Загадка казуараў канчаткова разгадана?

Пасля першага знаёмства еўрапейцаў з казуарамі, каб растлумачыць іх своеасаблівую будову, былі прапанаваныя розныя тэорыі. Некаторыя з іх спрабавалі растлумачыць і магчымую функцыю вялікага выраста на галаве птушак, які часам называюць “каскай”. У нядаўнім даследаванні, якое правяла каманда навукоўцаў з універсітэту ў Мельбурна (Аўстралія) на паўднёвым казуары (Casuarius casuarius), атрымалася паказаць, што гэты выраст – своеасаблівы радыятар.

Выкарыстоўваючы спецыяльныя тэрмальныя камеры, якія ўспрымаюць інфра-чырвонае выпраменьванне і па-рознаму афарбоўваюць структуры або іх участкі з рознай тэмпературай, навукоўцы прадэманстравалі, што гэты выраст на галаве дапамагае казуарам у выпадку неабходнасці хутка ахалоджвацца і падтрымліваць неабходную тэмпературу цела. Гэта жыццёва важна для вялікіх памерамі птушак у тропіках.

Дэніэль Ісцік (Danielle Eastick), галоўная аўтарка публікацыі ў часопісе Scientific Reports, сказала, што казуары сустракаюцца са значным “тэрмальным выклікам”. Большая частка іх цела пакрытая чорным пер’ем, яны жывуць у спякотным і вільготным асяроддзі на поўначы Аўстраліі і на Новай Гвінее, маюць вялікія памеры – самкі дасягаюць вышыні 2 м і вагі нават 76 кг. “Жывёлы, якія не могуць пацець, знаходзяць іншыя механізмы як эфектыўна пазбывацца непатрэбнага ім цяпла” – растлумачыла Ісцік.

тэрмальныя здымкі

Тэрмальныя здымкі выразна паказваюць, як падобны кандыцыянер ці радыятар дзейнічае. У халоднае надвор’е гарачая кроў не паступае ў выраст і застаецца ў целе. У гарачае надвор’е  ўсё адбываецца наадварот: гарачая кроў пастаянна паступае ў “каску”, там ахалоджваецца і вяртаецца ў цела:

Птушкі могуць і выкарыстоўваюць і іншыя, больш універсальныя механізмы каб эфектыўна падтрымліваць пастаянную тэмпературу цела – напрыклад, выпарэнне праз ратавую поласць. Таму часта трапічныя птушкі маюць выразна большыя дзюбы, чым іх крэўныя з умераных шырот.

Лятаючыя віды птушак таксама могуць ахалоджвацца пад час палёту, аднак казуарам, якія не могуць лятаць, гэта б не дапамагло. Утвораны з кераціна тонкі выраст на галаве мае спецыяльную сістэму крывяносных сасудаў, дзякуючы якім і адбываецца хуткая тэрмарэгуляцыя.

Падобныя структуры мелі некаторыя выкапневыя віды дыназаўраў, таму навукоўцы лічаць, што яны маглі мець падобную фунцыю – тым больш ужо вядома, што як мінімум некаторыя віды дыназаўраў былі гамеотэрмнымі (з пастаяннай высокай тэмпературай цела) і былі пакрыты пер’ем, якое дапамагала гэтую высокую тэмпературу цела падтрымліваць.

Зразумела, што знойдзеная функцыя выраста на галаве казуараў можа “працаваць” адначасова з іншымі, якія прапаноўваліся навукоўцамі раней.

Паводле www.smh.com.au (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Вялікія дзюбы дапамагаюць птушкам у тэрмарэгуляцыі

Адкрыта тайна вялікіх дзюбаў туканаў

Дробныя птушкі амаль пераграваюцца пад час выкармлівання патомства