Толькі сёлета, пасля зносу апошніх будынкаў, фактычна скончыцца праект па поўным аднаўленні калоніі малых пінгвінаў (Eudyptula minor) на месцы вялікага жылога комплексу на востраве Філіпа (Phillip Island) ў берагоў Аўстраліі. Праект па выкупе дзяржавай і знішчэнні амаль 200 прыватных жылых дамоў з прыбудовамі, які пачаўся ў 1985 годзе, застаецца ўнікальным як па маштабах, так і поспеху вяртання дзікіх птушак на свае былыя месцы гнездавання.
Востраў Філіпа знаходзіцца ў 140 км на паўднёвы усход ад Мельбурна і знакаміты, найперш, адной з самых вялікіх у Свеце калоніяй самага невялікага памерамі віда пінгвінаў. Штовечар у гнездавы сезон пасля заходу сонца тысячы птушак, якія амаль сягаюць паўметра ў вышыню, прыплываюць сюды і спяшаюцца ў свае норы, каб інкубаваць кладку або карміць птушанят. Зразумела, што гэта прыцягвае сотні тысяч турыстаў, якія застаўляюць у мясцовым бюджэце амаль 500 мільёнаў аўстралійскіх даляраў штогод! Гэтая з’ява нават атрымала адмысловую назву – Парад пінгвінаў на пляжы Самерлэнд (Penguin Parade on Summerland Beach).
Аднак – як гэта часта бывае – людзі не змаглі доўга жыць на востраве так, каб не перашкаджаць іншым мясцовым жыхарам.
Пачатак і развіццё канфлікту
У 1920-я раўнінная частка вострава была падзелена на 900 участкаў пад будаўніцтва жылога комплексу Summerland Estate. Прыкладна праз 20 гадоў многія сем’і з Мельбурна пабудавалі тут сабе летнія домікі–дачы.
Да пачатку 1980-х комплекс будынкаў значна вырас у колькасці і памерах пабудоў – амаль 180 дамоў з гаспадарчымі прыбудовамі займалі значную плошчу і яўна перашкаджалі папярэднім паўнапраўным уладальнікам вострава – малым пінгвінам.
Мясцовая група навукоўцаў, якая займалася вывучэннем жыцця ў калоніі пінгвінаў, пачала біць трэвогу – колькасць пінгвінаў заўважна змяншалася.
Д-р Пітэр Дэнн (Dr Peter Dann), тагачасны навуковы дырэктар Phillip Island Nature Parks, атрымаў заданне выявіць прычыны рэзкага змяншэння папуляцыі малых пінгвінаў на востраве.
"Вакол калоніі мы знаходзілі мноства мёртвых пінгвінаў. Многія з іх былі забітыя лісамі ці сабакамі, аднак многія былі збітыя аўтамабілямі – калі перабягалі шматлікія дарогі да сваіх нораў унутры жылога комплексу” – сказаў д-р Дэнн.
Пасля гэтага сярод навукоўцаў пачаліся дыскусіі аб сапраўдных прычынах вялікай смяротнасці пінгвінаў тут: адны казалі пра значнае адмоўнае ўздзеянне турыстаў, іншыя - пра павелічэнне колькасці забудаваных участкаў і дарог да іх у комплексе Summerland Estate, які знаходзіўся ў цэнтры гнездавой калоніі і ўвесь час рос. Аднак усе пагаджаліся, што рашэнне праблемы пінгвінаў і захавання мясцовай прыроды не будзе лёгкім калі нават будзе знойдзена.
Беспрэцендзентнае рашэнне
Нечакана, пасля абмеркаванняў і лоббінгу на ўзроўні урада, у ліпені 1985 г. прэм’ер-міністр Аўстраліі Джон Кэін (John Cain) абвесціў рашэнне: дзяржава выкупіць участкі і пабудаваную на іх маёмасць, якая знаходзіцца пасярод калоніі малых пінгвінаў, каб вярнуць гэтыя месцы прыродзе і птушкам.
Без актыўнай падтрымкі прыродаахоўных арганізацый, турыстычных фірмаў і некаторых мясцовых жыхароў нешта падобнае было б немагчыма. Зразумела, што міністр навакольнага асяроддзя Джоан Кірнэр (Joan Kirner) стала адной з тых, хто актыўна падтрымаў і дапамагаў у рэалізацыі амбітнай ідэі па вяртанні часткі вострава прыродзе.
"Мы, як карыстальнікі зямлі і адказныя людзі, павінны бачыць доўгатэрміновыя наступствы, а не толькі нядаўняе мінулае ці бліжэйшую будучыню” – сказаў тады м-р Кэйн.
"Я думаю, што гэта першае падобнае рашэнне ў Свеце – мы не ведаем іншых прыкладаў, каб усё паселішча было выкуплена для аховы прыроды. Гэта вельмі незвычайная сытуацыя, аднак без сумненняў, пінгвіны апынуліся ў выйгрышы” – сказаў д-р Дэнн.
Урад выдзяліў на выкуп маёмасці ў Summerland Estate 10,5 мільёнаў даляраў на наступныя 15 гадоў. Выкупленыя будынкі паступова знішчаліся. Аднак заяўленыя тэрміны пастаянна перасоўваліся і, фактычна, апошнія выплаты былі зроблены былым уладальнікам толькі ў 2010 годзе, а апошнія будынкі ў былым жылым комплексе будуць разбураныя сёлета.
Перамога пінгвінаў і розуму
"Амаль адразу мы адзначылі памяншэнне смяротнасці сярод пінгвінаў пасля таго, як сабакі аказаліся на смычы, а рух на дарогах зменшыўся” – сказаў д-р Дэнн.
І цяпер, пасля амаль 40 год пасля рашэння на карысць прыроды, д-р Дэнн упэўнены, што ўсё было зроблена правільна і своечасова. У якасці доказу ён прыводзіць наступныя лічбы: у 1984 годзе, перад прыняццём рашэння пра знішчэнне і рэкультывацыю зямлі пад паселішчам, колькасць малых пінгвінаў там ацэньвалася ў 12-14 тысяч асобін і працягвала змяншацца. Апошнія дзесяцігоддзі колькасць гняздуючых птушак стабільная і трымаецца каля 36 тысяч асобін.
Зразумела, што пасля стварэння на месцы калоніі ахоўваемай прыроднай тэрыторыі, з яе скарысталі і іншыя мясцовыя віды птушак і звяроў. Ну і таксама турысты.
Паводле www.abc.net.au (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Самая вялікая ў Свеце калонія каралеўскіх пінгвінаў зменшылася на 90%!
Прафесійныя снайперы будуць ахоўваць пінгвінаў
Аўстралійцы нарэшце ачысцяць краіну ад інтрадукаваных звяроў?
Ківі вярнуцца ў сталіцу Новай Зеландыі ўпершыню за апошнія сто гадоў
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ