Бажан Эдвардса вернецца ў прыроду

Прыгожая і яркая птушка, пра якую няшмат было вядома да яе знікнення ў прыродзе ў 2000 г, была адкрыта ў 1896 годзе ў лясах Віетнама і пасля некалькіх рэгістрацый французскіх арнітолагаў на пачатку мінулага стагоддзя, від “знік” на наступныя 70 год. Нечакана, у 1996 г бажана Эдвардса (Lophura edwardsi) ізноў адзначылі ў прыродзе, аднак праз зусім непрацяглы час від знік ізноў, і, хутчэй за ўсё, зусім. Інтэнсіўныя пошукі птушак у нашым стагоддзі ў падыходзячых біятопах не далі станоўчага выніку.

На жаль, гэта зусім не здзіўляе арнітолагаў, таму што бажан Эдвардса жыў выключна ў вьетнамскіх нізінных дажджавых лясах, і менавіта гэтыя лясы пацярпелі найбольш пад час мінулага стагоддзя. Цэнтрам невялікага гістарычнага арэалу віду лічыцца правінцыя Quang Tri, якая была дэмілітарызаванай зонай пад час Вьетнамскай вайны. Аднак менавіта тут адбываліся доўгія і жорсткія баі і тут была распыленая найбольшая колькасць гербіцыдаў. Па час вайны ў 1955-1975 гг над віетнамскімі лясамі авіяцыя распыліла 72 мільёны літраў сумна знакамітага дэфаліанта Agent Orange. Амерыканскія войскі прымянялі яго для знішчэння расліннасці - каб было цяжэй хавацца партызанам. Таму адмоўны эфект на біяразнастайнасць рэгіёну нецяжка ўявіць.

Пасля вайны павялічылася насельніцтва краіны, якое ператварала лясы ў сельскагаспадарчыя палеткі, што не магло не зменшыць і так параўнальна невялікія па плошчы прыдатныя для месцапражывання бажана мясціны. Нават тыя кавалкі лесу, якія выглядаюць некранутымі або ўзноўленымі пасля вайны, пасля пошукаў не паказалі слядоў пражывання бажанаў Эдвардса, бо мясцовыя жыхары палявалі на іх ці прадавалі нелегальным гандлярам дзікімі жывёламі.

Аднак ёсць і добрыя навіны, якія могуць прывесці – у выпадку поспеху- да рэінтрадукцыі віда ў месцы былога распаўсюджання.

У пачатку 1920-х гадоў як мінімум 14 бажанаў Эдвардса былі адлоўленыя і апынуліся ў Францыі. За апошнія амаль сто год колькасць птушак у няволі павялічылася шматкортна і цяпер каля 1000 бажанаў жыве ў заапарках і ў прыватных калекцыянераў па ўсяму Свету. Есць бажаны і ў Ханойскім заапарку. Некаторыя з птушак не з’яўляюцца чыстымі генетычна (ёсць гібрыдамі з сярэбраным бажанам (Lophura nycthemera)), але цяпер адбываецца генетычны аналіз і пошук чыстых і найлепшых для будучага патомства бацькоў.

Існуюць планы, каб гэтыя адабраныя птушкі разманажаліся ў адным ці некалькіх цэнтрах-пітомніках, а іх патомства выпускаць у прыроду. Гэта значыць, што пры дастатковай колькасці птушанят, выгадаваных самімі бажанамі, два –тры іх пакаленні будуць рэгулярна рэінтрадукаваць. Зразумела, што на гэта спатрэбіцца час- як мінімум ад 5 да 7 гадоў, аднак калі выпуск будзе паспяховым, то можа ўтварыцца няхай і невялікія папуляцыі, якія будуць самападтрымліваць сваю колькасць або – калі дзікія птушкі ўсё ж існуюць – дапамагуць апошнім у павелічэнні колькасці.

Зразумела, што абраныя для выпуску бажанаў мясціны павінны быць загадзя падрыхтаваныя –ў 6 адпаведных рэзерватах прыродаахоўная арганізацыя Viet Nature разам з партнёрамі стараецца спыніць нелегальнае паляванне ў і вакол будучых месцаў выпуску птшак у прыроду.

Першыя важныя крокі для пачатку праграмы рэінтрадукцыі ўжо зробленыя: З дапамогай мясцовых уладаў і партнёраў, Viet Nature пачала будаўніцтва пітомніка для размнажэння бажанаў і адукацыйна-інфармацыйнага цэнтра ў правінцыі Quang Binh. Чацвёра птушак былі атрыманыя ў Ханойскім заапарку для размнажэння з патомкамі адзінага дзікага самца, які быў адлоўлены ў прыродзе ў 1997 годзе. Ужо існуюць дамоўленасці з заапаркам пра перамяшчэнне бажанаў у будучы пітомнік, які павінен пачаць працу яшчэ сёлета.

 

Карціна George Edward Lodge з www.commons.wikimedia.org

Паводле Nicola Davies No time like the pheasant. BirdLife The Magazine March 2017 pp. 46-47 падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Яшчэ адзін від птушак знік у дзікай прыродзе?

Гавайскія вароны гатовы вярнуцца ў прыроду

Новы від птушак знік, не дачакаўшыся пацверджання відавога статусу

Зніклі назаўжды? Сумны спіс апошняга дзесяцігоддзя.

Топ-10 самых рэдкіх вераб’іных птушак Свету

Як птушкі, сабраныя яшчэ Дарвіным, дапамогуць выратаваць сённяшніх