Амаль камплектныя акамянелыя парэшткі птушкі, якая выглядае нечым пераходным паміж свіргулямі і калібры праліваюць дадатковае святло на пачатковую эвалюцыю гэтых блізкіх таксонаў і паказваюць калі прыкладна яны пачалі разыходзіцца паміж сабой.
Параўнальна доўгі час сістэматыкі аб’ядноўваюць свіргулёў і калібры ў адным атрадзе Свіргулепадобныя Apodiformes. Знойдзены не так даўно ў скалах Green River Formation (Ваёмінг, ЗША) “новы” старажытны прадстаўнік атраду, узрост якога ацэньваецца ў 52 мільёны гадоў, дапамагае зразумець як і калі адзіная група птушак паступова раздзялілася на дзве. Парэшткі выдатна захавалі дэталі будовы шкілету і апярэння. У тым жа раскопе раней былі знойдзены продкавыя формы фрыгатаў і сівагракаў.
Негледзячы на яўныя сучасныя адрозненні: свіргулі маюць доўгія серпападобныя крылы і кароткія і шырокія дзюбы – прыстасаванні для хуткага палёту і харчавання жамярой у паветры, а калібры вылучаюцца кароткімі завостранымі крыламі для завісання ў паветры і доўгімі тонкімі дзюбамі для харчавання перважна нектарам, абедзве групы маюць шмат супольнага ў будове цела, што выдае агульнага продка. Новая знаходка, якая атрымала навуковую назву Eocypselus rowei, можа хутчэй лічыцца прамежкавай формай, хаця бліжэй да свіргулёў формай крыла, адначасова мае кароткую і закругленай формы дзюбу, падобнай на якую не маюць сучасныя прадстаўнікі атраду.
Дзякуючы добрай захаванасці парэшткаў, можна скахаць, што апярэнне старажытнага продка свіргулёвых нагадвае апярэнне сучасных надрэўных свіргулёў. Птушка мела доўгія і трошкі выгнутыя махавыя – падобна да сучасных свіргулёў, кароткі і квадратнай формы хвост. Невялікая колькасць захаваных пігментных клетак дазваляе меркаваць, што колер апярэння таксама нагадваў сучасных свіргулёў і быў чорны або чорны з блескам.
І хаця E. rowei не з’яўляецца сапраўдным свіргулём, аднак некаторыя рысы яго марфалогіі нагадваюць сучасных прадстаўнікоў падатраду. Будова крыла ўсё яшчэ прамежкавая паміж свіргулямі і калібры, а ногі былі прыстасаваныя да сядзення на гарызантальнай паверхні – у адрозненне ад сучасных свіргулёў, якія маюць вельмі слабыя ногі і карыстаюцца імі амаль выключна для караскання.
Па аналогіі з сучаснымі птушкамі падобнай будовы, E. rowei дазваляе меркаваць, што гэты від займаў прыкладна нішу сённяшніх ластавак: харчаваўся насякомымі, якіх лавіў у паветры і мог карыстацца нагамі пад час адпачынку на прысадах рознага тыпу.
Крыніца:
Ksepka, D T, Clarke, J A, Nesbitt, S J, Kulp, F B, and Grande, L. Fossil evidence of wing shape in a stem relative of sifts and hummingbirds (Aves, Pan-Apodiformes). Proceedings of the Royal Society B 280: 20130580 http://dx.doi.org/10.1098/rspb.2013.0580
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Чорны свіргуль – Need for Speed!
5 тысяч км за 5 сутак – гэта чорны свіргуль!
Даказана: свіргулі могуць праводзіць у паветры па 10 месяцаў без пасадкі
Калі калібры апынуліся ў Амерыцы і што з гэтага атрымалася
Знойдзена першая птушка, якая апыляла кветкі
Як калібры без цяжкасцяў лятаюць назад
Новыя выкапневыя птушкі з Кітаю лепш асвятляюць гісторыю станаўлення класу
У Кітаі знойдзены парэшткі самай старажытнай птушкі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ