Асаблівасці гнездавога паразітызму звычайнай зязюлі на чаротаўках

Каманда чэшскіх арнтолагаў зрабіла даволі складанае даследаванне асаблівасцяў размнажэння звычайнай зязюлі (Cuculus canorus) там, дзе гэты від у якасці прыёмных бацькоў для сваiх птушанят выбірае розныя віды чаротавак (Acrocephalus spp.).

У выніку атрымалася паказаць, што “гнездавыя” тэрыторыі самак зязюлі значна адрозніваюцца памерамі і могуць у вялікай ступені перакрывацца паміж сабой. Чым большай была шчыльнасць віда, які станавіўся “прыёмным” для зязюльчынят, тым меншай была тэрыторыя самак зязюлі. Не было знойдзена значных адрозненняў паміж тэрыторыямі тых самых самак зязюлі ў наступныя сезоны размнажэння на працягу двух гадоў запар іх вывучэння. Акрамя таго, што яўная бальшыня самак зязюлі старалася падкідваць яйкі толькі аднаму віду чаротавак, яны для гэтага пад час падкідвання наступных яек выбіралі бліжэйшыя адно да аднаго гнёзды гэтага віда ці адны з бліжэйшых.

Даследаванне праводзілі на тэрыторыі рыбгаса і прылеглай забалочанай нізіне ў мясцовасцях Mutěnice і Hodonín (Чэхія) у мае-ліпені 2016-17 гг. Для таго, каб знайсці максімальную колькасць яек зязюляў, даследчыкі адразу пасля прылёту самцоў стараліся нанесці на мапу ўсе тэрыторыі дроздавых чаротавак і потым знайсці іх гнёзды, што кожны год атрымлівалася рабіць амаль для ўсіх пар гэтага віду, нават і для паўторных кладак. Для трысняговых чаротавак знаходзілі прыкладна 80% іх гнёздаў, тады як лепш замаскаваныя гнёзды балотнай і звычайнай чаротавак знаходзілі толькі выпадкова. Аднак у рэгіёне даследаванняў зязюлі параўнальна рэдка падкідваюць свае яйкі ў гнёзды апошніх двух відаў, таму іх малая колькасць не магла значна змяніць атрыманыя вынікі.

Каб ведаць даты адкладкі яек зязюлямі, ўсе знойдзеныя гнёзды патэнцыйных прыёмных бацькоў пастаянна правяраліся або непасрэдна назіральнікамі, або з дапамогай камер-лавушак.

Каб атрымаць генетычны матэрыял для далейшых аналізаў і з-за таго, што звычайна ў гнёздах прыёмных бацькоў выжывае толькі адно зязюльчынё, навукоўцы забіралі другое і трэцяе падкінутыя зязюлямі яйкі і змяшчалі іх у інкубатар і, пасля вылуплення, падсажвалі ў гнёзды чаротавак. Ва ўсіх зязюльчынят (і тых, што не вылупіліся), а таксама для 20 дарослых самак, якіх злавілі на тэрыторыі даследаванняў, узялі кроў або кавалак тканкі для генетычных аналізаў.

птушка

Здымак Уладзіміра Бондара

Прыналежнасць птушанят і яек да асобных самак зязюлі вызначалі дзякуючы параўнанню генатыпаў і – калі гэта было немагчыма – фенатыпічна, г.зн. з дапамогай адмыслова распрацаванай кампутарнай праграмы, якая на аснове лічбавых здымкаў і прамераў яек (агулам 11 рысаў) адносіла іх да той ці іншай самкі.

На аснове атрыманай інфармацыі пра мацярынства ў адносінах да асобных яек і птушанят, даследчыкі вылічылі размяшчэнне і плошчу тэрыторый асобных самак зязюлі.

У паасобныя гады атрымалася аднесці да канкрэтных самак ад 1 да 15 яек і птушанят, прычым сярэдняя плошча, дзе зязюлі падкідвалі свае яйкі была 15,3 га (мінімум 0,01 га – максімум 2622,2 га). Гэтыя паказчыкі моцна пазітыўна карэлявалі паміж сабой, прычым тэрыторыі асобных самак перакрываліся ад 0 да 100%. Гэтыя ж тэрыторыі практычна супадалі для тых самых самак у розныя гады, а даты адкладкі першых яек тымі самымі самкамі адрозніваліся ад 1 да 32 дзён.

Для 233 яек зязюляў, дату адкладкі якіх атрымалася ўсталяваць, яны былі падкінутыя у гнёзды чаротавак з 6 мая да 2 ліпеня і не адрозніваліся паміж дроздавай чаротаўкай (133 падкінутых яйка) і трысняговай (98 яек). Розніца паміж адкладкай першага і апошняга вядомага яйка той самай самкі ў той самы год атрымалася ад 3 да 51 дня (для 37 самак, для якіх былі знойдзены мінімум 2 адкладзеных у той самы сезон яйкі).

25 самак падкідывалі яйкі толькі аднаму віду прыёмных гаспадароў і толькі 2 самкі рабілі гэта і ў гнёзды іншых відаў: адна з іх адклала 1 яйка трысняговай чаротаўцы і 4 драздовай, другая 1 балотнай і 2 яйкі  трысняговай чаротаўцы адпаведна. Ніводная з самак не змяніла від, якім падкідвала яйкі ў 2016-17 гг і толькі адна з самак абодва гады назіранняў паразітавала на дроздавай чаротаўцы, але ў другі год назіранняў таксама падкінула адно яйка і трысняговай чаротаўцы.

Цікава, што ў 25 выпадках з 55 адсочаных, калі зязюлі падкідвалі свае яйкі ў гнёзды дроздавых чаротавак, гэтыя гнёзды знаходзіліся найбліжэй адно да аднаго. Сярэдняя адлегласць паміж гнёздамі, куды зязюлі падкідвалі наступныя яйкі, склала 613 м (мін 65 м, максімум – 3657 м).

 

Крыніца: J Koleček et al. Spatiotemporal patterns of egg laying in the common cuckoo // Animal Behaviour: 177, 2021: 107-116 https://doi.org/10.1016/j.anbehav.2021.04.021

Паводле www.sciencedirect.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Верхні здымак Сяргея Чарапіцы

 

 

На гэтую тэму:

Птушка 2014 году – звычайная зязюля і гнездавы паразітызм + VIDEO

Зязюлі са Скандынавіі - гэта іншы від?

Спадарожнікавае сачэнне за брытанскімі зязюлямі: змяншэнне іх колькасці звязана з рознымі пралётнымі шляхамі

Зязюлі мімікруюць пад шулякоў

Зязюля інкубуе свае яйкі ўнутры цела

Як балотныя чаротаўкі Птушку году выкармілі

Як некаторыя птушкі паспяхова выкарыстоўваюць метады мафіі