Поплаўны лунь (Circus pygargus) – адзін з відаў птушак адкрытых ландшафатаў, які змяншае сваю колькасць у краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. У лунёў шмат праблем і на месцах гнездавання, і на міграцыі, і на месцах зімоўкі ў зоне Сахель у Афрыцы. Каб лепш зразумець што можа негатыўна ўздзейнічаць на від пад час сезону гнездавання, міжнародная каманда даследчыкаў у рамах шматгадовага праекту Towarzystwа Przyrodniczego "Bocian" з дапамогай сучасных прыладаў сабрала дадзеныя пра асаблівасці палявання віда ва Усходняй Польшчы.
Для гэтага ў гнездавыя сезоны 2011-18 гг навукоўцы пазначылі 50 поплаўных лунёў (39 самцоў і 11 самак) GPS-лоджэрамі, якія запісывалі дадзеныя пра месцазнаходжанне птушак кожныя 5 хвілін. Усяго атрымалася адсачыць перамяшчэнні птушак пад час 59 індывідуальных спробаў гнездавання, прычым большасць птушак назіралі толькі адзін сезон (41) і значна меншую (9 птушак) – 2 сезоны. У сярэднім, кожны з лунёў адсочваўся 40 дзён, тады як у сярэднім сезон гнездавання працягваўся 92 дні. Усяго для аналізу перамяшчэнняў лунёў было выкарыстана 10.159 “кропак” з дакладнымі каардынатамі, атрыманых дзякуючы лоджэрам.
Дзякуючы сабраным дадзеным, вызначылі адлегласці, якія асобныя луні праляталі на працягу дня; тэрыторыю і яе плошчу, якую птушкі выкарыстоўвалі за дзень і як яна змянялася на працягу сезону гнездавання; адлегласць, на якую птушкі аддаляліся ад гнязда.
Тэрыторыі, на якіх палявалі самцы, аказаліся параўнальна вялікімі: 67,3 (± 42.3) км2 – яны ловяць усю здабычу з пачатку фармавання пары для сябе і партнёркі, а потым і для птушанят да часу дасягнення імі ўзросту прыкладна10-14 дзён, з гэтага часу самцу дапамае паляваць самка. Аднак самка ўвесь час стараецца трымацца недалёка ад гнязда і таму паляўнічыя тэрыторыі самак атрымаліся невялікімі – у сярэднім 4,9 (± 6.1) км2. Тэрыторыі самцоў значна перакрываліся паміж сабой, у сярэднім – на 40%. А з-за таго, што значная доля лунёў гняздуе побач у полукалоніях, у такіх самцоў перакрыванне тэрыторый, дзе яны палявалі, у сярэднім дасягала нават 60%.
Сярэдняя адлегласць, якую праляталі за дзень самцы і самкі, адпаведна была 94,5 і 45,3 км, такім чынам сярэдняя плошча тэрыторыі палявання для аднаго дня атрымлівалася 32,3 км2 для самцоў і 3.1 км2 для самак.
Адлегласці, якія на працягу аднаго дня праляталі птушкі, вельмі значна адрозніваліся: ад 1,59 км да 226,2 км! Таксама моцна адрозніваліся і плошчы тэрыторый, якія луні выкарыстоўвывалі для палявання на працягу асобных дзён: 0,2 гa і 446,8 км2!
Самая далёкая адлегласць ад гнязда, на якую аддаляліся самцы, склала ажно 35 км, хаця сярэдняя атрымалася параўнальна невялікай – 3,5 км (0,7 км для самак).
Самка поплаўнага луня. Здымак Уладзіміра Бондара
Зразумела, што ўсе знойдзеныя паказчыкі моцна змяняліся на працягу гнездавога сезону. Акрамя гэтага, у птушак з поспехам гнездавання дзённыя “налёты” былі большымі, хаця тэрыторыя палявання на працягу дня ў сярэднім была меншая за непаспяховых.
Сярэдняя адлегласць палётаў лунёў ад гнязда змянялася на працягу сезону і павялічвалася. Так, самцы знаходзіліся найбліжэй ад гнязда пад час начлегаў, аднак на прыканцы гнездавання маглі начаваць нават у 16 км ад яго.
Параўнальна вялікія тэрыторыі для палявання і адлегласці, якія пралятаюць самцы каб злавіць дастаткова здабычы для сябе і сям’і, могуць сведчыць пра невялікую шчыльнасць і даступнасць для іх мышападобных грызуноў, вераб’іных птушак і яшчарак (асноўнай здабычы ў гнездавы сезон), або пра вялікую фрагментацыю зручных месцаў для палявання. Гэтыя фактары прымушаюць птушак лятаць на вялікія адлегласці і шукаць здабычу на вялікіх памерам тэрыторыях, што яўна не дапамагае паспяхова і прадуктыўна гнездаваць.
Крыніца: Krupiński, D., Kotowska, D., Recio, M.R. et al. Ranging behaviour and habitat use in Montagu’s Harrier Circus pygargus in extensive farmland of Eastern Poland. J Ornithol (2020). https://doi.org/10.1007/s10336-020-01837-x
Паводле www.link.springer.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак самца - Hanna Pomorska
На гэтую тэму:
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ