Поплаўны лунь хуткімі тэмпамі знікае ў Партугаліі

поплаўны лунь

Нядаўна апублікаваныя дадзеныя улікаў, праведзеных у Партугаліі ў 2022-23 гг, паказалі драматычнае змяншэнне колькасці поплаўнага луня (Circus pygargus) у гэтай краіне. Аказалася, што за апошнія 17-18 гадоў яна зменшылася ажно на 76-79%!

Некалі звычайны від у аграландшафце амаль па ўсёй краіне, цяпер тут поплаўных лунёў налічылі менш, чым 250 пар! Для параўнання, у 2005 годзе ацэнка колькасці віда была паміж 900 і 1250 пар. Арнітолагі ўжо прапанавалі змяніць статус віда ў Партугаліі на ‘крытычна знікаючы’ (Critically Endangered).

Поплаўным луням для гнездавання патрэбна высокая густая расліннасць. Аднак змены ў аграрнай палітыцы за апошнія дзесяцігоддзі прывялі да замены зерневых на шматгадовыя травы, люцэрну і іншыя фуражныя культуры, якія пачынаюць касіць ці ўбіраць да таго, як птушаняты лунёў стануць на крыло. Аналагічныя праблемы з гнездаваннем у аграландшафце ў Партугаліі маюць і іншыя наземнагняздуючыя птушкі сярэдняга і вялікага памеру, якім патрэбна параўнальна шмат часу на гнездавы цыкл у сельгаскультурах - стрэпет і дроп.

Дадатковымі негатыўнымі прычынамі змяншэння колькасці лунёў лічаць змены клімату, якія выклікаюць хвалі спякоты значна раней у сезоне і гэта прыводзіць да дэгідратацыі і гібелі птушанят. Акрамя гэтага, больш частыя пажары і значна большая колькасць ветравых турбін павялічвае смяротнасць птушак.

João Gameiro, адзін з каардынатараў улікаў, падкрэсліў, што адбылося не толькі рэзкае змяншэнне партугальскай папуляцыі поплаўнага луня, але і значныя змены ў долі розных гнездавых біятопаў. Ён сказаў: "Цікава, што мы знайшлі на поўначы краіны большасць гняздуючых пар птушак у лясах і ў горных раёнах. Раней ва ўсіх публікацыях пісалі, што на Іберыйскім паўвостраве 90% лунёў займаюць сельскагаспадарчыя землі. Аднак нашы ўлікі паказалі, што 30% пар цяпер гняздуюць у раней не вельмі тыповых лясных і горных біятопах. І гэта хутчэй не змена выбару птушак, а змена іх долі там з-за таго, што шмат лунёў зніклі на гнездаванні на сельгасземлях."

João Paulo Silva, іншы арнітолаг, які каардынаваў улікі і прымаў у іх удзел, сказаў: "Знікненне віда настолькі драматычнае і яго тэмпы настолькі хуткія, што план дзеянняў па ратаванні віда павінен улічваць экстрэнныя меры са стратэгіяй захавання гнездавых біятопаў і мэтай як мага хутчэй прыпыніць негатыўны трэнд змены колькасці віда.”

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Злётак поплаўнага луня на здымку Уладзіміра Бондара

 

На гэтую тэму:

Поплаўны лунь знік як гняздуючы ў Брытаніі, але 12 іншых рэдкіх відаў там павялічваюць колькасць

Нечакана вялікія адлегласці і плошчы для пошуку здабычы выкарыстоўваць поплаўныя луні ў Польшчы

У Польшчы сфатаграфаваны самы стары поплаўны лунь