Песімістычны люты і аптымістычны сакавік: агляд цікавых назіранняў птушак за пачатак вясны-2019

У лютым было зроблена толькі 5 (пяць!) паведамленняў пра назіранні відаў са Спісу Клуба200 – гэта своеасаблівы анці-рэкорд за апошнія гады. У сакавіку нам шанцавала больш і многія не толькі ўбачылі новы для Беларусі від птушак, які ў пачатку вясны адкрыла Ірына Самусенка, але парадавалі і іншыя сустрэчы і ўсяго было атрымана 25 паведамленняў пра назіранні 16 відаў.

Для параўнання, у лютым 2018 году было зроблена 38 паведамленняў, а ў лютым 2017-га – 23, 31 ў сакавіку 2018-га і 34 ў сакавіку 2017-га.

Рэгістрацыя Палярнай чайкі (Larus glaucoides)  без сумненняў, стала назіраннем месяца! Прычым птушку, якая адзначалася як на сажалках у Шабанах, так і на Чыжоўскім вадасховішчы, паглядзелі многія бёрдуотчары і не толькі з Мінску, бо заставалася яна параўнальна доўга – апошняе назіранне адбылося пэўна 23.03. З гэтым яўна пашанцавала, бо, напрыклад, у Польшчы, з 40 назіранняў палярныя чайкі адзначаліся толькі на працягу аднаго дня ў амаль 59% выпадкаў!

Малы лебедзь (Cygnus columbianus) – параўнальна ранняе і пакуль што адзінае для гэтай вясны назіранне адбылося 07.03 на Любаншчыне. Больш раннія рэгістрацыі віда былі толькі 01.03.2015 (зімуючых птушак) на Гарадзеншчыне і 06.03.2017 на Берасцейшчыне.

птушкі

Малыя лебедзі пад Любанню, 07-03-2019. Здымак Мікалая Вераб'я

Пярэстая качка (Tadorna tadorna) – пара, якую мы ўпершыню адзначылі на рыбгасе “Каенеўцы” 17.03, трымалася там да канца месяца. Цікава, што вясной мінулага году на тым жа рыбгасе ў сярэдзіне красавіка трымаліся 2 самкі, а ў 2017 годзе пярэстыя качкі (у розным складзе і колькасці самцоў і самак) адзначаліся на рабгасе і наваколлі з канца красавіка нават да канца мая. Усё гэта стварае надзею, што менавіта тут магчымы другі выпадак гнездавання віду (першы і адзіны адбыўся на ачышчальных сажалках цукровага камбіната у Нясвіжскім раёне яшчэ ў 1989 годзе) – паглядзім, што і як будзе адбывацца ў красавіку.

птушкі

Пара пярэстых качак на рыбгасе "Каеняўцы", Бераставіцкі раён, 17-03-2019. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага

Белавокі нырок (Aythya nyroca) – від, які ў апошнія гады змяніў свой статус у Беларусі з гняздуючага ў вельмі невялікай колькасці на вельмі рэдка адзначаемы выключна на пралёце. Дастаткова сказаць, што гэта толькі 13-я рэгістрацыя белавокага нырка з 2011 году! Адбылася адна сустрэча – 25.03 самец быў адзначаны на адным з вадасховішчаў у нацыянальным парку “Белавежская пушча”:

птушкі

Здымак Вадзіма Пракапчука.

Чырвонаваллёвая казарка (Branta ruficollis) – вельмі рэдкі у нас від, які адзначаецца пад час міграцый нават не штогод. Адзіная сустрэча (на жаль, не пацверджаная фатаграфіяй) адбылася 25.03.

Чорная казарка (Branta bernicla) адзначаецца ў нашай краіне яшчэ радзей за папярэдні від. Таму выключна вуснае паведамленне пра яе назіранне 22.03 паляўнічым варта ўспрымаць з вялікай доляй скептыцызму.

Белашчокая казарка (Branta leucopsis) у невялікай колькасці рэгіструецца пад час вясновых і восеньскіх міграцый фактычна па ўсёй краіне. За сакавік адбылося 5 сустрэч з відам: 08.03 і 17.03 (мін 6 птушак) ў пойме Свіслачы ў Бераставіцкім раёне, 20.03 у Наваградзкім раёне, 23.03 у г.Смалявічы і 24.04 у г.Любань. Пакуль гусі працягваюць ляцець праз нас у тундру, застаюцца шанцы адзначыць усе віды казарак і ў красавіку.

Марская чайка (Larus marinus), адзначаная 17.03 у Мінску, працягвае традыцыю на параўнальна рэгулярныя рэгістрацыі гэтага віду ў сталіцы або яе наваколлі. Аднак менавіта гэтая асобіна аказалася першай для Беларусі, у якой ногі жоўтаватага колеру (замест ружовага!) і спачатку яна нават была прынятая за меншую памерамі чайку-клыгуна з нетыповай цёмнай мантыяй:

птушка

Здымак Ірыны Самусенка

Чорнагаловая чайка (Larus melanocephalus) – у сакавіку адбыліся мін 2 рэгістрацыі: 15.03.  на адстойніках у Шабанах  бачылі адзінкавую птушку і мінімум 2 чайкі назіралі 17.03 на Чыжоўскім вадасховішчы (абодва месцы знаходзяцца на ўскрайку Мінска).

птушкі

Мінск, 17-03-2019, здымак Ірыны Самусенка

Качка-мандарынка (Aix galericulata) – від-інтрадуцэнт, які, на жаль, пачаў адзначацца ў нашай краіне амаль штогод. Не стала выключэннем і гэта вясна, і на самца, першапачаткова сфатаграфаванага 17.03 ў Раўбічах пад Мінскам, з’ехаліся занесці ў свой асабісты спіс адзначаных (ц)і сфатаграфаваных відаў некалькі мінскіх бёдуотчараў.

Арол-маркут (Aquila chrysaetos) – адзінае назіранне дарослай птушкі на ўскрайку Мінска адбылося 02.03.

Чырвоны каршун (Milvus milvus) – яшчэ адзін від, які парадаваў мінскіх бёрдуотчараў. Адна птушка 29.03 была сфатаграфаваная ў Дзяржынскім раёне. Цікава, што менавіта з гэтага месца як мінімум з 2015 году вядома пра рэгулярнае гнездаванне змешанай пары чырвонага і чорнага каршуноў. Ці адбудзецца гнездаванне сёлета, мы ўбачым ўжо ў бліжэйшыя вясновыя месяцы.

птушка

Дзяржынскі раён, 29-03-2019,здымак Ірыны Ляшчовай

Сняжуркі (Plectrophenaх nivalis) заставаліся з намі да самага апошняга снегапада і за люты і сакавік былі адзначаныя 4 разы: 10.02 на Вушаччыне, 13.02 у Гродзенскім раёне, 19.02 у Драгічынскім раёне і 08.03 на Талочыншчыне, прычым у апошнім месцы у параўнальна значнай колькасці – каля 100 птушак:

Чырвонагаловы каралёк (Regulus ignicapillus) паступова павялічвае сваю колькасць не толькі ў Беларусі, аднак атрымана толькі адно паведамленне пра сустрэчу з відам 31.03. у Выганашчанскім заказніку на Івацэвіччыне.

Чорнагаловы ерчык (Saxicola rubicula) – адбылася самая ранняя з вядомых нам рэгістрацый віда – самца назіралі ўжо 09.03 у Брэсцкім раёне. Акрамя гэтага, пра яшчэ адну сустрэчу, з Камянеччыны, стала вядома 31.03.

Белая сініца (Cyanistes cyanus) у новых, раней невядомых месцах, была зарэгістраваная двойчы ў сакавіку: у Петрыкаўскім раёне 10.03 і ў Мазырскім 23.03. У пойме Прыпяці на Лунінеччыне адна сініца была адзначаная ўжо ў вядомым месцы 17.02.

птушка

Мазырскі раён, 23-03-2019, здымак Андрэя Шэўчыка

 

Нагадваем, што хаця Спіс Клуба200 змянііўся з пачаткам сакавіка, не гледзячы на выключэнне 5 відаў птушак, ён нават трошкі павялічыўся.

 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Верхні здымак палярнай чайкі Ірыны Самусенка

 

 

На гэтую тэму:

У МІНСКУ АДЗНАЧАНЫ НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК– ПАЛЯРНАЯ ЧАЙКА!

БОЛЬШ ТРАЦІНЫ ВІДАЎ СА СПІСА ПТУШАК БЕЛАРУСІ – У АБНОЎЛЕНЫМ СПІСЕ ВІДАЎ КЛУБА200

ВЫДАТНЫ ПАЧАТАК: АГЛЯД ЦІКАВЫХ НАЗІРАННЯЎ КЛУБА200 ЗА СТУДЗЕНЬ-2019

АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ НОВЫХ І РЭДКІХ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІДАЎ ПТУШАК ЗА 2018 ГОД. ЧАСТКА 1: АД ГАГАЧОЎ ДА КУЛІКОЎ

АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ НОВЫХ І РЭДКІХ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІДАЎ ПТУШАК ЗА 2018 ГОД. ЧАСТКА 2: АД ЧАЕК ДА ВЕРАБ’ІНЫХ

ЗІМА-2018: НАШЫ САМЫЯ ЦІКАВЫЯ НАЗІРАННІ ПТУШАК

Ужо не зіма, але яшчэ і не вясна: назіранні птушак са спісу Клуба200 ў сакавіку-2018