Сталі вядомыя месцы зімоўкі і трасы міграцыі совак-сплюшак з Гішпаніі

Дзякуючы выкарыстанню сучасных GPS лоджэраў, камандзе даследчыкаў атрымалася прасачыць не толькі трасы міграцыі і даведацца пра месцы зімоўкі совак-сплюшак (Otus scops) з поўдня Гішпаніі, але таксама атрымаць дадзеныя пра перамяшчэнні птушак на працягу ўсяго гадавога цыкла віду.

Соўка-спюшка – адзін з самых малых відаў соў Еўразіі, які харчуецца ў асноўным вялікімі насякомымі. Таму сплюшкі – пералётныя птушкі і вымушаныя праводзіць зімовыя месяцы на поўдзень ад Сахары. Аднак дагэтуль было вельмі мала вядома пра дакладныя месцы іх зімоўкі і іншыя асаблівасці жыцця па-за сезонам гнездавання.

Згодна з атрыманымі даследчыкамі дадзенымі, від аказаўся транс-сахарыйскім мігрантам, які ўвосень вельмі хутка ляціць з месцаў гнездавання ў Паўднёвай Гішпаніі на поўдзень уздоўж узбярэжжа Марока і Заходняй Сахары над заходняй часткай пустыні Сахара і вясной таксама хутка вяртаецца падобным шляхам.

Восеньская міграцыя ў гішпанскіх сплюшак пачынаецца з верасня да пачатку кастрычніка і апошнія птушкі прылятаюць на месцы зімоўкі да сярэдзіны восені ці нават да канца кастрычніка. Вясновая міграцыя пачынаецца з пачаткам сакавіка і большасць спплюшак вяртаецца на месцы гнездавання ў Гішпанію да пачатку красавіка.

Месцы зімоўкі віда аказаліся размешчанымі на параўнальна вялікай тэрыторыі ў Заходняй Афрыцы. Сплюшкі з поўдня Гішпаніі зімавалі ў Маўрытаніі, Сенегале, Малі, Гамбіі, Гвінеі і С’ера Леоне, дзе ўсе птушкі з лоджэрамі (акрамя адной) правялі ад 4 да 5 месяцаў. Пяць з шасці сплюшак за гэты час змянілі як мінімум адно месца зімоўкі на іншае і пераляцелі для гэтага на адлегласць ад 472 да 792 км. Даследаванні іншых пералётных відаў птушак, якія харчуюцца пераважна насякомымі, паказалі сувязь падобных перамяшчэнняў на месцах зімоўкі на поўдзень ад Сахары з месцамі выпадзення там сезонных дажджоў. Дзякуючы асадкам, параўнальна хутка ў месцах іх выпадзення з’яўляецца свежая расліннасць і размнажаюцца розныя насякомыя – асноўная здабыча і для сплюшак.

Хаця большасць месцаў зімоўкі размяшчалася ў лясах рознага тыпу, усяго сплюшкі ў Афрыцы выкарыстоўвалі пяць асноўных тыпаў біятопаў: лясы, хмызнякі, саванны, сельскагаспадарчыя палеткі і поплавы.  

Крыніца: Jesús M. Avilés, J M, Rodríguez-Ruiz, J, Cruz-Miralles, A, Abad-Gómez, J M & Parejo, D. 2022. Migratory Pathways, Stopover Locations and Wintering Grounds of Southern Spanish Eurasian Scops Owls Otus scops. Ardeola, 69(1): 129-139. DOI: https://doi.org/10.13157/arla.69.1.2022.sc2

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Вадзіма Пракапчука

Для Беларусі вядома толькі пра адзін даказаны выпадак гнездавання віда ў 1984 г. ў Верхнедзвінскім раёне на Віцебшчыне, хаця сплюшкі амаль рэгулярна адзначаюцца ў нас на паўднёвым захадзе краіны ў гнездавы час.

 

 

На гэтую тэму:

Соўка-сплюшка і ўсе-ўсе-ўсе: агляд цікавых назіранняў Клуба200 за вясну-2021

Першае праўдападобнае гнездаванне соўкі-сплюшкі ў Польшчы

Самцы вераб’іных сычыкаў робяць меншыя запасы ежы на зіму, чым самкі і маладыя птушкі