Арланы-белахвосты кормяць сваё птушаня, якому ўжо больш за год

арлан-белахвост

Вельмі незвычайныя паводзіны не толькі для віда, але і для дзікіх жывёл увогуле былі адзначаны сёлета ў дарослай пары арланаў-белахвостаў (Haliaetus albicilla) на шатландзкім востраве Mull. Птушкі адмовіліся ад размнажэння ў гэтым сезоне, але дагэтуль кормяць сваё параненае ў мінулым годзе птушаня, якому ўжо больш за год. 

У мінулым ліпені маладая, нялётная птушка пашкодзіла сваё левае крыло, калі гняздо ўпала на зямлю пад час незвычайна моцнага шторму над востравам. Другое птушанё з гэтага гнязда аказалася непашкоджаным і праз непрацяглы час пачало лятаць. Параненага ж сіблінга бацькі працягвалі карміць і ўвосень, пакуль малады арлан не пачаў пералятаць на невялікія адлегласці. Мясцовыя жыхары, якія назіралі за падзеямі, меркавалі, што ён наўрацці перажыве зіму.

Гэтай вясной, калі Dave Sexton, працаўнік RSPB па востраву Mull, праводзіў першы кантроль гнёздаў арланаў-белахвостаў, ён убачыў, што дарослы птушкі працягваюць карміць сваё мінулагоднае птушанё!

Sexton сказаў: "Мы са шкіперам карабля пераглянуліся і не маглі паверыць у тое, што мы толькі што ўбачылі. Я назіраю за арланамі чатыры апошнія дзесяцігоддзі, але падобныя паводзіны бачу ўпершыню.

Звычайна ўвосень і максімум да зімы ўсе злёткі перамяшчаюцца з гнездавой тэрыторыі бацькоў у іншыя мясціны. І нават калі застануцца на ёй, ім там не будуць рады. А тут мы не толькі адзначылі маладую птушку, якой ўжо больш за год, паблізу бацькоў, але і ўбачылі, што дарослыя арланы ўсё яшчэ кормяць яе.”

"Для мяне гэта незвычайныя і новыя паводзіны. Штодзень дарослыя кормяць рыбай сваё мінулагодняе параненае птушаня. Мы прызвычаіліся думаць пра драпежных птушак як пра неэмацыйных істотаў, але пасля гэтага выпадку аказваецца, што магчымы і іншы бок медаля. Вельмі цікава, як доўга гэта будзе працягвацца. Ці будуць дарослыя арланы карміць маладога яшчэ год ці два? Што адбудзецца, калі ён пачне ліняць у дарослае пяро ва ўзросце 3 ці 4 гады? Цяжка паверыць, што такое магчыма, але пасля таго, што мы ўбачылі сёлета, нейкая імавернасць усё ж існуе.”

Паводле www.birdguides.com (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

На гэтую тэму:

Мільёны ад назіранняў арланаў: як птушкі прыцягваюць турыстаў і грошы на шатландзкі востраў

Рэкордны год для арлана-белахвоста

Арланы засвойваюць неба Шатландыі

Мільёны фунтаў за паказ арланаў