Еўрапейцы ведалі пра аўстралійскіх какаду яшчэ ў Cярэднявеччы!

Знакаміты рукапіс з сярэдзіны ХІІІ стагоддзя нядаўна дазволіў новым яго даследчыкам зрабіць чарговае адкрыццё - у ім былі знойдзены ажно 4 арыгінальныя малюнкі жоўтачубага аўстралійскага какаду  (Cacatua sulphurea)! 


Рукапіс стварыў паміж 1241 і 1248 гг. адзін з заснавальнікаў арніталогіі як навукі Фрыдрых ІІ Гогенштаўфен, кароль Сіцыліі і імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі пад назвай De Arte Venandi cum Avibus (Мастацтва палявання з птушкамі); кніга захоўваецца ў Ватыканскай бібліятэцы. 

малюнак папугая


 Цікава, што гэтае адкрыццё адсоўвае першыя вядомыя нам звесткі пра какаду ў Еўропе на 250 гадоў назад, бо папярэдняя дата - 1496 год - адносілася да карціны "Madonna della Vittoria", напісанай Andrea Mantegna.
Навуковы артыкул пра какаду на гэтай карціне быў апублікаваны ў 2014 годзе і дзякуючы яму трое фінскіх студэнтаў, якія ў Ватыкане вывучалі рукапіс Фрыдрыха ІІ, звярнулі ўвагу на нашмат ранейшыя малюнкі какаду.

Гэтыя каляровыя і даволі дакладныя малюнкі дазволяюць нават вызначыць від як жоўтачубы какаду і такім чынам вызначыць магчымае паходжанне птушкі з астравоў Інданезіі, Новай Гвінеі або поўначы Аўстраліі. 
Паводле тэксту пад адным з малюнкаў, птушку падарыў імператару султан Егіпта. Такім чынам, ужо ў Сярэднявеччы папугаі былі каштоўнымі падарункамі, бо плаванне ад Інданезіі да Каіра ў тыя часы магло заняць не менш некалькіх гадоў. 


Публікацыя пра адкрыццё з'явілася ў чэрвенскім нумары часопіса Parergon Journal (35/1 (June 2018): 35-60).

Паводле www.phys.org (тэкст і малюнак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі 


На гэтую тэму:

Распаўсюджанне каралінскага папугая адноўлена праз 100 гадоў пасля знікнення віду

Выратаваць аўстралійскіх папугаяў

Філу Коллінзу не было б сорамна за какаду

Рэкордны кошт рэкорднай кнігі