Вярхоўны суд Індыі ўступіўся за самую рэдкую птушку краіны і дапаможа яе захаваць

Шанцы на захаванне адной з самых рэдкіх птушак у Свеце і самага рэдкага віду ў Індыі – вялікага індыйскага дропа (Ardeotis nigriceps) павялічыліся, пасля таго, як Вярхоўны суд Індыі прыняў рашэнне на карысць рэальнай аховы віда.

Усяго агульная колькасць дропаў ацэньваецца ў не больш, чым 100 птушак і амаль усе яны жывуць ў пустыні Thar у штаце Раджастан. У гістарычны час від сустракаўся як мінімум на тэрыторыі сённяшніх 11 індыйскіх штатаў у заходняй частцы краіны, а таксама ва ўсходніх правінцыях Пакістану. На жаль, колькасць віда, і так зусім невялікая, пастаянна змяншаецца. Хаця ў гэтым вінаватыя і браканьерства, і знішчэнне месцапражыванняў, і турбаванне віда пад час гнездавання, на сённяшні дзень асноўная праблема – сутыкненні дропаў з паветранымі ЛЭП у Раджастане.

У апошнія гады пустыня Thar ператварылася ў вельмі папулярнае месца для разнастайных праектаў па выпрацоўцы электраэнергіі, у першую чаргу дзякуючы выкарыстанню ветра і сонца. Аднак лініі электарперадачы, якія адыходзяць ад сонечных фермаў і ветракоў, уяўляюць сур’ёзную небяспеку для дропаў, якія з’яўляюцца аднымі з самых цяжкіх сучасных птушак, здольнымі да палёта. Wildlife Institute of India знайшоў, што ў сярэднім штогод 18 дропаў гіне з-за сутыкненняў з ЛЭП.

У красавіку Вярхоўны суд Індыі пастанавіў, што ўсе паветраныя лініі электарперадачы ў месцах пражывання дропаў павінны быць схаваныя пад зямлю, а да таго часу, як гэта будзе зроблена, існуючыя зараз ЛЭП павінны быць пазначаныя спецыяльнымі прыстасаваннямі, якія дапамогуць птушкам пазбегнуць сутыкненняў і будуць ім бачныя здалёк.

Вельмі важна, што пастанова Суда датычыць не толькі сучасных месцаў распаўсюджання віда, але і тых, якія дропы могуць засяліць у выпадку павелічэння іх колькасці.

Тым не менш энергетычныя кампаніі стараюцца адцягнуць выкананне пастанаўлення Суда, скардзяцца на вялікія незапланаваныя расходы  і спадзяюцца яго нейкім чынам абскардзіць. Аднак Суд заявіў, што пастанаўленне павінна быць выкананае адразу пасля яго апублікавання негледзячы на кошты, таму што захаванне знікаючага віду мае бясспрэчны прыярытэт над працягам ранейшай гаспадарчай дзейнасці.

Дзякуючы сумеснай праграме Інстытута прыроды Індыі (Wildlife Institute of India) і Ляснога дэпартамента штату Раджастан была створана праграма па размнажэнні вялікіх індыйскіх дропаў у няволі і ўжо выгадавана некалькі птушанят. Іх гатовы выпусціць у прыроду, аднак гэта будзе мець сэнс толькі тады, калі месцапражыванні дропаў стануць бяспечнымі.

Паводле www.birdguides.com (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Без абмежавання паляванняў, выпуск у прыроду дропаў з пітомнікаў ім не дапаможа

ПАЎДНЁВААФРЫКАНСКІХ ДРОПАЎ ТРЭБА РАТАВАЦЬ

Мусульманскія рэлігійныя ўлады абвесцілі дзейнасць па знішчэнню дзікай прыроды па-за законам