Кожны арганізм імкнецца заставіць пасля сябе (як мага больш) патомкаў, бо такім чынам яго камбінацыі генаў будуць працягваць жыць і пасля яго смерці. У большасці відаў птушак самы надзейны спосаб зрабіць гэта - стварыць пару і размнажацца са сваім партнёрам ці партнёркай. Аднак апошнія дзесяцігоддзі вядома пра існаванне нават у монагамных саюзах т.зв. ЕРС - капуляцый па-за парай (extra-pair copulations). Прычым амаль заўсёды бацькамі такіх "пазашлюбных" птушанят станавіліся старэйшыя ўзростам самцы. Каманда навукоўцаў на прыкладзе дамовых вераб'ёў (Passer domesticus) вырашыла адказаць на пытанне - чаму так адбываецца?
Група даследчыкаў з лонданскага Imperial College (Вялікабрытанія) сачыла за паводзінамі вераб'ёў вядомага ўзросту ў вальерах пасярод кампуса Silwood Park і правярала дзве гіпотэзы: 1) старэйшыя самцы могуць лягчэй "падмануць" самак (гіпотэза "маніпуляцыі самцоў" - 'male manipulation' ); 2) самкі часцей выбіраюць для ЕРС старэйшых самцоў (гіпотэза "выбара самак" - 'female choice').
Усяго аторымалася зарэгістраваць больш, чым 450 спробаў капуляцыі з боку самцоў вядомага веку і атрымалася, што старэйшыя самцы не спрабавалі "падмануць" самак часцей, чым маладзейшыя - такім чынам першая гіпотэза "маніпуляцыі самцоў" не атрымала пацверджання.
Фактычна атрымалася, што менавіта самкі былі ініцыятаркамі паспяховых капуляцый, што пацверджвала б другую гіпотэзу. Бо менавіта самкі выбіралі з кім і калі капуліраваць. Аднак - як часам бывае - усё аказалася нават больш складана: самкі не выбіралі для ЕРС старэйшых самцоў часцей за маладых!
З 400 эмбрыёнаў, зачатых 75 сацыяльнымі парамі ў 4 авіярыях, 40 (10%) аказаліся вынікам ЕРС. Гэта менш, чым было знойдзена для папуляцыі дзікіх дамовых вераб'ёў, дзе такіх птушанят аказалася нават 17.5%. Сярод 119 вывадкаў, 25 мелі ў сваім складзе як мінімум адно птушаня па-за шлюбам. І сярод вызначаных бацькоў такіх птушанят большасць самцоў мела 5 ці больш гадоў.
Галоўная аўтарка артыкула, Анц'е Гірндт (Antje Girndt) з Лондана і інстытуту арніталогіі імя Макса Планка (Германія), сказала: "Існуе розніца паміж тым, што мы бачым і тым, што атрымліваецца ў выніку: мы не назіралі каб самкі спарваліся часцей са старэйшымі самцамі ў параўнанні з маладымі, аднак менавіта першыя становяцца часцей бацькамі. Гэта кажа пра дадатковы фактар, які мы не ўлічвалі - старэйшыя самцы могуць мець больш "канкурэнтназдольную" сперму (more competitive sperm)."
Такім чынам, галоўным чыннікам значна больш паспяховага бацькоўства можа быць "паслякапуляцыйны" механізм. І тут выбар самак можа аказацца сапраўды рашаючым, бо самкі вераб'ёў вядомыя здольнымі захоўваць сперму ўнутры сябе на працягу тыдняў, а таксама могуць вырашаць сперму якога самца выкарыстаць для запладнення. Аднак такія вельмі фізіялагічныя рэчы цяжка вывучаць - кажуць даследчыкі.
Д-р Юлія Шродэр (Dr. Julia Schroeder) з Лондана, сказала: "Вераб'і - сацыяльна манагамныя, але сексуальна праміскуітэтныя птушкі. Самкі застаюцца з тым самым адзіным партнёрам каб павялічыць свой поспех размнажэння - выгадоўвання птушанят, аднак самцы зусім не абавязкова даглядаюць менавіта сваіх патомкаў".
Крыніца:
Antje Girndt et al. Male age is associated with extra-pair paternity, but not with extra-pair mating behaviour, Scientific Reports (2018). DOI: 10.1038/s41598-018-26649-1
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Мікалая Вераб'я
На гэтую тэму:
Самцы вераб’ёў горш даглядаюць птушанят ад няверных самак
Пра сэкс птушак і змены нашых уяўленняў пра гэты бок іх жыцця
Гарадзкія дамовыя вераб’і жывуць у большым стрэсе, чым сельскія
Як “гэта” складана ў качак, або пра асаблівасці сэкса вадаплаўных
Канфлікт палоў і яго незвычайнае рашэнне ў качак
Жаночы дзень і сэкс па прымусу + VIDEO
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ