Штогод сябры ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) сустракаюцца, каб падвесці вынікі папярэдняга года, выбраць новых сябраў у выбарныя органы арганізацыі, прагаласаваць за птушку наступнага года і паглядзець цікавыя прэзентацыі навукоўцаў і прыродаахоўнікаў. Сёлета З’езд АПБ пройдзе ўпершыню анлайн у суботу, 6 лютага, праз платформу Zoom.
Як зарэгістравацца на З’езд?
Удзельнічаць у З’ездзе змогуць толькі сябры АПБ 2020-21 гадоў – гэта значыць тыя асобы, якія заплацілі сяброўскую складку за мінулы ці за гэты, 2021-ы год.
Для ўдзелу ў З’ездзе АПБ-2021 трэба зарэгістравацца: запоўніць гэтую форму да 15.00 аўторка, 2-га лютага.
Звярніце ўвагу, што ў форме трэба абавязкова пазначыць і адрас сваёй актуальнай электроннай пошты. Ён спатрэбіцца, каб трапіць на сам З’езд і каб удзельнічаць у галасаваннях пад час яго.
Калі ў тваёй сям’і некалькі сябраў АПБ з правам голаса, то гугль-форму рэгістрацыі трэба запоўніць на кожнага такога ўдзельніка З’езда, і кожнаму спатрэбіцца для галасавання ўласная скрынка (email). Гэта трэба для забеспячэння сумленнасці выбараў, каб адзін чалавек не мог прагаласаваць больш аднаго разу.
Як карыстацца платформай Zoom?
Спампуйце і ўсталюйце праграму Zoom на кампутар ці ноўтбук.
Да З’езду мы вышлем на электронную пошту ўсім, хто зарэгіструецца, спасылку для ўваходу ў канферэнцыю (анлайн-з’езд). Праграма пачне працаваць, як націснеш на спасылку ў лісце. Трэба будзе яшчэ даць ёй усе дазволы, якія яна папросіць.
Карыстацца дадаткам Zoom можна і на смартфоне, але гэта менш зручна: на маленькім экране цяжэй разглядаць прэзентацыі дакладчыкаў.
Выбары сябраў выбарных органаў АПБ
Нагадваем, што на З’ездзе АПБ-2021 адбудуцца выбары Старшыні і сябраў Цэнтральнага Савета і Рэвізійнай камісіі АПБ.
Праграма з’езда АПБ,
Он-лайн, субота, 6 лютага 2021 г.
9.30 Пачатак падключэння ўдзельнікаў
10.00 – 10.30 Адкрыццё. Прывітальныя словы
10.30 – 11.00 Выбары падліковай камісіі. Тэставанне галасавання
11.00 – 11.40 Справаздача “АПБ ў 2020 годзе і накірункі дзейнасці на 2021 год” – Аляксандр Вінчэўскі. Абмеркаванне і зацверджанне справаздачы
11.40 – 12.00 Справаздача Старшыні АПБ, яе абмеркаванне і зацверджанне
12.00 – 12.20 Фінансавая справаздача АПБ за 2020 год. – Аляксандр Вінчэўскі. Абмеркаванне і зацверджанне справаздачы
12.20 – 12.30 Справаздача рэвізійнай камісіі. – Максім Каласкоў.
12.30-12.45 Выбары Старшыні АПБ
12.45 – 13.45 АБЕД
13.45 – 14.30 Выбары ў Цэнтральны савет і Рэвізійную камісію
14.00 – 14.30 Прэзентацыі відаў – кандыдатаў на Птушку 2021 году
14.30 – 15.10 “Ахова прыроды ў Баварыі” – д-р Норберт Шафер (Ліга аховы птушак Баварыі LBV, Германія)
15.10 – 15.30. “Ляляк – Птушка 2021 году” – Сямён Левы (АПБ, Мінск)
15.30 – 16.10 “Гукі дзікай прыроды Палесся” – д-р Адам Эштон-Батт (Брытанскі траст для арніталогіі ВТО, Вялікабрытанія)
16.10 – 16.30 Віншаванне прызёраў Чэмпіяната па спартыўнай арніталогіі і спаборніцтваў па фотабёрдынгу. Выбары ганаровых сябраў АПБ.
16.30 – 16.50 “Самыя цікавыя назіранні птушак Клуба200 АПБ за 2020 год” – Дзьмітры Вінчэўскі (АПБ / сайт “Птушкі штодня”, Гродна)
16.50 – 17.10 “Маніторынг колькасці млекакормячых у Палессі” – Святлана Кудрэнка (Франкфурцкае заалагічнае таварыства FZS, Германія)
17.10 – 17.30 “Разам для грамады і прыроды: Мёрскі раён” – Алег Сівагракаў (праект ЕЗ, Мінск)
17.30 – 17.45 Вольны мікрафон
17.45 – 17.55 Адказы старшыні і дырэктара АПБ на пытанні ўдзельнікаў з’езду
17.55 – 18.99 Зацверджанне накірункаў дзейнасці АПБ на 2021 год. Закрыццё з’езду
Куды звяртацца, калі ёсць пытанні?
Калі ёсць пытанні па тэхнічных момантах, напішыце на info@ptushki.org (тэма ліста – “З’езд”).
Да сустрэчы на з’ездзе АПБ-2021!
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ