Гэтым летам у скандынаўскай папуляцыі гуся-піскулькі (Anser erythropus), якому крытычна пагражае знікненне (Critically Endangered), атрымаўся вельмі паспяховы гнездавы сезон. На балотах Valdak, якія знаходзяцца ў межах невялікага прыроднага рэзервата Stabbursnes на поўначы Нарвегіі, прадстаўнікі таварыства BirdLife Norway на прыканцы жніўня налічылі не менш за 137 птушак, з якіх 83 – птушаняты.
Гэта найбольшая колькасць маладых птушак, якую атрымалася адзначыць з 1990-га году, калі тут пачаўся маніторынг гнездавання гусей-піскулек. Для параўнання, у 2020-м гусі вывелі на балотах 1 птушаня, 4 у 2021-м і 7 у 2022 годзе. Сёлета птушаняты вылупіліся як мінімум у 23 гнёздах і ў некаторых пар сталі на крыло ажно па 5 гусянят.
Пасля многіх сезонаў з катастрафічна нізкім поспехам гнездавання, сёлетні вынік пазітыўна здзівіў навукоўцаў. Ellen Hambro з Norwegian Environment Agency сказала: “Гэта фантастычныя навіны і прыемны сюрпрыз для нас. Асабліва пасля многіх дзесяцігоддзяў з вельмі невялікім поспехам размнажэння гусей. Гэта адзіная вядомая ў Еўропе гнездавая папуляцыя віда, таму мы ў Нарвегіі нясем асаблівую адказнасць за захаванне віду”.
Гусь-піскулька ў гістарычны час быў звычайным відам у Нарвегіі і яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя яго колькасць ацэньвалася ў прыкладна 10 тысяч гняздуючых асобін. Аднак інтэнсіўнае паляванне як у гэтай краіне, так і пад час міграцыі і на месцах зімоўкі гусей прывяло да катастрафічнага змяншэння колькасці піскулек. З пачатку нашага стагоддзя від больш не рэгіструецца на гнездаванні ў Фінляндыі і Швецыі, а ў Нарвегіі вядомы толькі з поўначы краіны з рэгіёну Finnmark, дзе уся гняздуючая папуляцыя налічвае ад 20 да 35 пар. У Швецыі апошнія дзікія піскулькі на гнездаванні адзначаліся ў 1991 годзе. Мала што вядома пра гнездаванне віду на Кольскім паўвостраве Расіі, дзе піскулькі гістарычна былі часткай адзінай фена-скандынаўскай папуляцыі.
Найменшая колькасць віда адзначалася з сярэдзіны да канца 2000-х гадоў, калі на гнездаванне на поўнач Нарвегіі прыляталі ўсяго каля 30 асобін. Актыўнае паляванне на гусей лісіц прывяло да стварэння з 2008 году спецыяльнай праграмы па кантролю іх колькасці ў рэзерваце, дзе піскулькі гняздуюць. З таго часу велічыня папуляцыі гусей павольна павялічваецца, хаця ўсе гэтыя гады поспех размнажэння віда заставаўся вельмі нізкім.
Негледзячы на сёлетні поспех гнездавання, папуляцыя гусей-піскулек застаецца вельмі невялікай і яе існаванне залежыць ад змяншэння ці знікнення разнастайных пагроз на шляхах міграцыі і ў месцы зімоўкі віда.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак гусей-піскулек на балотах Valdak Marshes, Finnmark, Нарвегія - Tomas Aarvak / BirdLife Norway.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ