Пятую зіму запар наш сайт “Птушкі штодня” прапануе ўнікальную для Беларусі магчымасць – утульна седзячы у цёплай хаце, офісе ці на занятках, глядзець за жыццём дзікіх птушак і звяроў на працягу ўсіх трох зімовых месяцаў. У гэты раз сталоўка для іх з разнастайным пачастункам знаходзіцца ў новым месцы, на беразе ракі Лясная ў ваколіцах невялічкай пушчанскай вёсачкі Вугляны, што на Камянеччыне.
Таму мы вырашылі змяніць назву нашай он-лайн трансляцыі і запрашаем Вас глядзець на Зімовае жыццё Пушчанскіх ваколіц LIVE – больш, чым сталоўку для птушак. У светлы час сутак мы спадзяемся паназіраць найперш за рознымі птушкамі. Апроч звычайных гасцей сталовак (сініц, вераб’ёў, соек, зелянушак і інш.), мяркуем, што спіс будзе даволі значны, бо могуць у яго трапіць і крумкачовыя, і драпежнікі, і вадаплаўныя, і каляводныя віды. Сёлета дадаецца магчымасць убачыць каля сталоўкі і розных звяроў (прынамсі, спадзяемся, што амерыканскіх норак, выдр, лісаў, а можа і яшчэ каго, пабачым, і не раз). Па досведу мінулых зімовых стрымаў, разлічваем больш чым на два дзесяткі відаў пярнатых. Сапраўдная зіма яшчэ наперадзе, таму і відаў, і птушак, якія прылятаюць пад’есці на сталоўку, будзе больш. Цікавым павінна стаць і начная частка эфіру, бо менавіта ў цёмны час сутак, дзякуючы інфрачырвонай падсветцы, мы зможам убачыць звяроў і паназіраць за імі.
Варта памятаць, што наш стрым вядзецца не з заапарку, таму мы не гварантуем пастаяннай мітусні пад камерай, але затое ў Вас ёсць магчымасць убачыць рэальнае зімовае жыццё дзікіх птушак і звяроў у прыродзе. Часам яно будзе больш цікавым, часам – менш. Але так і ёсць пад час назіранняў у прыродзе – на нешта цікавае трэба ўмець трапіць! Каб нашым гледачам гэта было зрабіць лягчэй, мы будзем старацца выкладваць скрыншоты і кароткае відэа пра новыя для трансляцыі віды птушак і звяроў, а таксама самыя цікавыя моманты стрыму. Падобным чынам можаце рабіць і Вы, а яшчэ задаваць пытанні ці каментаваць нейкія падзеі са сталоўкі – так будзе цікавей глядзець усім нам. Да таго ж платформа YouTube дазваляе “адматваць” падзеі да 12 гадзін назад – варта скарыстацца з гэтай магчымасці і праглядаць прапушчаны эфір. Вельмі магчыма, што там адбыліся падзеі, цікавыя не толькі для Вас.
Сінічкамі, вераб’ямі ды зелянушкамі на птушынай сталоўцы нікога не здзівіць. Але наша сталоўка дазваляе ўбачыць і іншыя віды, якія наўрацці прыляцяць на Вашу сталоўку. Пад час мінулых трансляцый сапраўднымі зоркамі сталі зімародак, які рыбачыў непасрэдна перад камерай і зелянушкай:
Канюх-мышалоў, які спрабаваў злавіць іншых наведвальнікаў сталоўкі:
Шэрая кугакаўка, якая прылятала ў цёмны час сутак не раз – напэўна правярала пільнасць палявых мышэй, якія сталі ў нас “на довольствіе” з самага пачатку мінулагодняй трансляцыі:
Ну і ўзыходзячая зорка ўжо гэтага стрыму – сойка, якая акрамя разнастайных гукаў, робіць запасы пакуль мае такую магчымасць:
Як і любая сур’ёзная справа, забеспячэнне штодзённай бесперапыннай трансляцыі ў рэжыме LIVE патрабуе адказнай каманднай працы, і мы шчыра ўдзячныя Вадзіму Пракапчуку, сябру АПБ з Камянеччыны, уладальніку аграсядзібы ў Вуглянах і іншым актывістам АПБ з Брэста, а таксама інтэрнэт-правайдэру Элнет за надзейную тэхнiчную падтрымку.
Ну і не варта забываць - дадатковая ежа, якую мы прапануем птушкам зімой, не грае для іх вялікай ролі. Таму не трэба думаць, што мы дапамагаем птушкам выжыць – для гэтага найлепш заставіць як найбольш прыродных элементаў навокал: старых дрэваў і кустоў, не прыбіраць апалае лісце і сухую траву (у іх хаваюцца на зіму шматлікія насякомыя і іх лічынкі, а таксама павучкі), ягады ды іншыя плады і пустазелле, насеннем якога харчуюцца многія нашы і прыбылыя з поўначы віды птушак. Наша сталоўка найперш магчымасць паглядзець за зімовым жыццём -разам з Вамі.
Зіма і трансляцыя толькі пачаліся, таму ўпэўненыя – усё самае цікавaе яшчэ наперадзе! Цікавага прагляду!
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ