Міжнародная каманда даследчыкаў паказала, што ў пярэстых валасяніц (Ficedula hypoleuca) бацькоўства па-за парай прыводзіць да кааперацыі паміж самцамі, якія маюць сваіх патомкаў у тым самым гняздзе і пад час яго абароны ад драпежнікаў, і пад час іх выкармлівання.
Большасць відаў птушак выкарыстоўвае ў якасці стратэгіі размнажэння сацыяльную манагамію, аднак пад час больш паглыбленага вывучэння колькасць відаў, для якіх выяўляюць капуляцыю па-за парай і іншыя метады бацькоўства па-за парай, увесь час павялічваецца. Перавагі капуляцый па-за парай (ЕРС) для самак да канца яўна незразумелыя. Асноўныя гіпотэзы, якія тлумачаць падобны паводзіны, наступныя: ЕРС ствараюць няўпэўненасць у бацькоўстве для самцоў і таму змяншаюць рызыку інфантыцыду ў групах, дзе самцоў больш аднаго. ЕРС могуць ссоўвываць фокус самца з дзеянняў толькі на карысць сваёй адзінай партнёркі і гнязда на суседнія пары (вывадкі). Гэта, найперш, можа заключацца ў дапамозе суседзям пад час моббінгу драпежнікаў. У гэтым можа дапамагчы і размяшчэнне гнёздаў групамі параўнальна блізка адно ад аднаго.
Каб праверыць апошнюю гіпотэзу і знайсці магчымыя заканамернасці ў паводзінах птушак пад час небяспекі для гнёздаў суседніх пар, даследчыкі на працягу некалькіх гнездавых сезонаў вывучалі птушак з той самай папуляцыі ў маладым сасновым лесе (45-65 гадоў) у Латвіі, дзе для гэтага развесілі 44 дуплянкі ў своеасаблівых тройках. Усе дуплянкі ў ‘тройках’ былі занятыя птушкамі з розных пар, якія былі размешчаны на адлегласці каля 125 м адна ад адной. Такая адлегласць была выбрана спецыяльна, каб выключыць магчымасць мобінгу драпежніка калі б ён успрымаўся птушкамі з розных гнёзд таксама як каля свайго гнязда. “Тройкі” гнёзд падзяліліся адлегласцю мінімум 550 м паміж бліжэйшымі дуплянкамі з іх.
Дарослыя валасяніцы не кальцаваліся перад пачаткам доследаў. Каб іх лёгка адрозніваць паміж сабой, за 2-5 дзён перад іх пачаткам на ляток кожнай дуплянкі прымацоўвалася спецыяльна розна афарбаваныя гумкі, аб якія птушкі выпэцкваліся ў фарбу, якая не змывалася вадой і дазваляла пазнаваць іх індывідуальна. Пасля заканчэння доследаў, усе дарослыя птушкі (n=264) адлаўліваліся і ад кожнай бралася кроў для правядзення генетычнага аналіза на вызначэнне бацькоўства для кожнага (n=755) з іх птушанят, якія траплялі пад тую ж працэдуру. Каб адсачыць дзеянні самцоў і самак з суседніх пар з той самай ‘тройкі’, у 1 м ад дупла ў яго кірунку галавой садзілі пудзіла шэрай кугакаўкі і пасля выяўлення ‘драпежніка’ птушкамі з гэтай дуплянкі, назіралі за падзеямі на працягу наступных 10 хвілін.
Самцы валасяніц звычайна капуліравалі з самкамі з суседніх дуплянак пад час таго, як іх самец адсутнічаў. Таксама аказалася, што ў выніку гэтых капуляцый даволі звычайнай з’явай было бацькоўства па-за парай для некаторых птушанят у многіх вывадках. Аднак самым цікавым было тое, што такія самцы, здаецца, ведалі, у якіх з суседніх дуплянак ёсць (ці могуць быць) іх патомкі. І калі ‘драпежнік’ з’яўляўся каля гнязда, у якім не было такіх птушанят, суседні самец не далучаўся да моббінгу. Аднак калі такія свае птушаняты ў суседнім дупле былі (гэта вызначалі з дапамогай генетычных тэстаў на бацькоўства), такі самец дапамагаў гаспадарам і нападаў на ‘драпежніка’ таксама, як рабіў гэта каля свайго дупла. Акрамя гэтага, такія самцы дапамагалі выкармліваць птушанят не толькі сваёй самцы, але і там, дзе былі іх патомкі на суседнім гняздзе ці гнёздах.
Крыніца: Extra-pair paternity explains cooperation in a bird species, Proceedings of the National Academy of Sciences (2022). DOI: 10.1073/pnas.2112004119.
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак самкі пярэстай валасяніцы Alla Erdmann
На гэтую тэму:
Самкі птушак пад час выбару партнёра пераборлівыя, але вынаходлівыя
Птушкі паказалі эвалюцыйныя перавагі закаханасці
Самкі нізкага рангу выбіраюць нізкарангавых самцоў
Самцам, якія добра даглядаюць патомства, амаль не страшныя здрады самак
Пра сэкс птушак і змены нашых уяўленняў пра гэты бок іх жыцця
Самцы вераб’ёў горш даглядаюць птушанят ад няверных самак
Даказана: спарванне па-за парай часам адзіная магчымасць мець патомства
Пасля няўдачы з першым партнёрам, сініцы шукаюць у дадатак да яго іншых
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ