Апісаны дагэтуль невядомы механізм пошуку ежы ў кулікоў

Вялікая каманда з розных даследчых устаноў Нідэрландаў і ЗША дзякуючы выдатна прадуманай серыі досьледаў змагла зразумець і нарэшце растлумачыць механізмы таго, як многія кулікі знаходзяць ежу нават калі не могуць ні бачыць яе, ні адчуваць яе пах. Вельмі магчыма, што падобныя механізмы выкарыстоўваюць і іншыя віды птушак.

Безхрыбетныя, якія жывуць і хаваюцца ў глебе або мяккіх асадавых пародах, усё роўна застаюцца пад пагрозай таго, што іх знойдуць і зловяць наземныя драпежнікі. Многія дразды для гэтай мэты карыстаюцца слыхам і паспяхова знаходяць і выцягваюць з глебы дажджавых чарвякоў. Даўгадзюбыя кулікі – напрыклад, крыўкі, знаходзяць малюскаў, якія застаюцца пад час адліваў у муле, з дапамогай дотыку. Дагэтуль лічылася, што невялікія памерамі і з параўнальна кароткімі дзюбамі кулікі з роду Calidris знаходзяць з дапамогай адчування вібрацый тых безхрыбетных у муле, якія там рухаюцца.

Аднак ісландзкія пясочнікі (C. сanutus) – іншы выпадак. Хаця пад час гнездавання ў тундры яны харчуюцца рухомымі безхрыбетнымі, аднак толькі тымі, якія жывуць на паверхні глебы і якіх можна ўбачыць. Аднак па-за сезонам размнажэння гэтыя кулічкі праводзяць час у прыбрэжнай зоне марэй і акіянаў і харчуюцца амаль толькі малюскамі і маларухомымі ракападобнымі. Там падобная здабыча можа вымывацца вадой на паверхню, але ўсё ж большасць яе кулікі шукаюць і знаходзяць пад паверхняй мулу. Паводле свайго ладу жыцця, большасць падобных відаў малюскаў вельмі маларухомыя і таму наўрацці могуць утвараць шмат вібрацый ад сваіх рухаў.

Раней ужо было даказана, што ісландзкія пясочнікі знаходзяць малюскаў у муле на глыбіні да 3 см у 7-8 разоў часцей, чым прадказвала мадэль выпадковага пошуку і выпадковага дотыку. Гэта б сведчыла на карысць таго, што кулічкі выкарыстоўвываюць нейкія сэнсарныя здольнасці, пра якія мы можам толькі здагадвацца.

разрэзы дзюбы

Марфалогія сенсарнай сістэмы дзюбы ісландзкага пясочніка: (a) Здымак костнай часткі франтальнай паловы над- і паддзюб’я. (b) Здымак пад электронным мікраскопам паверхні  костнай часткі наддзюб’я на якім добра бачна вялікая колькасць адчувальных кропак. (c) Парасагітальны разрэз праз канец паддзюб’я (х 100), на якім бачна прадаўгаватыя кластэры з цыбулькападобнымі цяльцамі Гербста, якія знаходзяцца ў асіметрычных поласцях костнай тканкі.  (d) Дэталёвы сагітальны разрэз праз самы кончык паддзюб’я, зроблены бліжэй каля медыяны, чым  на здымку (c) (х 200), які паказвае 2 паралельныя глыбокія каналы ў цёмнай костцы. Гэтыя каналы замяняюць больш плыткія сенсарныя зоны, якія цягнуцца далей уздоўж дзюбы і паказаны на здымках (b) і (c). Здымкі з www.ncbi.nlm.nih.gov

Каб знайсці адказ на гэтую загадку, навукоўцы не толькі дэталёва вывучылі будову дзюбы пясочнікаў пад звычайным і электронным мікраскопамі, але і прыдумалі і правялі шэраг доследаў на 4 птушках, якіх адлавілі ў прыродзе і два гады ўтрымлівалі ў вальерах.

Каб праверыць здольнасці пясочнікаў, ім прапаноўвываліся асобна вёдры з мокрым пяском, з мокрым пяском і малюскамі і з каменьчыкамі ў мокрым пяску, а таксама з тым жа наборам у сухім пяску. Гэта дазволіла выключыць са спісу магчымых для выкарыстання механізмаў зрок, слых, пах, смак, успрыняццё вібрацый ад здабычы, успрыняццё тэмпературнага градыенту і электрамагнітных палёў.  

Кулікі не маглі харчавацца ў сухім пяску – гэта дапамагло зразумець, што для вызначэння ядомых аб’ектаў ім патрэбная вада. Зыходзячы з вялікай колькасці т.зв. цялец Гербста (Herbst corpuscles) – сенсорных органаў, якія ўспрымаюць розніцу ў ціску ў залежнасці ад структуры аб’ектаў, а таксама з тэхнікі харчавання кулічкоў і асноўных характарыстык мулу, у якім яны харчуюцца, даследчыкі змаглі зрабіць наступныя высновы. Сенсарны механізм пясочнікаў выкарыстоўвае успрыняццё розніцы ў ціску (градыента ціскаў), які ўтвараецца ў порах у дзюбе ў той момант, калі нежывыя аб’екты блакуюць праток вады там. Падобны механізм не быў апісаны дагэтуль ні для птушак, ні для іншых жывёл.

Кулічкі ўвесь час прапускаюць мокры мул праз дзюбу і такім чынам знаходзяць у ім адпаведныя памерамі цвёрдыя аб’екты, якія потым і правяраюць на ядальнасць, патрасваючы змесцівам дзюбы.

Крыніца:

Theunis Piersma et al. (2019) A new pressure sensory mechanism for prey detection in birds: the use of principles of seabed dynamics? Proc Biol Sci. 1998 Aug 7; 265(1404): 1377–1383. doi: 10.1098/rspb.1998.0445

 

Паводле www.ncbi.nlm.nih.gov падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак - Hanna Pomorska

 

 

На гэтую тэму:

Чаму арктычныя кулікі апынуліся ў рэальных клопатах з-за пацяплення клімата

Пра куліка, які харчуецца … нектарам