Катастрафічнае змяншэнне колькасці многіх відаў птушак адзначана ў Францыі

палявы жаўрук

Тузін раней звычайных відаў птушак зменшыў сваю колькасць, у некаторых выпадках - нават на дзве траціны. Асноўнай прычынай гэтага лічаць масавае выкарыстанне пестыцыдаў, якія вынішчаюць насякомых - асноўны корм для птушанят і дарослых птушак многіх відаў.

За апошнія 15 гадоў, папуляцыі многіх відаў птушак сельскагаспадарчых краявідаў у Францыі зменшыліся ў сярэднім на 30% - такія вынікі даследаванняў былі прадстаўленыя нядаўна французскімі навукоўцамі. Адно з даследаванняў мела агульна-французскі маштаб, другое было праведзена ў вялікім і важным сельскагаспадарчым рэгіёне ў Цэнтральнай Францыі.

“Сытуацыя катастрафічная” – сказаў Бено Фонтэйн (Benoit Fontaine), супрацоўнік Нацыянальнага музею натуральнай гісторыі Францыі і сааўтар аднаго з даследаванняў. “Нашы сельскія тэрыторыі паволі ператвараюцца ў пустэльню.”

Шэрая леска, садовая стрынатка і палявы жаўрук- некалі самыя звычайныя віды птушак адкрытых мясцін, зменшылі сваю колькасць як мінімум на траціну з пачатку гэтага стагоддзя, калі пачалі праводзіцца штогадовыя дэталёвыя ўлікі. Аднак ёсць нашмат горшыя прыклады: так, лугавых свірстуноў за той самы час стала менш ажно на амаль 70%!

Арнітолагі апісваюць атрыманыя вынікі кароткай, але ёмістай фразай – гэта экалагічная катастрофа! Галоўнай прычынай яе лічаць вялізарныя па плошчы монакультурныя палі, асабліва пшаніцы і кукурузы, на якіх інтэнсіўна выкарыстоўваюцца пестыцыды.

Аднак праблема не столькі ў тым, што птушкі атручваюцца пестыцыдамі, а ў тым, што няма насякомых, якія неабходныя як птушанятам, так і дарослым птушкам.

Вінсэнт Брэтаноль (Vincent Bretagnolle), арнітолаг з Цэнтру біялагічных даследаванняў CNRS у Chize падкрэсліў, што аналагічныя трэнды былі вызначаны і ў іншых краінах Еўропы і за апошнія 30 гадоў колькасць лятаючых насякомых зменшылася на 80%, а колькасць птушак, адпаведна, на больш, чым 400 мільёнаў асобін.

Негледзячы на планы французскага ўраду зменшыць выкарыстанне пестыцыдаў напалову ўжо да 2020 г., продажы пакуль змяншаюцца вельмі павольна і ў 2014 г. дасягнулі максімума ў больш чым 75 тысяч тон актыўнага рэчыва.

“Найбольш непакоіць тое, што сваю колькасць зменшылі практычна ўсе птушкі адкрытых ландшафтаў – гэта кажа пра тое, што агульны стан сельскагаспадарчых угоддзяў як экасістэмы ў нас значна пагоршыўся” – сказаў Брэтаноль.

Паводле www.theguardian.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак палявога жаўрука - Alexander Erdmann

 

 

На гэтую тэму:

Кожны 5 від птушак у Еўропе рэдкі або пад пагрозай знікнення: сярод іх нырок-сівак і нават лыска!

Крызіс знікненняў паглыбляецца

ЗША абмежавалі выкарыстанне небяспечнага для птушак інсектыцыду

Новае пакаленне пестыцыдаў масава забівае птушак, як раней ДДТ

Пестыцыды зноў забіваюць драпежных птушак

Сучасныя пестыцыды змяншаюць вагу птушак і парушаюць іх арыентацыю

Як французскія гурманы з’ядаюць нашых рэдкіх птушак + VIDEO

Кукаванне зязюлі ўсё радзей можна пачуць у Вялікабрытаніі

Салавей амаль знік у Вялікабрытаніі