У Аўстраліі 80% паляўнічых не ведаюць птушак, на якіх збіраюцца паляваць

Даследаванне, праведзенае ў аўстралійскім штаце Вікторыя, паказала, што чацьвёра з пяці паляўнічых не могуць вызначыць птушак і адрозніць віды, на якіх пакуль што яшчэ можна паляваць, і на якіх паляванне забаронена.

Дзякуючы гэтаму ўзмацніліся заклікі да прэм’ер-міністра штата забараніць паляванне на качак у 2021 годзе па прыкладу іншых штатаў, дзе гэты “спорт” знаходзіцца па-за законам: у New South Wales, Queensland і Western Australia.

У мінулым, 2020-м годзе,паляўнічыя са штата Вікторыя маглі легальна забіваць 7 відаў качак з 8, на якія можна было паляваць у 2019-м. З-за яўнага змяншэння сваёй колькасці, аўстралійская качка-лапаноска ў мінулым годзе была выключаная са спісу паляўнічых відаў.

Мінулы сезон палявання быў скарочаны з-за засухі і шматлікіх пажараў, якія значна скарацілі папуляцыі дзікіх жывёл, у тым ліку і многіх птушак. З-за абмежаванняў, звязаных з пандэміяй каронавіруса, сезон паляванняў аказаўся яшчэ менш працяглым, чым планавалася. Паводле афіцыйных дадзеных, усяго было застрэлена 60.400 качак розных відаў – гэта прыкладна чвэрць ад таго, што паляўнічыя забілі ў 2019 годзе.

Незалежны рэгулятар паляванняў у штаце, Victorian Game Management Authority (GMA), штогод рыхтуе рэкамендацыі ўраду штата наконт умоваў палявання ў наступным годзе. Паводле стандартаў GMA, усе паляўнічыя перш, чым быць дапушчаныя да паляванняў, павінны прайсці тэст з вызначэння відаў і зрабіць не менш 85% правільных адказаў. Аднак у мінулым годзе толькі 20% паляўнічых паспяхова пераадолелі гэтую планку. Прыродаахоўныя арганізацыі заяўляюць, што гэта выдатная ілюстрацыя рэальнай падрыхтоўкі паляўнічых і адзін з адказаў на пытанне - чаму паляванне ў штаце павінна быць забаронена.

У пачатку лютага былі абвешчаны ўмовы на гэты сезон паляванняў на качак: ён скарочаны да 20 дзён з 26 мая да 14 чэрвеня (у паўднёвым паўшар’і у гэты час не вясна і лета, як у нас, а канец восені і пачатак зімы) і напалову зменшылася дазволеная максімальная колькасць дзённай здабычы.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.farmonline.com.au

 

 

 

На гэтую тэму:

Еўразвяз забараніў выкарыстанне свінцовай амуніцыі для палявання на водна-балотных ўгоддзях

British birds: легальнае паляванне на птушак у Еўразвязе і яго ўздзеянне на пагражаемыя віды

У Францыі будзе легальна працягвацца “паляванне” на птушак з дапамогай клея

Вясновае паляванне на птушак застанецца на Мальце легальным?