Ніхто з нас, арганізатараў чарговай, ужо трэцяй он-лайн трансляцыі з птушынай сталоўкі на ўскрайку Белавежскай пушчы не планаваў, што роўна праз месяц пасля яе пачатку мы ўбачым такія круглыя лічбы-дасягненні: першыя 2000 наведвальнікаў-гледачоў з 30 краін з усіх кантынентаў, акрамя Паўднёвай Амерыкі і першыя 10 відаў птушак.
Параўнальна цёплая і бясснежная зіма і новае месца распалажэння сталоўкі на беразе ракі Лясная на самым пачатку не спрыяла яе масаваму і частаму выкарыстанню птушкамі. Але дзякуючы цікавым ідэям Вадзіма Пракапчука, гаспадара экасядзібы ў в.Вугляны, а таксама рэалізацыі Аляксандрам Мінічам складаных тэхнічных рашэнняў, якіх патрабавала гэтая трансляцыя, паступова павялічвалася і колькасць відаў на сталоўцы, і колькасць птушак. Вадзім і Аляксандр - актывісты АПБ з Брэста. Паступова расце і колькасць гледачоў, якім цікавае зімовае жыццё нашых птушак:
Размяшчэнне нашых гледачоў па розных краінах Свету на 01-01-2020. Звярніце ўвагу на цікавасць да нашых птушак з ЗША і Паўднёвай Афрыкі.
Дзякуючы гэтаму можна ўбачыць вельмі цікавыя паводзіны і ўзаемадачыненні паміж рознымі відамі, і паміж прадстаўнікамі таго ж віду. Сутычкі за ежу і не толькі можна назіраць он-лайн, каментаваць іх з размяшчэннем сваіх скрыншотаў, а таксама пазней праглядаць як своеасаблівыя ‘вынікі дня’ ў нашых каментарах пад вакном трансляцыі:
Бой зелянушкі з сініцамі:
Вялікі дзяцел + шмат вялікіх сініц, якія яго не баяцца:
Вялікая сініца-рамантык:
Калі ж пачнецца сапраўдная зіма, са снегам і марозамі, арганізатары трансляцыі маюць цікавыя ідэі для таго, каб Вы, нашы гледачы, маглі ўбачыць зімовае жыццё і іншых відаў птушак, а магчыма і не толькі іх.
Падтрымаць наш праект фінансава можна ТУТ. Наперадзе яшчэ два месяцы каляндарнай зімы – а значыць і два месяцы трансляцыі з птушынай сталоўкі на ўскрайку Белавежскай пушчы.
Шчыра дзякуем за падтрымку Андрэя Абрамчука, Юрку Бакура і ўсіх іншых данатараў.
Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ