Каб не гадаваць зязялючынё, трэба загнездаваць бліжэй да чалавека?

Вельмі цікавыя вынікі атрымала міжнародная каманда навукоўцаў, якая вывучала ўзаемаадносіны даўрскіх рудахвостак (Phoenicurus auroreus) і іх гнездавых паразітаў – звычайных зязюляў (Cuculus canorus). Рудахвосткі гнездавалі бліжэй да паселішчаў чалавека ці нават у іх, калі чулі ці бачылі зязюляў навокал у пачатку гнездавання. Такім чынам, рудахвосткі пазбягалі гнездавога паразітызму, таму што зязюлі ў сваю чаргу пазбягаюць людзкіх паселішчаў.

Даследчыкі не толькі праводзілі доўгатэрміновыя назіранні ў прыродных умовах на паўночным усходзе Кітая, але і добра прадуманыя эксперыменты, якія паказалі своеасаблівую і параўнальна новую стратэгію даўрскіх рудахвостак супраць гнездавога паразітызму. Атрыманыя вынікі таксама дазваляюць убачыць вельмі спецыфічныя вынікі ўрбанізацыі на міжвідавое ўзаемадзеянне дзікіх птушак.

Гнездавыя паразіты, у тым ліку многія зязюлі, падкідваюць свае яйкі ў гнёзды іншых відаў птушак, ‘прыёмных’ бацькоў, якія часцей за ўсё такім чынам выгадоўваюць толькі зязюльчыня, без сваіх патомкаў (хаця ёсць і выключэнні).

Самка зязюлі непасрэдна перад адкладкай свайго яйка звычайна праглынае або выкідае адно ці больш яек будучых прыёмных бацькоў свайго патомка. А пасля вылуплення зязюльчынё звычайна выпіхвае з гнязда яйкі ці нават птушанят птушак-гаспадароў гнязда, каб таким чынам манапалізаваць бацькоўскую ўвагу. Патэнцыйныя прыёмныя бацькі гнездавых паразітаў павінны ўмець або адрозніваць чужыя яйкі ў сваім гняздзе і выкідваць іх, або умець пазбягаць магчымасці іх падкінуць.

Навукоўцы з Max Planck Institute for Biological Intelligence (Германія) і іх калегі з Beijing Normal University і Beijing Forestry University (Кітай) змаглі назіраць менавіта другую стратэгію выйсця з сытуацыі з гнездавымі паразітамі на прыкладзе даўрскіх рудахвостак. Рудахвосткі – звычайны прыёмны від для птушанят зязюляў у Паўночна-Усходнім Кітае. Яны гняздуюць двойчы за сезон, першы раз да прылёту зязюляў, а другі – пасля яго. Акрамя таго, добра вядома, што зязюлі стараюцца пазбягаць кантакту з людзьмі.

Аказалася, што месца другога гнездавання рудахвосткі пераносілі бліжэй да паселішчаў чалавека ці нават у іх і такім чынам ‘трымалі’ зязюляў на адлегласці ад сваіх гнёздаў. Каб праверыць гіпотэзу пра сувязь месца гнездавання са з’яўленнем зязюляў навокал, даследчыкі прайгравалі голас зязюляў і дэманстравалі рудахвосткам ‘мадэлі’ гэтых гнездавых паразітаў перад пачаткам першага гнездавання ў сезоне і адзначылі такія ж іх паводзіны.

"Упершыню атрымалася прадэманстраваць, што даўрскія рудахвосткі адаптуюць гнездавыя паводзіны да таго, адзначылі яны гнездавога паразіта навокал ці не” – сказаў Jinggang Zhang, даследчык з Max Planck Institute for Biological Intelligence. Сымуляцыя прысутнасці зязюляў пад час першага ў сезоне гнездавання вымушала рудахвостак гнездаваць бліжэй да будынкаў чалавека або нават унутры іх. Гэта дакладна нагадвала паводзіны рудахвостак пад час другога гнездавання ў сезоне, калі навокал ужо былі сапраўдныя зязюлі.

Навукоўцы таксама знайшлі, што рызыка стаць ахвярай гнездаваога паразітызму зязюляў павялічвалася з адлегласцю размяшчэння гнязда да бліжэйшага пасялення чалавека. Таму арнітолагі ўпэўнены, што рудахвосткі выпрацавалі эфектыўную стратэгію па пазбяганні гнездавога паразітызму і выкарыстоўваюць для гэтага страх зязюляў перад чалавекам і яго паселішчамі.

Аднак у другім даследаванні той самай каманды навукоўцаў зязюлі прадэманстравалі свае здольнасці да рашэння праблемы з выбарам гнёздаў для падкідвання яек. Розныя самкі рудахвостак адкладваюць яйкі двух колераў: шэра-блакітныя і ружовыя. Яйкі той расы звычайных зязюляў, якая паразітуе на гнёздах рудахвостак, падкідвае ім блакітныя яйкі. І таму тыя самкі зязюляў, якія выбіраюць гнёзды рудахвостак менавіта з блакітнымі яйкамі, павялічваюць шанцы на тое, што іх яйкі не будуць выкінутыя патэнцыйнымі прыёмнымі бацькамі.

"Гэтая стратэгія выбара гнёздаў з адпаведным колерам яек пастулявалася і раней, аднак шэраг нашых назіранняў і эксперыментаў дазволіў даказаць яе выкарыстанне зязюлямі” – сказаў Jinggang Zhang. На працягу больш 5 гадоў даследчыкі маніторылі больш за 500 гнёздаў даўрскіх рудахвостак. І атрымалася, што гнёзды гэтага віду з блакітнымі яйкамі зязюлі выбіралі ў два разы часцей каб падкінуць свае, чым гнёзды рудахвостак з ружовымі яйкамі.

Каб канчаткова пацвердзіць знойдзеную заканамернасць, даследчыкі таксама зрабілі штучныя гнёзды рудахвостак з мадэлямі яек рудахвостак або цалкам блакітнага, або ружовага колераў і размешчалі іх паблізу сапраўдных і актыўных гнёздаў. Аказалася, што амаль ва ўсіх выпадках зязюлі выбіралі ў якасці гнёздаў патэнцыйных прыёмных бацькоў для сваіх патомкаў гнёзды з блакітнымі яйкамі, нават калі гэта былі імітаваныя гнёзды побач з сапраўднымі з ружовымі яйкамі.

Крыніца: Jinggang Zhang et al, Brood parasitism risk drives birds to breed near humans, Current Biology (2023) DOI: 10.1016/j.cub.2023.01.047

Паводле www.phys.org (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Асаблівасці гнездавога паразітызму звычайнай зязюлі на чаротаўках

З незвычайнага жыцця звычайнай зязюлі. Частка І

З незвычайнага жыцця звычайнай зязюлі. Частка ІІ

Птушка 2014 году – звычайная зязюля і гнездавы паразітызм + VIDEO

ГНЕЗДАВЫЯ ПАРАЗІТЫ І ГАСПАДАРЫ: ХТО КАМУ ДАПАМАГАЕ?