Прыквел і частка І, частка ІІ, частка ІІІ, частка IV, частка V, частка VI і частка VII.
Прайшло 2 дні з нашай папярэдняй сустрэчы з сям’ёй шэрых курапатак (Perdix perdix), калі разнатраўны лужок - перадапошняя тэрыторыя для іх харчавання і схованак быў скошаны і застаўся толькі нешырокі пас з вярбы і травы на самым беразе Нёману. Гэта стала апошнім магчымым месцам, дзе я спадзяваўся іх яшчэ сустрэць.
Так і адбылося – з самага ранку ўся сям’я, пара дарослых і 6 роўных з імі памерамі птушанят, рухалася ўздоўж берага па сцежцы, якую за лета пратапталі рыбакі. Бацькі мэтанакіравана йшлі наперад, моладзь жа час ад часу выбівалася з шэрагу, выпрыгвала-выбіралася на кладку троху вышэй сцежкі, але ніжэй набярэжнай і спешна хапала там насенне злакаў, якое навісала над кладкай.
Усе восем птушак спакойна прайшлі пада мной і скрыліся сярод прыбярэжнай расліннасці. Нешта падказала мне, што гэта можа быць апошняя наша сустрэча. Але адбылося зусім нечакана і інакш. Таму – працяг будзе.
Гродна, 25-09-2022
Аўтар – Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ