Шчыльнасць некаторых відаў птушак звязана са шчыльнасцю земляных чарвякоў

Паступова пашыраецца колькасць даследаванняў, якія на аснове дадзеных, атрыманых дзякуючы т.зв. ‘народнай навуцы’ (сitizen science) дапамагаюць выявіць  цікавыя закнамернасці. Навукоўцы з Брытанскага арніталагічнага траста (British Trust for Ornithology (BTO)) апублікавалі артыкул, які звязвае шчыльнасць некаторых звычайных відаў птушак са шчыльнасцю земляных чарвякоў у глебе – аказалася, што існуе моцная карэляцыя паміж гэтымі лічбамі.

Безхрыбетныя, якія жывуць у глебе, з’яляюцца жыццёва неабходным яе кампанентам, аднак яны важныя не толькі для яе. Мы вельмі мала ведаем, як, напрыклад, колькасць дажджавых чарвякоў змяняецца ў глебе на працягу дзесяцігоддзяў і як гэта звязана з колькасцю некаторых відаў птушак, якія харчуюцца безхрыбетнымі – калі звязана. Каб атрымаць падобныя дадзеныя, ВТО разам з больш, чым 20 тысячамі школьнікаў па ўсёй Вялікабрытаніі рэалізавала праект пад назвай “Хто пад тваімі нагамі” ('What's Under Your Feet').

Школьнікі выкапывалі і лічылі дажджавых чарвякоў на невялікіх пробных плошчах каля сваіх школ, а потым на гэтых жа участках лічылі розныя віды птушак, якія туды прылятаюць харчавацца. Аказалася, што існуе моцная карэляцыя паміж колькасцю т.зв. насякомаедных птушак, якія актыўна харчуюцца чарвякамі - такіх, як малінаўкі і чорныя дразды, і шчыльнасцю там дажджавых чарвякоў у глебе.

Важна, што падобная карэляцыя не была знойдзена паміж шчыльнасцю чарвякоў і насеннеядных птушак – такіх, як зелянушкі і палявыя вераб’і.

Такім чынам, існуе добрая магчымасць далейшых даследаванняў і правядзення шматгадовых улікаў і дажджавых чарвякоў, і птушак, якія імі харчуюцца і маніторынгу магчымых зменаў у колькасці першых і другіх.

Першы аўтар публікацыі па выніках даследавання, Dr Blaise Martay, сказала: "Нам было вельмі прыемна даведацца, як многа дзетак выкапвала і лічыла чарвякоў каля сваіх школ. Яшчэ больш прыемна, што дзякуючы гэтаму былі атрыманы цікавыя і карысныя дадзеныя. Было б выдатна працягнуць гэты праект такім чынам, каб паглядзець што адбываецца з папуляцыямі дажджавых чарвякоў у выглядзе маніторынгу і далей прасачыць сувязь паміж імі і папуляцыямі птушак. Мы таксама маем надзею на тое, што гэты праект стане першым, але не адзіным праектам ‘народнай навукі’, у якім прымуць удзел школьнікі і ім і далей будзе цікава назіраць за тым, што адбываецца ў прыродзе”.

Крыніца:

Martay, B & Pearce-Huggins, J W. 2020. Opening a can of worms: Can the availability of soil invertebrates be indicated by birds? Ecological Indicators, Volume 113, June 2020. DOI: doi.org/10.1016/j.ecolind.2020.106222

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак белабровага дразда на гняздзе Мікалая Гулінскага