Прыквел і частка І, частка ІІ, частка ІІІ, частка IV і частка V.
Праз 4 дні пасля нашай папярэдняй сустрэчы з маёй знаёмай сям'ёй шэрых курапатак (Perdix perdix), я сустрэў іх зранку амаль дакладна ў тым самым месцы: на невысокім схіле, які вёў на плоскі, невялікі разнатраўны лужок.
Аднак як раз напярэдадні адбылася катастрофа: увесь гэты лужок і прыкладна метр знізу усіх схілаў да яго і пасля яго, на ўзбочыне дарогі вышэй, былі скошаныя самаходнай касілкай. Прастора жыцця курапатак няўхільна і кардынальна змяншалася ўвесь канец лета і пачатак восені, і вось быў знішчаны адзін з апошніх 'бастыёнаў'.
Курапаткі або яшчэ не зразумелі гэтага, або карысталіся апошняй магчымасцю выкарыстаць сытуацыю на сваю карысць. Справа ў тым, што касільшчык пабаяўся ездзіць на касілцы бокам вышэй па схілах каб не перакуліцца і адзіны пракос знізу іх заставіў яшчэ шырокую, дзе ў 3-4, а дзе і ў 5-6 м няскошанай расліннасці. Птушкі асцярожна расцягнуліся і там, і на скошаным, і елі. Маладыя прыслухоўваліся да каманд бацькоў, адзін з якіх йшоў спераду, а другі - ззаду групы:
Паступова курапаткі выйшлі на нешырокі ходнік уздоўж дарогі, вышэй за былы лужок. І тут пачаўся нечаканы пір! Уся плітка і частка дарогі за ёй былі ўсыпаны невялікімі скошанымі кавалачкамі расліннасці з узбочыны, якую птушкі пачалі актыўна перабіраць і выбіраць з гэтага самае смачнае. Мне гэта нагадала вясковы двор і курэй, якім сыпанулі свежую сечку)
Уся гэтая 'халяўная' ежа з-пад касілкі падабалася не толькі курапаткам, але і вялікай групе палявых вераб'ёў. А такі масавы і актыўны рух у адным месцы прыцягнуў увагу грака і шэрай вароны, з якімі ў курапатак даволі хутка склаліся няпростыя адносіны.
Але пра гэта будзе далей.
Гродна, 23-09-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ