Соўка-сплюшка і ўсе-ўсе-ўсе: агляд цікавых назіранняў Клуба200 за вясну-2021

Усяго гэтай вясной было атрымана трошкі больш за 90 паведамленняў пра назіранні 40 відаў са спісу Клуба200: 17 пра 9 відаў за сакавік, 30 (пра 11 відаў) за красавік і 43 (пра 28 відаў) за май. Гэта параўнальна ў лічбах з вясной 2020 года (94 паведамленні пра 35 відаў) і менш, чым зроблена вясной 2019 (109 паведамленняў пра назіранні 45 відаў).

Найперш узгадаем 4 назіранні ў рангу сенсацыі, а потым больш спакойна ўспомнім пра іншыя, у таксанамічным парадку.

Кароткадзюбая гуменніца (Anser brachyrhynchus) – другая рэгістрацыя віда для Беларусі была зроблена ..экшн-камерай 27.03 ў Бераставіцкім раёне, якую ўсталяваў Дзьмітры Якубовіч. Каб заўважыць гэтага гуся сярод сотняў і тысячаў на відэа, якое знялі камеры на гігабайты памяці, яму прыйшлося патраціць не адну гадзіну. Віншуем з цудоўнай знаходкай!

птушкі

Кароткадзюбая гуменніца з белалобымі гусямі на заднім плане. Бераставіцкі раён, 27.03.2021, здымак Дзьмітрыя Якубовіча

Трэцяя рэгістрацыя віда адбылася больш традыцыйна – адну гусь сярод сотняў птушак іншых відаў 31.03 адзначылі і сфатаграфавалі ў Салігорскім раёне Андрэй Барадзін, Інна Субоціна, Максім Косцін. Віншуем!

Стрынатка-крошка (Emberiza pussila) – трэцяя рэгістрацыя для краіны ўвогуле і першая вясновая адбылася пад Туравам 04.05 – віншуем Рамана Чалея і Марыю Каранеўскую з цудоўнай знаходкай і здымкамі. Першая рэгістрацыя віда адбылася ў 2017 годзе, другая – у 2019-м.

птушка

Стрынатка-крошка, Жыткавіцкі раён, 04-05-2021. Здымак Рамана Чалея і Марыі Каранеўскай

Соўка-сплюшка (Otus scops) – спачатку ў апошні дзень вясны былі адзначаны прызыўныя крыкі, а ў наступныя дні стала зразумела, што пара птушак заняла старую шпакоўню з вялікім лятком! Віншуем аўтара знаходкі – Вадзіма Пракапчука! Цікава, што папярэднія рэгістрацыі за апошнія гады - у 2015-16 гг. - таксама зробленыя ім у тым самым месцы на Камянечыне. Калі ў наступныя дні будзе даказана гнездаванне (як мінімум адкладка яек), то гэта стане другім выпадкам для нашай краіны. Першы адбыўся ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці, дзе 15.05.1984 было знойдзена гняздо з 1 яйкам.

Палярная стрынатка (Emberiza pallasi) дагэтуль адзначалася ў нас толькі аднойчы, ў Жыткавіцкім раёне Гомельшчыны 29.03.2001 г. (Гричик и др., 2002) Таму магчымая другая рэгістрацыя, зробленая 13.03 пад Старобінам, калі будзе зацверджаная БАФК, стане сенсацыяй. Від з цяжкасцю адрозніваецца ў палявых умовах па знешніх рысах ад стрынаткі-чаротаўкі, таму хаця падрабязнае апісанне вызначэння птушкі ёсць ТУТ, заставім канчатковае рашэнне камісіі.

птушка

Палярная стрынатка, Салігорскі раён, 13-03-2021. Здымак Ананіма.

Чырвонаваллёвы гагач (Gavia stellata) – толькі адна рэгістрацыя віда на вясновым пралёце, якая адбылася 17.04.2021 на паўднёвым захадзе краіны, на Маларыччыне. Цікава, што ў мінулым годзе вясной сустрэч з відам не было, затое ўвосень- зіму яны былі адзначаныя 12 разоў у розных частках Беларусі. Для параўнання, вясновых рэгістрацый гагачоў у 2019 годзе было 5, у 2018 – 3.

Чырвонашыйная коўра (Podiceps auritus) – таксама толькі адна рэгістрацыя на працягу вясны, 04.05 на вадасховішчы пад Мінскам. Вельмі рэдкі на вясновым пралёце від. У апошнія гады значна павялічылася і колькасць рэгістрацый восенню, і колькасць птушак, якія адзначаюцца на восеньскіх міграцыях гэтага віду, гнездаванне якога ў нас даўно невядомае.

Белашчокая казарка (Branta leucopsis) – 4 назіранні ў сакавіку (06.03 у Брэсцкім, 21 і 26.03 ў Бераставіцкім раёне і 27.03 на Магілёўшчыне), і толькі 1 назіранне ў красавіку – 11.04 пад Магілёвам.

Канадская казарка (Branta canadensis) – 2 рэгістрацыі за вясну: 29.03 на поўначы краіны і 09.04 на Міншчыне. Чужародны для Еўропы від птушак, які, на жаль, размнажаецца ў многіх краінах Еўропы і адкуль амаль штогод ў апошняе дзесяцігоддзе зрэдку залятае ў Беларусь.

Чырвоная чапля (Ardea purpurea) – вельмі рэдкі залётны від, вясновыя рэгістрацыі якога ў апошнія гады можна пералічыць на пальцах адной рукі, была адзначана 09.05 у Драгічынскім раёне Берасцейшчыны.

Белавокі нырок (Aythya nyroca) – некалі вельмі рэдкі гняздуючы від, у апошняе дзесяцігоддзе рэгіструецца толькі на пралёце і 27.03 і ў наступныя дні аднаго самца назіралі на поўдні краіны.

Пярэстая качка (Tadorna tadorna) –  тры вясновыя рэгістрацыі: адзінкавыя птушкі адзначаныя 15.04 і 11.05 на Міншчыне і 10.05 пара на Берасцейшчыне. Толькі гэтай вясной стала вядома пра другі для краіны выпадак гнездавання віду – у чэрвені 2020 года на вадасховішчы Сялец (Бярозаўскі раён Брэсчыны) назіралі вывадак пярэстай качкі.

птушка

Пярэстая качка, Чэрвенскі раён, 11-05-2021. Здымак Сяргея Марыніча

Нырок-маранка (Clangula hyemalis) – самец у шлюбным пяры назіраўся 17.04 на Маларыччыне. Вясной на міграцыі вельмі рэдкая качка і адзначаецца ў нас у гэты час далёка не штогод.

Нырок-свірок (Melanitta fusca) – таксама толькі адна вясновая рэгістрацыя, зробленая 17.04 у Бераставіцкім раёне на Гарадзеншчыне. У адрозненне ад вясновага пралёту, від усё часцей адзначаецца ў апошнія гады і ўвосень, і на зімоўцы.

? Арол-магільнік (Aquila heliaca) хаця і адзначаецца ў нас прыкладна ў палове выпадкаў дзякуючы птушкам са спадарожнікавымі перадатчыкамі, але ў апошнія гады ёсць і візуальныя рэгістрацыі. Не заўсёды лёгка адназначна разабрацца ў відавой прыналежнасці некаторых птушак, да якіх можна аднесці і арла, якога адзначылі на поўдні краіны 09.05. Неполаваспелы гэта арол-магільнік ці нетыпова афарбаваны вялікі арлец, пэўна вызначыць толькі БАФК.

птушка

Арол-магільнік ці вялікі арлец. Жыткавіцкі раён, 09-05-2021. Скрыншот са здымка Алёны Ціхановіч.

Чырвоны каршун (Milvus milvus) – адна з самых рэдкіх драпежных птушак Беларусі, хутчэй за ўсё ў колькасці 1-2 пар рэгулярна гняздуе на паўночным захадзе Гродзенскага раёна ля мяжы з Польшчай і Літвой, прыкладна тут і праходзіць сучасная усходняя мяжа распаўсюджання віду. Таму рэгістрацыя птушкі 06.04 на Гарадзеншчыне не павінна здзіўляць. Іншая справа – чырвоны каршун, адзначаны 20.03 сотні кіламетраў далей на ўсход у Барысаўскім раёне.

Сокал-падарожнік (Falco peregrinus) – магчыма, што ў апошнія гады статус віда ў Беларусі змяніўся і ёсць як мінімум адна пара, якая гняздуе (на захадзе краіны) пасля вельмі працяглага перапынку з 1973 году. Таму любыя назіранні віда вясной цікавыя. Іх атрымалася 4: 05.04 на Міншчыне, 24-25.04 на Гарадзеншчыне, 04.05 і 19.05 на Берасцейшчыне.

Сокал-шулёнак (Falco vespertinus) – яшчэ адзін драпежных птушак, гнездаванне якога ў Беларусі невядомае шмат гадоў. Тым не менш, частка птушак ляціць на месцы зімоўкі і назад праз нашу краіну з іншых месцаў гнездавання, хутчэй за ўсё размешчаных у Расіі і-ці ва Украіне. Звычайна вясновая міграцыя віда нашмат менш колькасная і менш інтэнсіўная за восеньскую. Таму рэгістрацыя на поўдні Беларусі 14.05 групы ў 10 птушак для вясны рэкордная. Яшчэ адно назіранне, маладога самца, адбылося 17.05 на Камянеччыне.

птушкі

Сокалы-шулёнкі, Жыткавіцкі раён, 14-05-2021. Здымак Вольгі Назарчук

Марская чайка (Larus marinus) параўнальна рэдка адзначаецца па-за Мінскам і яго наваколлем. Гэтай вясной адбылася адзіная рэгістрацыя віда 15.04 на Любаншчыне.

Трохпалая чайка (Rissa tridactyla) – вельмі рэдкі для нас від, які, аднак, стаў адзначацца заўважна часцей у апошнія гады. Тым не менш, рэгістрацыя вясной, зробленая 25.04 на Міншчыне, адзіная вясновая прынамсі з 2013 году.

птушка

Трохпалая чайка, Салігорскі раён, 25-04-2021. Здымак Ананіма

Чорнагаловая чайка (Larus melanocephalus) – яшчэ адзін від чаек, які найчасцей рэгіструецца ў Мінску і на навакольных звалках. Гэтай вясной зроблена ажно 7 назіранняў, прычым амаль палова па-за Мінскам: 17.03 у Брэсце, 18.04 у Мінскім і 01.05 у Чэрвенскім раёне. “Мінскія” рэгістрацыі адбыліся 14.03, 31.03, 07.04 і 16.04

птушкі

Чорнагаловыя чайкі, Мінск, 31-03-2021. Здымак Ірыны Самусенка.

Крычка-чэграва (Sterna caspia) – 6 рэгістрацый вясной, 4 красавіцкіх і 2 майскіх. Адбыліся яны на ўсходзе, поўдні і ў цэнтры краіны: 10.04 пад Бабруйскам, 16.04 у Тураве, 18.04 у Петрыкаўскім, а 21.04, 01.05 і 23.05 на Чэрвеншчыне. Прычым дзякуючы пластыкаваму кальцу на адной з  крычак, адзначаных на Петрыкаўшчыне, атрымалася даведацца, што нарадзілася яна ў 2016 годзе ў Фінляндыі.

Кулік-паручайнік (Tringa stagnatilis) – вядома пра 6 рэгістрацый з другой паловы красавіка. Некалькі птушак акальцавалі ў Тураве, іншыя адзначаны 24.04 у Чэрвенскім раёне, 03.05 і 11.05 у пойме Дняпра пад Магілёвам, 04.05 у Драгічынскім раёне і 16.05 ў Веткаўскім.

птушка

Кулік-паручайнік, Магілёўскі раён, 11-05-2021. Здымак Уладзіміра Бондара

Кулік-марадунка (Xenus cinereus) – адно паведамленне пра мін 6 птушак з Лоеўскага раёна, назіранне адбылося 09.05.

Стучок (Lymnocryptes minimus) – 4 паведамленні пра вясновыя сустрэчы, 2 з якіх былі зроблены на станцыях кальцавання: 19.04 у Сасновым бары на Рассоншчыне і 20.04 у Тураве. А 2 іншыя сустрэчы паказалі, што гэтага вельмі скрытнага кулічка можна выпадкова не толькі ўбачыць, але і сфатаграфаваць і адбыліся 25.04 і 02.05 на Міншчыне:

птушка

Стучок, Чэрвенскі раён, 02-05-2021. Здымак Натальі Капорыкавай

Шыладзюбка (Recurvirostra avosetta) – толькі адна сустрэча на пралёце віда 08.05 на Чэрвеншчыне, які толькі нядаўна пачаў гнездаваць у Беларусі.

Хадулачнік (Himantopus himantopus) хаця і пачаў гнездаваць у нашай краіне значна раней за шыладзюбку, рэгулярнае гнездаванне пачалося параўнальна нядаўна і таксама вельмі нешматлікае.  Зроблены 3 рэгістрацыі віда, усе майскія: 04.05 у Драгічынскім раёне, 10.05 пад Брэстам, а 30.05 у Жыткавіцкім раёне адзначана гняздуючая пара.

Сявец (Pluvialis squatarola) – вельмі нешматлікі на вясновым пралёце тундравы кулік, сёлета вядома толькі пра адну вясновую рэгістрацыю, якая адбылася 16.05 на Міншчыне. На восеньскім пралёце сустрэчы віда нашмат больш шматлікія і частыя.

Сярэдні кулён (Numenius phaeopus) гняздуе ў нас на верхавых балотах і зрэдчас сустракаецца на міграцыі. Два вясновыя назіранні: 22.05 на Піншчыне і 29.05 на Чэрвеншчыне.

Кругланосы плывунчык (Phalaropus lobatus) – толькі адно назіранне віда гэтай вясной, 15.05 ў Мінскім раёне.

Пясчанка (Calidris alba) – таксама толькі адна рэгістрацыя віда, якая адбылася 23.05 на Чэрвеншчыне.

Кулік-гразевік (Limicola falcinellus)  адзначаўся гэтай вясной двойчы, прычым у адзін дзень, 23.05 на Чэрвеншчыне і на Драгічыншчыне.

Шчурка-пчалаедка (Merops apiaster) у некалькі апошніх гадоў павольна, але няўхільна павялічвае сваю колькасць па ўсёй краіне, але, як і раней, большасць калоній знаходзіцца ўсё ж на поўдні Беларусі. Два паведамленні пра сустрэчы віда ў мае: 15.05 ў Мінскім раёне і 27.05 ў Хойніцкім.

Сняжурка (Plectrophenax nivalis) – апошняя і адзіная сёлетняя вясновая сёлетняя сустрэча віда адбылася 20.03 у Пружанскім раёне.

Белая сініца (Cyanistes cyanus) яшчэ з зімы адзначалася пад Старобінам, што на Міншчыне, па-за вядомым нам звычайным арэалам, які ў Беларусі ізаліраваны поймай Прыпяці і некаторых яе прытокаў у межах Гомельскай і Брэсцкай абласцей. І вось 28.03 прыкладна там жа,у пойме Случы была адзначана адна птушка і пазней стала вядома, што там загнездавала пара белых сініц.

Чарнагаловы ерчык (Saxicola rubicola) памалу працягвае сваё распаўсюджанне на поўнач і ўсход, таму невядомае раней месца гнездавання ў Жабінкаўскім раёне не здзіўляе, а вось у Добрушскім раёне на Гомельшчыне від адзначаны на гнездаванні (пара са спяваючым самцом) 11.04 упершыню.

Чырвонагаловы каралёк (Regulus ignicapillus) яшчэ больш паспяхова і хутка каланізуе новыя тэрыторыі ў нашай краіне і ў мінулым годзе адзначаны ўжо на самым поўдні, поўначы і ўсходзе Беларусі, а сёлета яшчэ раз на Расоншчыне, дзе і быў закальцаваны 16.04.

птушка

Чырвонагаловы каралёк, Расогскі раён, 16-04-2021. Здымак Максіма Косціна

Палявы свірстун (Anthus campestris) – рэдкі гняздуючы від, з пачатку мая паведамленні пра сустрэчы спяваючых самцоў і асобныя пары паступалі з захаду і цэнтральнай часткі краіны.

птушка

Палявы свірстун, Бераставіцкі раён, 04-05-2021. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага

Чарналобы грычун (Lanius minor) – яшчэ больш рэдкі гняздуючы від, арэал якога ў нас абмежаваны выключна паўднёвым усходам. Рэгістрацыя пары на раней вядомым месцы гнездавання адбылася 08.05 ў Лоеўскім раёне.

Чырвонаваллёвы свірстун (Anthus cervinus) параўнальна звычайны на пралёце від, якога, тым не менш, рэгіструюць у нас не так часта. Усяго 2 пэўных сустрэчы гэтай вясной: 08.05 і 16.05, абедзве адбыліся на Міншчыне.

птушка

Чырвонаваллёвы свірстун, Мінскі раён, 08-05-2021. Здымак Людмілы Карюкінай

Паўночная мармытуля (Iduna caligata) – від ўпершыню знойдзены ў нас на гнездаванні ў 2012 годзе, з таго часу рэгіструецца амаль штогод і трэці год запар займае для гнездавання той самы пустыр у Мінску, дзе і быў адзначаны 31.05. Яшчэ адна сустрэча адбылася 22.05 ў Барысаўскім раёне.

 

 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак соўкі-сплюшкі – Вадзіма Пракапчука

 

 

На гэтую тэму:

В СПИСКЕ ПТИЦ БЕЛАРУСИ ТЕПЕРЬ 337 ВИДОВ: ПРОТОКОЛ ЗАСЕДАНИЯ БОФК ОТ 11.03.2021 И ОБНОВЛЕННЫЙ СПИСОК ПТИЦ БОФК

ЗІМА Ў СТАРЫМ СТЫЛІ I ДОБРЫЯ СТАРЫЯ ВІДЫ: АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ КЛУБА200 ЗА СТУДЗЕНЬ І ЛЮТЫ-2021

ВЯСНОВЫЯ З ЗІМОВЫМІ: АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ КЛУБА200 ЗА САКАВІК-2020

Сенсацыі з доказамі і без: агляд цікавых назіранняў птушак Клубам200 за красавік, май і чэрвень

ПЕСІМІСТЫЧНЫ ЛЮТЫ І АПТЫМІСТЫЧНЫ САКАВІК: АГЛЯД ЦІКАВЫХ НАЗІРАННЯЎ ПТУШАК ЗА ПАЧАТАК ВЯСНЫ-2019

Паўночная мармытуля і іншыя чаканыя нечаканасці: нашы самыя цікавыя назіранні за красавік і май -2018

Стрынатка-крошка – новы для Беларусі від птушак- адляцела з уласным кальцом