Запрашаем на чарговы он-лайн сезон зімовых назіранняў з наваколля Белавежскай пушчы

сойка

Шостую зіму запар наш сайт “Птушкі штодня” прапануе ўнікальную для нашай краіны магчымасць – утульна седзячы у цёплай хаце, офісе ці на занятках, глядзець за актыўным зімовым жыццём нашых дзікіх суседзяў у рэжыме LIVE. Спадзяемся, што змена месца размяшчэння камеры дазволіць убачыць і ўжо знаёмых па мінулых стрымах, і новыя віды і птушак, і звяроў наваколля Белавежскай пушчы.

Кругласутачны фармат дазволіць назіраць і за дзённай актыўнасцю пераважна птушак, і за начным жыццём пераважна звяроў. Як і ў мінулыя разы, сталоўка для дзікіх жывёл з разнастайным пачастункам знаходзіцца ў ваколіцах невялічкай пушчанскай вёсачцы Вугляны, што на Камянеччыне. Месца, дзе ўсталявана наша камера, ўяўляе невялічкую паляну паміж нізінным балотцам, сасновым і вольхавым лесам. Як раз тут праходзіць звярыны пераход, ды і чародкі вераб’іных карыстаюцца гэтым калідорам.

І калі ў мінулыя зімы пад час трансляцыі мы маглі назіраць амаль выключна за птушкамі (за выключэннем трансляцый на беразе ракі Лясная, дзе сваёй прысутнасцю ў кадры нас радавалі і бабры, і выдры, і норкі, і лісы, і янотападобныя сабакі), то сёлета мы спадзяемся на магчымасць убачыць каля сталоўкі і іншых звяроў (прынамсі, казуль, аленяў, зайцоў, лісаў, а можа і яшчэ каго, і не раз). Спецыяльная падсветка і вочы звяроў, якія будуць "свяціцца" у адказ, дапамогуць заўважыць іх у цёмны час сутак. Менавіта ў гэтым месцы, па вопыту мінулагодніх трансляцый, ёсць шанец паназіраць за шэрай кугакаўкай і вушатай савой. Яны дастаткова хутка знаходзяць “новы зімовы рэстаран”, бо мышападобныя грызуны – іх патэнцыйная здабыча, робяць гэта амаль адразу.

І калі на сталоўку і побач рэгулярна наведваюцца дробныя птушкі і грызуны, то з часам варта чакаць і тых, хто імі харчуецца: гэта ня толькі совы, але і дзённыя драпежныя птушкі і драпежныя млекакормячыя (кун’і).

А ўвогуле, разлічваем разам з Вамі ўбачыць прыкладна два дзесяткі відаў пярнатых. Ужо ў момант тэхнічнага абсталявання пляцоўкі і выкладкі кармоў, як заўсёды, разнастайнага і багатага меню, на яе прыляцелі вялікія сініцы, палявыя вераб’і, сарока і сойка. Сапраўдная зіма яшчэ наперадзе, таму і відаў, і птушак, якія “знойдуць” тут ежу і будуць прылятаць пад’есці на сталоўку, будзе больш. Але цікавыя паводзіны і ўзаемаадносіны паміж рознымі відамі можна назіраць ужо зараз.

Як і любая сур’ёзная справа, забеспячэнне штодзённай бесперапыннай трансляцыі ў рэжыме LIVE патрабуе адказнай каманднай працы, і мы шчыра ўдзячныя Вадзіму Пракапчуку, уладальніку сядзібы ў Вуглянах, з якой ладзіцца чарговыя назіранні птушак, і Аляксандру Мінічу, арнітолагу з Брэста, які мае шматгадовы паспяховы досвед не толькі з арганізацыі он-лайн трансляцый са сталовак для птушак, але і з гнёздаў сокала-пустальгі.

Важна, што дзякуючы серверу, які ізноў бескаштоўна прадаставіў нам “Элнет”, мы можам глядзець стрым на сервісе YouTube. А гэта, у сваю чаргу, дазваляе любому гледачу ‘адматваць’ трансляцыю да 12 гадзін назад і самастойна шукаць цікавыя моманты з яе.

Вашы пытанні, каментары і скрыншоты таго, што адбываецца на сталоўцы, дапамогуць лепш разумець іншым гледачам, што цікавага або незвычайнага Вы назіралі і нам вызначыць від(ы) птушак і звяроў і растлумачыць асаблівасці іх паводзін. Каб мець магчымасць каментаваць падзеі, трэба зарэгістравацца на сайце.

Любы чалавек з Беларусі можа не толькі назіраць за трансляцыяй, але і фінансава дапамагчы нашаму праекту, пералічыўшы любую суму грошай (у разумным памеры) на тэлефон + 375 445 40 26 91 (А1). Гэты нумар забяспечвае мабільны інтэрнет для камеры.

Цікавага прагляду і загадзя дзякуем за дапамогу!

 

Скрыншот з сойкай і відэа з шуляком-карагольчыкам, арланам-белахвостам і вушатай савой з нашай мінулагодняй трансляцыі