Птушкі і іншая эндэмічная фауна паспяхова аднаўляюцца на Галапагосах пасля дэратызацыі

Пасля паспяховага вынішчэння чужародных грызуноў на двух астравах Галапагоскага архіпелагу, якое адбылося 10 гадоў таму, каманда навукоўцаў рэгулярна наведвае Rábida і Pinzón, каб адсочваць змены ў складзе мясцовай фауны і флоры, якія там адбываюцца. І тое, што яны ўбачылі на гэтых астравах мінулай восенню, не можа не радаваць.

Звычайным відам птушак на абодвух гэтых астравах, якія знаходзяцца ў цэнтры Галапагоскага архіпелагу, сталі кактусавыя ўюркі (Geospiza scandens), якія зніклі тут больш за 40 гадоў таму. Аднак найбольш дзіўным і адным з самых прыемных адкрыццяў стала знаходка на поўначы вострава Pinzón невялікай папуляцыі галапагоскага пастушка (Laterallus spilonota). Гэты від, эндэмічны для іншых астравоў архіпелагу, раней не быў вядомы для гэтага вострава.

Сярод іншых прыемных адкрыццяў было павелічэнне рэгістрацый галапагоскага канюха (Buteo galapagoensis), які, па словах навукоўцаў, “паспяхова выконвае тут сваю роль топ-драпежніка”, а таксама стабільная колькасць лісцепальцавых геканаў (Phyllodactylus maresi) на востраве Rábida, якія раней былі вядомыя тут толькі па выкапневых парэштках узростам каля 5000 гадоў.

Маніторынгавая экспедыцыя ачольвалася рэйнджэрамі з Galapagos National Park і падтрымлівалася, у тым ліку і ўдзелам, прадстаўнікамі Jocotoco Foundation і University of Idaho (ЗША). Некалькі дзён на прыканцы лістапада каманда праводзіла ўлікі малюскаў, рэптылій і птушак, а таксама даследавала змены ў складзе расліннасці. З-за параўнальна невялікай плошчы Rábida і Pinzón, мясцовая флора і фауна панеслі вялікія страты ад некалі завезеных туды чалавекам грызуноў, якія з часам вельмі размножыліся.

Danny Rueda Córdova, дырэктар Galapagos National Park, сказаў: "Меры, прынятыя па кіраванні гэтымі тэрыторыямі за апошнія дзесяцігоддзі, былі эфектыўнымі і сёння мы ўжо бачым іх вынікі. Гэтыя астравы ізноў сталі месцам пражывання эндэмічных відаў, значнымі для ўсёй экасістэмы архіпелагу. Упершыню за апошнія 150 гадоў гіганцкія чарапахі вярнуліся на Pinzón, каб адкласці там свае яйкі. Дзякуючы нашай працы па вынішчэнні інвазійных чужародных грызуноў, папуляцыі многіх мясцовых відаў пачалі аднаўляцца самастойна, без умяшальніцтва чалавека”.

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Галапагоскі канюх з https://en.wikipedia.org

 

 

На гэтую тэму:

Освободим тихоокеанские острова от крыс для птиц и людей.

Золотой медосос избегает угрозы от змеи-интродуцента

Як навукоўцы сталі сведкамі ўзнікнення новага віду “дарвінаўскага” ўюрка