоў. Знайсьці гняздо нам дапамог мясцовы лясьнічы. Сам па сабе ён паляўнічы, але вельмі сур’ёзна ставіцца да аховы прыроды. Ён быў вельмі ўдзячны нам за прыезд, а пасьля таго, як праца скончылася, запрасіў да сябе ў госьці. Як і ўсе паляшукі ён быў вельмі ветлівым і клапатлівым.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
AV - 12.12.2009 - 21:51
цікава, а калі была
цікава, а калі была вандроўка? Вельмі змешаныя пачуцці пасля прачытання, добра, што аўтар нераўнадушны да аховы прыроды. Ўсё станоўчае у прыродзе робіцца без людзей: вяртанне арляцоў, павялічэнне колькасці іншых птушак, чалавек - сушыць і пілуе дубравы, завозіць новые віды. Як пасля норкі і енат. сабакі можна думаць пра інтрадукцыю новых драпежнікаў??? Калі від знік 300-500 гадоў назад, то гэта не рэ-інтрадукцыя, выбачайце. Драпежнікаў у нас і так хапае, цецяруковыя сгінуць зусім. Кота можа і добра вярнуць, але прэс драпежнікаў сільно высокі, будзе больш праблем, чым радасці. На Балканах яны і зараз жывуць, але яны там не выміралі ніколі.
Harrier - 12.12.2009 - 23:25
In reply to цікава, а калі была by AV
Freelancer, дзякуй за выканае
Freelancer, дзякуй за выканае абяцаньне! Калі не цяжка, разьмясьці ў Галерэі ў раздзеле Людзі добры здымак узнагароджаньня Натураліста саколкай з лога Бёдуотч.бай
Чакаем афра-блізкаўсходніх і казахстанскіх Назіраньняў! Ды і здымкі ў цябе файныя - разьмяшчай!
Harrier - 12.12.2009 - 23:36
In reply to Freelancer, дзякуй за выканае by Harrier
Вельмі падрабязна і цікава!
Вельмі падрабязна і цікава! Толькі канчатак, на мой погляд, выйшаў нейкі неканчатковы..
Найбольш спадабаліся здымкі козаў у лесе і зубра сярод дубоў.
freelancer - 13.12.2009 - 10:42
канчатак неканчатковы з-за
канчатак неканчатковы з-за адсутнасьці канчатка ))
Feather - 13.12.2009 - 15:05
Вторая фотка - просто кадр из
Вторая фотка - просто кадр из какого-то триллера. Пастухи наступают... )))
Harrier - 13.12.2009 - 23:23
In reply to Вторая фотка - просто кадр из by Feather
Ага, забыўся дадаць, што я
Ага, забыўся дадаць, што я стаўлю гэтаму зімоваму рэпартажу 9 балаў (з 10 магчымых).
Наконт (рэ)інтрадукцыі ката і расамахі цікава, толькі сапраўды, невядома што з гэтага атрымаецца.
У Зоне хіба няма больш свойскіх (нават бадзяжных) катоў, але як дзікія лясныя павылазяць з Зоны можа пачацца і гібрыдызацыя з імі...
А тое, што расамаха павыядае янотападобнага сабаку не выглядае бясспрэчным. Бо для такога драпежніка ёсьць вельмі многа нашмат больш простай здабычы.
Цікава, што на канферэнцыі ў Седльцах распавялі пра магчымасьць рэінтрадукцыі практычна зьніклага і ў Польшчы паляніка. У Варшаўскім зоо яны добра размнажаюцца, іншыя зоо не хочуць іх купляць-трымаць з-за цяжкасьцяў ва ўтрыманьні (?), таму зоо прапанавала заняцца прыродаахоўным арганізацыям паспрабаваць выпускаць іх у месцах, дзе яны раней гнездавалі, біятоп захаваўся, а палянікаў няма. Пакуль што ніхто не захацеў...
Дык можа нам узяцца?