Сакрэт хвастцовай залозы падобны ў партнёраў, але адрозніваецца паміж парамі

пярэстая валасяніца

Доўгі час лічылася, што ў птушак вельмі слабы нюх або ўвогуле яго няма. Галоўным чынам так меркавалі таму, што ў іх параўнальна невялікія ольфакторныя цыбуліны ў мазгу, няма ні вомераназальнай сістэмы, ні паводзін прынюхвання (Roper 1999, Hagelin & Jones 2007, Caro et al. 2015). Акрамя таго, шматкаляровая афарбоўка апярэння і частак цела і галавы і песні самцоў увялі навукоўцаў у зман і яны думалі, што пад час камунікацыі птушкі палагаюцца выключна на акустычныя і візуальныя сігналы і прагледзелі патэнцыйную важнасць ольфакторнай сістэмы (= нюху) (Bonadonna & Mardon 2013).

Тым не менш, за два апошнія дзесяцігоддзі з’явіўся шэраг доказаў, якія дэманстравалі што ў птушак выдатна развітае адчуванне пахаў (Clark & Smeraski 2022), якое яны выкарыстоўваюць у шырокім кантэксце, між іншым пад час пошуку ежы (Nevitt 2008, Wikelski et al. 2021), навігацыі (Wallraff 2004, Gagliardo 2013) і будовы гнёздаў (Petit et al. 2002, Gwinner & Berger 2008). Акрамя гэтага ёсць дадзеныя пра выкарыстанне ольфакторнай сістэмы для камунікацыі з асобінамі свайго віду, асабліва пад час размнажэння (агляд у Hagelin & Jones 2007, Balthazart & Taziaux 2009, ды іншых). Аднак наколькі важнай і агульнай з’яўляецца хімічная камунікацыя для розных таксонаў, застаецца невядомым.

Сакрэт хвастцовай залозы (рreen oil), можа быць важнай крыніцай паху ў птушак. Асаблівасці хімічнага складу гэтага сакрэта дапамагаюць апісаць іх ольфакторныя (пахавыя) фенатыпы і дапамагчы зразумець ці пах можа выконваць роль палавых сігналаў (sexual signalling) або іншыя хімічныя функцыі.

Каманда нямецкіх даследчыкаў вывучала адрозненні і змены ў складзе сакрэту хвастцовай залозы ў пярэстых валасяніц (Ficedula hypoleuca) у папуляцыі, якая гнездавала ў штучных дуплах у нізінным змешаным лесе ў мясцовасці Elbergen (паўночна-заходняя Германія). Хаця гэтая папуляцыя пераважна монагамная, некаторыя самцы штогод у невялікай колькасці палігамы. Каб вызначыць хімічны склад сакрэту хвастцовай залозы, даследчыкі бралі яго ўзоры ў самцоў і самак у пар, якія ўжо пачалі гнездаванне і потым паўтаралі гэтыя маніпуляцыі на розных стадыях размнажэння.

Самцы і самкі ў парах мелі падобны хімічны профіль сакрэту хвастцовай залозы калі параўнаць яго з профілем партнёраў у іншых парах. Аднак былі знойдзены і адрозненні паміж самцамі і самкамі ў парах і змены ў складзе сакрэту ў тых самых асобін на працягу перыяду гнездавання. Было знойдзена, што у самак сакрэт больш разнастайны і лятучы ў параўнанні з самцамі і таксама больш лятучы ў час інкубацыі, чым ў перыяд гадавання птушанят.

Атрыманыя вынікі даюць падставу меркаваць пра важную сігнальную ролю сакрэта хвастцовай залозы для розных палоў, хаця не выключае і іншыя яго функцыі. Аднак каб адназначна сцявярджаць значнасць гэтага фактара на выбар партнёра для гнездавання і на іншыя сацыяльныя ролі неабходны дадаковыя даследаванні.

Крыніца: Marc Gilles et al. 2023 Preen oil composition of Pied Flycatchers is similar between partners but differs between sexes and breeding stages, Volume166, Issue1 January 2024: 171-186 https://doi.org/10.1111/ibi.13246

Паводле https://onlinelibrary.wiley.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак самкі пярэстай валасяніцы Уладзіміра Бондара

 

На гэтую тэму:

Грыф-індзейка – самы адчувальны да пахаў від сучасных птушак?

Чубатыя асаеды знаходзяць ежу і па яе паху + VIDEO

Дзякуючы паху калібры пазбягаюць кветак, якія могуць быць небяспечнымі для іх

Каб знайсці месцы для палявання, белыя буслы выкарыстоўваюць пах свежаскошанай травы