Упершыню для птушак знойдзены доказы т.зв. паўторнай эвалюцыі

Альдабрайскі пастушок (Dryolimnas cuvieri aldabranus)  - эндэмічны для атола Альдабра на Сейшэлах, застаецца апошняй нелятаючай птушкай, якая выжыла ў Індыйскім акіяне. Пад час верхняга плейстацэну на гэтым атоле мінімум аднойчы адбылося знікненне ўсёй наземнай фауны з-за падняцца ўзроўню акіяну. Каманда брытанскіх даследчыкаў знайшла ў двух месцах на атоле скамянелыя парэшткі нелятаючых пастушкоў узростам да і пасля затаплення атолу і атрымліваецца, што пастушкі змаглі каланізаваць гэты невялікі кавалак сушы і стаць нелятаючымі незалежна двойчы!

Паміж двума выпадкамі незалежнай каланізацыі атола – некалькі дзесяткаў тысяч гадоў, аднак пастушкі не толькі ў абодвух выпадках страцілі здольнасць да палёту, але і ў выніку эвалюцыі таго ж прэдкавага віду ўтварылі падобныя марфалагічныя структуры. Апошняя спроба каланізацыі аказалася паспяховай да нашых дзён і альдабрайскі патушок і цяпер жыве на атоле. Гэта першы даказаны выпадак т.зв. паўторнай эвалюцыі (iterative evolution) у птушак. Гэты тэрмін выкарыстоўваецца, калі ў розны час ад аднаго продка ўтвараюцца вельмі падобныя формы.

Белагорлы пастушок – эндэмік Мадагаскара, вядомы сваімі шматлікімі спробамі каланізацыі іншых астравоў у Індыйскім акіяне. Некаторыя з гэтых спробаў аказаліся паспяховымі – напрыклад, на Маўрыкіі, на Реюньёне ці на атоле Альдабра, які ўтварыўся прыкладна 400 тысяч гадоў таму.

З-за адсутнасці драпежнікаў, пастушкі паступова страцілі здольнасць да палёту. Аднак гэта стала фатальным для нелятаючых птушак і не толькі для іх, бо прыкладна 136 тысяч гадоў таму атол апынуўся на працяглы час пад вадой з-за падвышэння ўзроўня акіану і ўся тагачасная наземная флора і фауна там зніклі.

косткі

Параўнанне костак крыла лятаючага і нелятаючага прадстаўніка пастушкоў з роду Dryolimnas.

Навукоўцы з універсітэту Портсмауфа (University of Portsmouth) і Музея прыроды ў Трынгу  (Вялікабрытанія) параўналі знойдзеныя імі скамянелыя косткі ад абодвух пастушкоў – з часу да затаплення атолу і пасля яго і аказалася, што косткі крыла і таранныя косткі ступні маюць вельмі падобныя змены ў форме і будове і сведчаць у абодвух выпадках пра страту птушкамі здольнасці да палёту. Гэта значыць, што мадагаскарскія пастушкі змаглі як мінімум двойчы паспяхова даляцець і каланізаваць Альдабру праз прамежак у некалькі дзесяткаў тысяч гадоў.

Д-р Джуліан Х’юм (Dr. Julian Hume), галоўны аўтар публікацыі і палеантолаг з Музею прыроды Трынга, сказаў: "Гэтыя ўнікальныя скамянеласці без сумненняў кажуць нам пра тое, што пастушкі, хутчэй за ўсё з Мадагаскару, незалежным чынам каланізавалі атол і потым двойчы сталі нелятаючымі."

Крыніца:

Julian P Hume et al 2019 Repeated evolution of flightlessness in Dryolimnas rails (Aves: Rallidae) after extinction and recolonization on Aldabra, Zoological Journal of the Linnean Society DOI: 10.1093/zoolinnean/zlz018

Паводле www.phys.org (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

У Новай Зеландыі апісаны два новыя вымерлыя віды нелятаючых пастушкоў

Пастушок з вострава Inaccessible зменіць сваю назву

Амаль нелятаючы чорны лебедзь некалі жыў у Новай Зеландыі