Як аказалася, далёка не ўсё з уласнага досведу мае той самы сэнс у іншых месцах. І не толькі назвы не супадаюць з нашымі ўяўленнямі пра іх, але могуць і прыемна здзіўляць. Так атрымалася з нашай паездкай на IV Мазурскую міжнародную арніталагічную канферэнцыю, якая проста выдатна і на высокім узроўні была арганізаваная і праведзеная 6 красавіка на базе камунальнага прадпрыемства па ўтылізацыі адыходаў (ZUOK) каля мясцовасці Спыткова ў Польшчы.
Калі Ірына Самусенка задоўга да дня пачатку канферэнцыі пачала запрашаць мяне і Юрыя Лукашэнку паўдзельнічаць у ёй усім разам, я і не думаў наколькі цікавай і насычанай прыемнымі ўражаннямі можа атрымацца нашая паездка на Мазуры. Я асабліва не ўчытваўся ў дасланую мне праграму, але з размоваў з Ірынай ведаў, што арганізуюць сустрэчу рэгіянальных арнітолагаў і бёрдуотчараў цікавая каманда энтузіястаў, якая пасля яе "пакажа нам мясцовую звалку смецця".
Калі ж мы зранку палявымі дарогамі пад'ехалі да месца правядзення сустрэчы на сапраўдны палігон адыходаў і сталі на стаянку побач з дзесяткамі іншых легкавікоў, у ва мне закраліся моцныя падазрэнні, што я добра разумею дзе мы і што тут будзе адбывацца. Але я прыемна памыліўся: у офісным будынку нас ужо чакалі і пасля рэгістрацыі і атрымання палатняных торбаў з кубкам на памяць і матэрыяламі ўдзельніка, за кавай і гарбатай мы пачалі разглядаць прыгожыя здымкі птушак вялікага фармату - як аказалася, фіналістаў рэгіянальнага фотаконкурса, якіх потым пад час канферэнцыі ўрачыста ўзнагародзілі.
Мы з радасцю пазнаёміліся з Кшыштафам Паўлюкойцам - галоўным арганізатарам і намеснікам дырэктара ZUOK, але часу доўга размаўляць ужо не было, бо невялікая, але ўтульная заля хутка напаўнялася ўдзельнікамі і ўдзельніцамі канферэнцыі рознага ўзросту.
Кшыштаф адразу задаў нейкі неверагодны і высокі ўзровень, пасля прывітальных словаў распавёўшы смешныя і не вельмі гісторыі з уласных сустрэч з птушкамі. Часам гумар ў гісторыях быў чорны, але самаіронія і прадуманасць прыкладаў, дакладнасць фармулёвак спадабаліся адразу з назвы: "Дэкалаг аматара птушак сярэдняй якасці ў сярэднім узросце".
Некаторыя "запаведзі" тычыліся, ў асноўным, птушак, а некаторыя праз птушак раскрывалі важнасць сяброўства і добрых сямейных адносін. Вось прыклад адной з іх :
"Лепш слабы здымак з гісторыяй, чым прыгожы без сэнсу".
Варта дадаць, што хаця запланаваных і запрошаных выступоўцаў было няшмат, гэта кампенсавалася іх выдатнай падрыхтоўкай і часам, які адводзіўся кожнаму з іх - 45 хвілін на выступ!
Яшчэ адна прыемная нечаканасць, якіх аказалася шмат - Кшыштаф не толькі падрыхтаваў буклет пра кожнага з запрошаных дакладчыкаў з фота і кароткм спісам іх асноўных дасягненняў, назвай прэзентацыі і яе асноўным зместам, але і ў адначасова ўрачыстай, але іранічнай манеры, прадстаўляў усіх гасцей перад пачаткам іх прэзентацый. Здавалася б, без іроніі адносіцца да пераліку тытулаў ці пасад цяжка, калі яны чарадуюцца з жартамі, але ўсё атрымалася хаця і праз смех, але з падзівам і павагай да тых, хто прыехаў выступіць у Спыткова. Дакладна падабраныя словы і нават інтанацыі падкрэслівалі значнасць гасцей і іх даробку.
Нечакана з задніх радоў наперад выйшлі дзеткі са сваёй настаўніцай - кіраўнічкай даследчага гуртка і кожны, з пацверджаннем расказаных кароткіх фактаў на слайдах, прадставіў асноўныя вынікі назіранняў за птушкамі на і навокал звалкі: колькі і якія віды былі самымі цікавымі, што гурток плануе рабіць далей:
Наступным распавёў пра шматгадовы досвед адлову і кальцавання птушак на зімовых сталоўках у Ольштыне Дарыюш Гурэцкі. Апошнія некалькі гадоў штодва тыдні ў некалькіх месцах па ўсёй Польшчы праводзяцца кальцаванне птушак, якія прыляцелі або засталіся на зіму побач з намі. Пра гісторыю і рэалізацыю гэтай ідэі і самыя цікавыя вынікі і расказаў дакладчык.
Аказалася, напрыклад, што ў зімовых папуляцыях відаў, якіх найчасцей адлаўліваюць каля сталовак - вялікай сініцы (дыяграма зверху на слайдзе_ і сіняй сініцы (на слайдзе ніжэй), значную большасць складаюць маладыя птушкі першага году жыцця:
Але вялікая смяротнасць менавіта сярод маладых птушак, а таксама дарослых самак (якія трацяць значныя рэсурсы на фармаванне параўнальна вялікай колькасці яек і потым гадаванне патомства) прыводзіць да таго, што зімой дарослыя самкі амаль не сустракаюцца ў адловах, і, хутчэй за ўсё, у папуляцыях!
Чырвоная частка слупкоў - доля менавіта дарослых самак у адловах, жоўтае - доля маладых самак, зялёнае - доля маладых самцоў і сіняе - дарослых самцоў.
Аляксандра Шурлей-Кіеланьска, арнітолаг і ўладальніца ўласнай кансультацыйнай фірмы, якая займаецца менавіта вырашэннем праблем з новабудоўлямі і правядзеннем арніталагічных экспертыз, падрабязна на замежным і посльскім досведзе паказала і расказала пра праблемы са "старай" і новай архітэктурай, якія чакаюць птушак, а таксама магчымыя рашэнні
Гэта ацэнкі штогадовай смяротнасці дзікіх птушак ад розных антрапагенных фактараў у ЗША.
А гэта - новы архітэктурны стыль - т.зв. нябачныя будынкі, якія ўсё актыўней будуюцца на захад ад Беларусі:
Дзякуючы сумнаму досведу, сабранаму з-за вялікай смяротнасці птушак "дзякуючы" сутыкненняў з празрыстымі і люстранымі пакрыццямі нашых пабудоў, выпрацаваныя і адпаведныя парады, якія дапамагаюць зменшыць яе або зусім пазбягаць:
Ірына Самусенка, кіраўнічка лабараторыі арніталогіі НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі падрабязна распавяла пра свае вынікі даследавання птушак на звалках вакол Мінска:
Нечаканыя ілюстрацыі і сытуацыі, а таксама зробленыя там адкрыцці былі дарэчы ў месцы правядзення канферэнцыі. А на слайдзе бачна, як павялічыўся аб'ём смецця з Мінска за 5 гадоў:
Прывезены абед і кава-паўзы далі магчымасць не толькі падкрапіцца, але і паразмаўляць у нефармальнай абстаноўцы "у кулуарах". Але ніхто, пэўна, не здагадваўся, што пасля абеду нас чакае без перабольшвання, выступ мега-зоркі, пра якую ніхто не ведаў. І ім стаў Марцін Костржыньскі - тэлевядоўца, аператар, рэжысёр і Натураліст. Ён паказаў і так пракаментаваў свае кароткія фільмікі, большасць якіх была знята з дапамогай хітра прадуманых схаваных камер, што нават пасля 45 хвіліннага выступу, практычна ўсе прысутныя гучна прасілі паказваць яшчэ і яшчэ. Сапраўды, такога ўзроўню відэа з дзікай прыроды сустрэнеш нават не ва ўсіх фільмах ВВС:
Канешне, жывы і беспасрэдны каментар аўтара і яго значнасць на ўспрыняццё відэа ніхто не адмяняў, але проста каб атрымаць уражанне ад таго, што і як робіць гэты чалавек, паглядзіце вось гэта і абавязкова падпішыцеся на канал Marcin z lasu - не пашкадуеце!
Пасля такога феерычнага выступу апошні госць канферэнцыі, прафесар Пётр Трыяноўскі з Познані, прызнаў, што яму прыйдзецца цяжка, каб хаця б утрымаць паднятую Марцінам планку. Але шмат цікавых фактаў пра сучасны стан , поспехі і праблемы руху назіранняў птушак у розных краінах стаў зацікаўленым поглядам і падвядзеннем рысы афіцыйнай часткі канферэнцыі. Падораныя Пятром яго кнігі "Разум з птушкамі адлятае" і "Віно і птушкі", вельмі цёпла прынятыя чытачамі ў Польшчы, магчыма з'явяцца ў перакладзе на беларускую і для нашых бёрдуотчараў.
Канферэнцыя скончылася і прыйшоў час паназіраць за птушкамі на звалцы - тым больш, мясцовыя буслы пачалі будаваць гнёзды недалёка ад уваходу ў офісны будынак і адна з параў сядзела на яйках (?), зусім не звяртаючы ўвагу на людзей: :
Аднак агулам птушак на звалцы было няшмат, бо і падвозу свежага смецця ў суботу не было:
На наступны дзень мы змаглі навярстаць недахоп відаў і папоўнілі свае гадавыя спісы першым чорным каршуном і малым арляцом, а колькасць шэрых жураўлёў і гусёй навокал прыемна ўражвала. Але гэта ўжо іншая гісторыя...
Шчыра дзякуем Кшыштафу Паўлюкойцю і ўсім арганзатарам за магчымасць удзелу ў такой незвычайнай канферэнцыі!
Дзьмітры Вінчэўскі,
здымкі аўтара
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ