Як частка праекту Life пад назвай “Выратуйма казарак” (The Save Branta project), міжнародная група экспертаў размясціла чарговую партыю спадарожнікавых перадатчыкаў на чырвонаваллёвых казарках (Branta ruficollis) на месцы іх зімоўкі ў Балгарыі. Адбылося гэта перад самым пачаткам міграцыі птушак на месцы гнездавання ў расійскую тундру.
Папярэдні адлоў і размяшчэнне спадарожнікавых перадатчыкаў на казарках адбыўся мінулагодняй вясной пад час іх пралёту ў паўночным Казахстане.
У сярэдзіне лютага вакол возера Дуранкулак (Балгарыя), якое знаходзіцца каля ўзбярэжжа Чорнага мора і недалёка ад мяжы з Румыніяй, заставаліся калі 600 чырвонаваллёвых казарак і каля тысячы белалобых гусей. Дзякуючы выкарыстанню адмысловых гармат, якія выстрэльваюць сеткі, атрымалася адлавіць 42 казаркі, з якіх 9 самцоў атрымалі спадарожнікавыя перадатчыкі.
Паводле ўжо атрыманай ад гэтых птушак з перадатчыкамі інфармацыі, казаркі праляцелі на паўночны ўсход чарнаморскае ўзбярэжжа Румыніі, Малдавіі, Украіны (у тым ліку Крым) і 15 сакавіка некаторыя былі на поўдзень ад Валгаграда, хутчэй за ўсё трымаюць кірунак на поўнач Каспійскага мора.
Калі спрабаваць прагназаваць далейшы шлях міграцыі гэтых птушак, ён, хутчэй за ўсё, будзе працягвацца праз Усходні Казахстан перад тым, як больш рэзка павярнуць на поўнач у кірунку паўвострава Таймыр, дзе казаркі гняздуюць. Сачыць за перамяшчэннямі птушак можна на адмыслова створанай старонцы ТУТ:
Чырвоваллёвая казарка – від з глабальным статусам Endangered. Папуляцыя скарачаецца з-за браканьерства, турбавання птушак на месцах зімоўкі, міграцыі і гнездавання. Сумнавядомай стала гісторыя, калі румынскі паляўнічы 14 студзеня забіў самку чырвонаваллёвай казаркі па мянушцы Эмілія, пазначаную перадатчыкам у Казахстане ў мінулую вясну, аддзяліў мяса ад костак, а парэшткі птушкі разам з перадатчыкам кінуў сваім сабакам.
Падобныя гісторыі могуць адбывацца і ва Украіне, дзе пад час зімоўкі паляўнічыя турбуюць і палохаюць казарак, якія вымушаныя часта мяняць месцы адпачынку.
Bob Swann, адзін з удзельнікаў каманды па адлову казарак у Балгарыі, сказаў: "Праект “Выратуйма казарак” вельмі важны для захавання гэтага віда. Штогод усё менш і менш казарак зімуе у Балгарыі. Магчыма, гэта звязана са зменамі клімату, але таксама можа адлюстроўвываць агульнае змяншэнне іх папуляцыі. Пад час сачэння за перамяшчэннямі птушак паміж месцамі зімоўкі і гнездавання, мы спадзяемся знайсці новыя, важныя для птушак месцы прыпынку для харчавання і адпачынку. Праект таксама накіраваны на адукацыйныя акцыі ў падобных месцах, каб зменшыць страты казарак з-за браканьерства”.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Мапы з savebranta.org
Здымак казарак Мікалая Вераб’я
Для Беларусі чырвонаваллёвая казарка застаецца вельмі рэдкім пралётным відам. Гэта не павінна здзіўляць, гледзячы на асноўныя пралётныя шляхі віда праз поўдзень Украіны. Адзінае месца ў нашай краіне, дзе від адзначаўся тройчы пад час вясновай міграцыі ў розныя гады – балота Грайна і яго наваколле ў заказніку “Гродзенская Свіслач” (Бераставіцкі раён Гарадзеншчыны).
На гэтую тэму:
Прапанова легальна забіваць белашчокіх казарак у Заходняй Еўропе адхіленая
Самая старая белашчокая казарка размяняла чацвёрты дзесятак
Пра Назіранне 2018 году ў Беларусі ад першай асобы
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ