Як і калі дамовыя вераб’і сталі жыць побач з чалавекам

Дамовыя вераб’і (Passer domesticus) – адзін з дзікіх відаў птушак, які здаўна жыве разам з намі і дзякуючы нам цяпер распаўсюджаны амаль па ўсяму Свету. Аднак як даўно гэтыя птушкі “далучыліся” да людзей і што з-за гэтага змянілася ў іх фізіялогіі, вырашылі знайсці навукоўцы дзякуючы параўнанню ДНК розных папуляцый дамовага вераб’я паміж сабой і з геномам іншых відаў вераб’ёў.

 

Дамовы верабей - адзін з нямногіх відаў птушак, які ўпамінаецца ў Бібліі і ў п’есах Шэкспіра. Каб вызначыць час, калі і дзе першыя вераб’і, якія потым сталі дамовымі, сталі жыць побач з чалавекам, нарвежскія даследчыкі з Цэнтру экалагічнага і эвалюцыйнага сінтэзу ўніверсітэту Осла (CEES) (University of Oslo) разам з калегамі з Ірана і Казахстана адлавілі і ўзялі генетычны матэрыял у распаўсюджаных там дамовых вераб’ёў т.зв. туркестанскага падвіду P. d. bactrianus – дзікіх птушак, якія пазбягаюць суседства чалавека.

 

"Нашы знаходкі кажуць пра тое, што “звычайныя” дамовыя вераб’і і птушкі туркестанскага падвіду хутчэй за ўсё аддзяліліся адзін ад аднаго прыкладна 11 тысяч гадоў таму – як раз у той час, калі людзі пачалі выкарыстоўваць сельскую гаспадарку на Сярэднім Усходзе” – сказаў Марк Равінэ (Mark Ravinet), адзін з сааўтараў публікацыі.

 

"Мы таксама знайшлі, што колькасць дамовых вераб’ёў, якія сталі жыць побач з нашымі продкамі, рэзка павялічылася каля 6 тысяч гадоў таму” – гэта супадае з папярэднімі ўяўленнямі пра сувязь распаўсюджання віду ў Еўропе з распаўсюджаннем на кантыненце тагачаснай сельскай гаспадаркі.

 

Жыццё побач з чалавекам мела і зусім нечаканы эфект – дзякуючы гібрыдызацыі паміж дамовым і гішпанскім вераб’ём (P. hispaniolensis) фактычна на нашых вачах у краінах Міжземнамор’я ўтварыўся новы від – італьянскі верабей (P. italiae).

 

Акрамя гэтага, дамовыя вераб’і для паспяховага жыцця былі вымушаныя змяніць сваю асноўную дыету: даследчыкі пад час аналізу геномаў птушак з розных папуляцый знайшлі некалькі генаў, якія параўнальна нядаўна змянілі свой склад з-за моцнага ціску натуральнага адбору – гэта гены, якія вызначаюць форму дзюбы (дзюба туркестанскіх дамовых вераб’ёў больш тонкая) і магчымасці ператраўліваць вялікую колькасць крухмалу.

 

Цікава, што гены, якія адказваюць за засваенне крухмалу ў вераб’ёў вельмі падобны на аналагічныя гены ў нашага віду і ў сабак – хутчэй за ўсё ва ўсіх нас геном змяніўся з-за рэзкага павелічэння крухмалу ў ежы, якая стала даступнай з-за развіцця тагачаснай сельскай гаспадаркі.

 

Крыніца:

Mark Ravinet et al. Signatures of human-commensalism in the house sparrow genome, Proceedings of the Royal Society B: Biological Sciences (2018). DOI: 10.1098/rspb.2018.1246 

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Мікалая Вераб’я

 

 

 

На гэтую тэму:

Новы від птушак апісаны ў ... Еўропе!

Гарадзкія дамовыя вераб’і жывуць у большым стрэсе, чым сельскія

Гарадзкі шум змяншае выжывальнасць птушанят вераб’ёў

Дамовыя вераб’і напярэдадні свайго дня - World Sparrow Day

Дамовы верабей стаў Птушкай Дэлі