У апошнія дэкады ў многіх еўрапейскіх гарадах адбываюцца працэсы рэўрбанізацыі і хуткага павелічэння іх тэрыторый. Аднак эфект гэтых працэсаў на састаў і захаванне гарадзкой фауны застаецца малавывучаным. Адным з такіх працэсаў з’яўляецца рэканструкцыя гарадзкіх паркаў, пад час якога адбываецца замена полупрыродных субстратаў (газонаў, грунтовых дарожак) на штучныя (бетонную плітку, штучныя газоны).
Каманда гішпанскіх навукоўцаў вырашыла праверыць як падобныя замены ўздзейнічаюць на адзін з самых звычайных і сінантропных відаў птушак – дамовага вераб’я (Passer domesticus), які параўнальна даўно распаўсюдзіўся па многіх кантынентах менавіта дзякуючы чалавеку. Дзякуючы папярэднім даследаванням, вядома пра розныя праблемы з размнажэннем і выжывальнасцю дарослых і птушанят дамовых вераб’ёў і ўвогуле вераб’іных птушак у гарадах.
Арнітолагі вызначалі індэкс распаўсюджанасці дамовых вераб’ёў у 32 гарадзкіх парках у 4 гарадах вакол Севільі (Гішпанія) на працягу чатырох гнездавых сезонаў у 2015-18 гг. Пад час назіранняў у 10 парках з тых, у якіх рабілі ўлікі, адбыліся рэканструкцыі. Да таго, як яны адбыліся, індэксы распаўсюджанасці вераб’ёў ва ўсіх парках былі падобнымі і, у сярэднім, стабільнымі без яўных трэндаў зменаў.
Аднак пасля рэканструкцый ў гэтых парках распаўсюджанасць вераб’ёў значна зменшылася, тады як ў іншых парках засталася без зменаў. Навукоўцы лічаць, што рэканструкцыі прывялі не толькі да змяншэння колькасці даступных для віда месцаў гнездавання, але і харчовых рэсурсаў. Хутчэй за ўсё ад гэтага пацярпелі і іншыя віды птушак.
Крыніца:
Bernat-Ponce, E., Gil-Delgado, J.A. & López-Iborra, G.M. 2020 Replacement of semi-natural cover with artificial substrates in urban parks causes a decline of house sparrows Passer domesticus in Mediterranean towns. Urban Ecosyst . Published 14 February 2020 https://doi.org/10.1007/s11252-020-00940-4
Паодле www.link.springer.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак яго ж
На гэтую тэму:
У значна мадэрнізаваных вёсках знаходзіць месцы для гнездавання на палову менш птушак
Як жыццё ў горадзе ўздзейнічае на мікрабіёту і выжыванне вераб’ёў
Як і калі дамовыя вераб’і сталі жыць побач з чалавекам
Гарадзкі шум змяншае выжывальнасць птушанят вераб’ёў
Наш шум сур’ёзна перашкаджае птушкам чуць адна адну
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ