Пакажы ўнікальнасць памежжа іншым!

"Пакажы ўнікальнасць памежжа Польшчы, Беларусі і Украіны” - гэта фотаконкурс ад Цэнтра еўрапейскіх праектаў. Ёсць цудоўныя здымкі прыродных ці культурных з’яў, зробленыя ў нашай краіне і якія хочацца паказаць іншым? Тады запрашаем да ўдзелу!
 

Беларусь вядома некранутай прыродай, рэдкімі відамі і разнастайнай культурнай ды гістарычнай спадчынай. Тут можна знайсці месцы, дзе час быццам спыніўся. 


Асаблівай увагі ўдзельнікаў конкурсу заслугоўвае рэгіён Палесся. Гэтая надзвычайная тэрыторыя ахоплівае Польшчу, Беларусь, Украіну і Расію. Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) шмат гадоў працуе над захаваннем надзвычай каштоўнай дзікай прыроды гэтага рэгіёна. Таму мы хочам, каб дзякуючы конкурсу ўся Еўропа звярнула ўвагу на цуды і важнасць Палесся. 

Палессе часта называюць Еўрапейскай Амазоніяй. Гэта найбуйнейшы поймавы рэгіён кантынента з некранутымі лясамі і велізарнымі забалочанымі ўгоддзямі. Палессе - адна з самых біяразнастайных і культурна багатых частак Еўропы. Але над ім навісла пагроза. Транспартнікі Беларусі, Польшчы і Украіны хочуць стварыць суднаходны водны шлях Е40 працягласцю 2000 км, які злучыць Чорнае і Балтыйскае моры, раскроіўшы сэрца рэгіёна. Гэта можа мець вельмі сур'ёзныя наступствы для прыроднай і культурнай спадчыны і жыхароў Палесся, а таксама негатыўна паўплываць на эканоміку і сусветны баланс вугляроду. Таму мы лічым, што цяпер вельмі важна паказаць беларускаму і міжнароднаму гледачу праз фотаздымкі прыродную прыгажосць Палесся. 


АПБ запрашае прафесійных фатографаў і аматараў да ўдзелу ў фотаконкурсе ў катэгорыях:

 - хараство прыроды;

 - традыцыі, звычаі і рытуалы - багацце і разнастайнасць культуры памежжа.

Правілы фотаконкурсу:

- дасылаць фотаздымкі можа толькі іх аўтар,

- прымаюцца да пяці фотаздымкаў у кожнай катэгорыі,

 - фотаздымкі павінны быць зроблены ў Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай ці Мінскай вобласці,
- арганізатары конкурсу змогуць выкарыстоўваць фотаздымкі бясплатна для прома-матэрыялаў праграмы па міжнароднай кааперацыі Польшчы, Беларусі і Украіны,
 - дасылаць фотаздымкі можна да 23 кастрычніка (23.10.2020).

Для ўдзелу трэба запоўніць невялікую анкету анлайн:

пазначыць сваё імя і прозвішча, адрас электроннай пошты, тэлефон, абраць катэгорыю ўдзелу, напісаць месца, дзе быў зроблены фотаздымак, ці былі фотаздымкі зроблены ў рамках таго ці іншага праекта, дадаць самі фотаздымкі і пацвердзіць сваю згоду з правіламі конкурсу і з еўрапейскім стандартам апрацоўкі персанальнай інфармацыі.

Фотаздымкі пераможцаў будуць апублікаваныя на афіцыйнай старонцы і ў сацыяльных сетках міжнароднай праграмы па кааперацыі Польшчы, Беларусі і Украіны ў перыяд 2014-2020. Таксама фотаздымкі будуць прадстаўлены мясцовым і нацыянальным органам улады, міністэрствам і могуць выкарыстоўвацца міжнароднымі інстытутамі, звязанымі з ажыццяўленнем праграмы ў Польшчы, Беларусі і Украіне і сярод устаноў Еўропы (Еўрапейская камісія, InterAct, Tesim і іншыя). 

Дадаткова арганізатары абяцаюць прызы, карысныя кожнаму аматару прыроды: турыстычнае абсталяванне і прылады (намёты, коўдры, партатыўныя зарадкі, ланчбоксы ды іншае).
 

Арганізатар фотаконкурсу - Цэнтр еўрапейскіх праектаў - Аб’яднаны тэхнічны сакратарыят праграмы па міжнароднай кааперацыі Польшчы, Беларусі і Украіны ў перыяд 2014-2020 г пры падтрымцы Еўрапейскага саюза. 

 Чытай падрабязней тут: https://www.pbu2020.eu/en/news/1635 

 

Золкі ранак на Прыпяці – Сяргея Зуёнка