Садовая стрынатка можа стаць чарговай ахвярай кулінараў

Як цяжка змяніць адносіны людзей да навакольнай прыроды, і, ў прыватнасці, да дзікіх птушак і чым гэта можа пагражаць апошнім, расказвае нядаўняе навуковае даследаванне. Яго падрыхтавала каманда французскіх навукоўцаў і тычылася яно шанцаў на знікненне садовай стрынаткі (Emberiza hortulana) пры сучасных маштабах нелегальных паляванняў на гэты від у Францыі.

Штогод каля 300 тысяч садовых стрынатак мігрыруюць увосень праз паўднёва-усходнюю Францыю і многія з іх трапляюць у пасткі браканьераў, якія ловяць і забіваюць птушак дзеля працягвання старых кулінарных традыцый.  

Справа ў тым, што французскія кухары т.зв. высокай кухні дагэтуль лічаць, што цалкам прыгатаваныя садовыя стрынаткі (з косткамі, унутранасцямі і нават часткай пер’яў на галаве – каб захаваць усе магчымыя смакі і пахі) павінны захавацца ў французскай кухні і надалей.

Адзін з пасляваенных прэзідэнтаў Францыі, Франсуа Мітэран, быў адным з тых, хто падтрымліваў гэтыя звычаі да сваёй смерці ў 1999 годзе. Пасля гэтага садовая стрынатка трапіла ў спіс ахоўваемых відаў, аднак нелегальнае паляванне працягвалася.

Паводле апошняга даследавання еўрапейскіх экспертаў, гэтыя нелегальныя паляванні прывялі да значнага змяншэння колькасці віду, якое адбываецца таксама з-за знікнення асноўных месцапражыванняў і іншых фактараў.

"Калі маштабы паляванняў не зменшацца, гэта паступова прывядзе да знікнення віду” – сказаў праф. Фрэдэрык Жыко (Frederic Jiguet) з Французскага нацыянальнага музею натуральнай гісторыі, галоўны аўтар публікацыі пра мадэляванне магчымага знікнення стрынатак.

Жыко з камандай ужо раней, у 2016-м годзе, правёў даследаванне, якое было замоўлена урадам Францыі для таго, каб атрымаць навуковыя аргументы для барацьбы з паляўнічымі. Паводле атрыманых тады дадзеных, колькасць мігрыруючых праз Францыю спяваючых вераб’іных птушак паміж 2000 і 2014-м гадамі зменшылася на 20-30%.

У гэтай рабоце арнітолагі пайшлі далей і вылічылі рызыку знікнення садовых стрынатак паводле розных сцэнарыяў. Самы аптымістычны сцэнар прадугледжвае знікненне 66% колькасці стрынатак за наступнае стагоддзе, калі колькасць птушак, якіх адлаўліваюць для спажывання, зменшыцца ў Францыі да 15 тысяч штогод. Сённяшнія ацэнкі колькасці здабываемых стрынатак кажуць нават пра 30 тысяч птушак штовосень. Калі ж маштабы палявання не змяніць, стрынаткі могуць знікнуць цалкам і нашмат хутчэй.

"Зразумела, што “знікненне” з папуляцыі 30 тысяч стрынатак штогод толькі ў Францыі прыносіць істотную і непапраўную шкоду віду” – сказаў Жыко.

Крыніца:

Frédéric Jiguet et al. Unravelling migration connectivity reveals unsustainable hunting of the declining ortolan bunting, Science Advances (2019). DOI: 10.1126/sciadv.aau2642

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Юрыя Квача

 

На гэтую тэму:

Як французскія гурманы з’ядаюць нашых рэдкіх птушак + VIDEO

Катастрафічнае змяншэнне колькасці многіх відаў птушак адзначана ў Францыі

Кожны 5 від птушак у Еўропе рэдкі або пад пагрозай знікнення: сярод іх нырок-сівак і нават лыска!

Кітайцы з'елі амаль усіх стрынатак-дуброўнікаў

У НАГАЛЭНДЗЕ БОЛЬШ НЕ ЗАБІВАЮЦЬ АМУРСКІХ СОКАЛАЎ-ШУЛЁНКАЎ

Стрынатка-дуброўнік можа знікнуць таксама, як вандроўны голуб

Забойства птушак на Кіпры перарасло ў сапраўдны крызіс