Прыквел і частка І, частка ІІ, частка ІІІ, частка IV.
Прайшло яшчэ тры дні, перш чым я ізноў сустрэў сваю знаёмую сям'ю шэрых курапатак (Perdix perdix) недалёка ад берага Нёмана.
На вялікі жаль для іх, тут засталося зусім няшмат месцаў з або някошанай, або адрослай і яшчэ не скошанай на гэты момант расліннасцю. Фактычна гэта была нешырокая стужка берагу, заваленая валунамі, якая за т.зв. старым мастом пераходзіла ў зараснікі вярбы бліжэй вады і ізноў жа нешырокую травяністую частку да набярэжнай, невялікі кавалак лужка каля муроў б. піўзавода і невялікі лужок бліжэй станцыі спасення на вадзе з адрослым разнатраўем і таксама на схілах пад ім і каля будынку станцыі. Таму, калі я двойчы на дзень гуляў уздоўж усіх гэтых месцаў, то раней ці пазней наша сустрэча была павінна адбыцца. Так і атрымалася.
Птушкі ў тым самым складзе - пара дарослых і 6 маладых курапатак - няспешна харчаваліся на схіле пад лужком, амаль у тым жа месцы і таксама як і ў мінулы раз. Знешне яны не змяніліся, пер'я, якое падкрэслівала іх маладосць, было яшчэ шмат. Аднак змяніліся іх паводзіны: яны сталі больш асцярожнымі. І зараз не толькі бацькі рабілі частыя перапынкі на некалькі секундаў пад час здзёўбвання насення, каб падняць галаву і азірнуцца навокал, але і птушаняты рабілі вельмі падобна.
Тым не менш засталіся і 'дзіцячыя' прызвычаенні: моладзь усё ж старалася не заставацца нават на некалькі секундаў далёка ад братоў-сёстраў (сіблінгаў) і было бачна, што гэты амаль фізічны кантакт для іх усё яшчэ важны. Ну і, зразумела, толькі бацькі выбіралі кірунак асноўнага руху. А ўжо ў выбары ежы - разнастайнага насення - была свабода для ўсіх курапатак.)
Хаця ўжо быў вечар, птушкі ўсё яшчэ актыўна харчаваліся. Таму я зрабіў ім некалькі здымкаў і пайшоў далей уздоўж ракі, каб не перашкаджаць у важнай справе.
Гродна, 19-09-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
Працяг гісторыі ТУТ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ