Каманда даследчыкаў з Max Planck Institute for Ornithology (Германія) і California Polytechnic State University (ЗША) знайшла, што абарончыя паводзіны дарослых птушак, якія ў выпадку небяспекі для гнязда або птушанят дэманструюць драпежніку “злaманае крыло” і такім чынам адцягваюць яго ўвагу на сябе, распаўсюджаны нашмат шырэй сярод розных таксонаў, чым было прынята лічыць раней.
Каб даведацца пра тое, якія віды прымяняюць гэтую тактыку і ў чым яны падобныя, навукоўцы прааналізавалі мноства публікацый на гэтую тэму. І хаця мы ведаем пра гэтыя паводзіны птушак больш за 100 гадоў, яны яшчэ не аналізаваліся ў падобным ракурсе.
Усяго атрымалася знайсці згадкі пра выкарыстанне тактыкі “зламанага крыла” амаль 300 відамі, якія адносяцца да 52 сямействаў 13 атрадаў. Гэта магло б значыць, што падобныя паводзіны ўзнікалі незалежна ў розны час у некалькіх таксонах.
Затым навукоўцы параўналі і ацанілі 16 экалагічных і біялагічных характарыстык згодна з гіпотэзай, што яны маглі прычыніцца да ўзнікнення і замацавання падобных паводзін. Знайшлося 8 рысаў, якія хутчэй за ўсё звязаныя з ціскам натуральнага адбору на захаванне падобнай тактыкі. Гэта віды, якія гняздуюць далей ад экватара,у цесным асяроддзі, маюць параўнальна непрацяглы тэрмін інкубацыі яек. Акрамя гэтага, іх гняздо знаходзіцца ў невысокай расліннасці або і без яе навокал і яйкі наседжвае толькі адзін з бацькоў; птушаняты гнездавога тыпу або бацькі могуць мець больш аднаго вывадка за сезон і яны ўдзельнічаюць у мобінгу драпежнікаў (калі такая магчымасць прадставіцца).
Крыніца: Léna de Framond et al, The broken-wing display across birds and the conditions for its evolution, Proceedings of the Royal Society B: Biological Sciences (2022). DOI: 10.1098/rspb.2022.0058
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Вялікі зуёк (Charadrius hiaticula) дэманструе “зламанае крыло”. Малюнак L. de Framond. Паводле Proceedings of the Royal Society B: Biological Sciences (2022).
На гэтую тэму:
Самцы стараюцца бараніць ад драпежнікаў сваё патомства і ў чужых гнёздах
Cамкі снежных зуйкоў усё роўна добрыя мамы, нават калі кідаюць сваіх птушанят?
Лыскі адрозніваюць сваіх птушанят ад чужых
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
Harrier - 05.04.2022 - 16:14
Здаецца, што з тыпам…
Здаецца, што з тыпам птушанят у артыкуле памылка, хаця праверыў Самары - там таксама напісана "гнездавыя".