У лютым наступнага году мы будзем адзначаць 10-годдзе з пачатку працы нашага сайту “Птушкі штодня”. З гэтай нагоды адбудзецца абнаўленне лагатыпу і, між іншым, падарункі самым актыўным яго карыстальнікам. І першыя сярод роўных будуць нашы фатографы-анімалісты, якія рэгулярна радуюць шыкоўнымі і фантастычнымі здымкамі птушак усіх нашых наведвальнікаў. Аўтары выкарыстаных у календары здымкаў атрымаюць бясплатна па чатыры аўтарскія экзэмпляры, усе іншыя актыўныя карыстальнікі і асобы, якія значна дапамаглі сайту ў розны час – па аднаму.
Сёлета было вырашана адабраць для друку лепшыя здымкі птушак, змешчаныя ў нашай Галерэі за апошняе дзесяцігоддзе. Таму, з аднаго боку гэта было проста, а з іншага – цяжэй, чым звычайна. Бо колькасць аўтараў, дастойных трапіць на старонкі календара, значна большая за неабходныя дванаццаць. Кожны здымак, акрамя аўтарскай назвы, ужо традыцыйна суправаждае кароценькая гісторыя, з ім звязаная, а таксама дата і месца ці мясцовасць, дзе ён быў зроблены.
Шчыра дзякуем нашым фатографам, якія прадставілі для календара свае здымкі, гэта: Павел Лычкоўскі, Аляксандр Эрдман, Сяргей Казак, Сяргей Зуёнак, Уладзімір Бондар, Ала Эрдман, Юрый Емельянаў, Аляксандр Пекач, Андрэй Шэўчык, Мікалай Верабей, Андрэй Несцераў і Оксана Ралдугіна. Як і раней, макет календара памерам А3 стварыў дызайнер Дзьмітрый Гупянец з Гродна.
На жаль, сёлета акрамя падтрымкі Гродзенскага абласнога аддзялення АПБ, мы не змаглі знайсці іншых значных спонсараў. Так што дапамагчы можа кожны – калі ў Вас ёсць жаданне і магчымасць, любая сума будзе прынятая з удзячнасцю і выкарыстаная на рассылку календара, і, магчыма, на падтрымку і развіццё сайта. Звяртайцеся на эл. пошту harrier@tut.by каб даведацца як гэта можна зрабіць.
Сустрэнем 2019 год разам з птушкамі на старонках календара і ў прыродзе!
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
svetlana vranova - 05.12.2018 - 14:47
Zdaiecca vielmi-vielmi…
Zdaiecca vielmi-vielmi pryhožy! Čakaju :-)