Каб знайсці месцы для палявання, белыя буслы выкарыстоўваюць пах свежаскошанай травы

Акрамя адзінкавых выключэнняў (напрыклад, некаторых грыфаў Новага свету і акіянічных птушак) дагэтуль лічыцца, што пачуццё нюху слаба развіта ў сучасных відаў. Арнітолагі з інстытута эталогіі (Radolfzell),  дзякуючы падключэнню да пастаўленых у прыродзе доследаў калег з інстытута хіміі Макса Планка (Mainz, Германія) адкрылі, што белыя буслы (Ciconia ciconia) маюць выдатны нюх і актыўна карыстаюцца ім для пошуку месцаў з даступнай здабычай. Аказалася, што пах свежаскошанай травы дапамагае ім знайсці месцы кашэння і на гэтых палях больш паспяхова паляваць на дробных хрыбетных жывёл.

Даследаванні праводзіліся вакол возера Констанс (Германія), дзе буслы палююць на разнастайную здабычу – ад насякомых і малюскаў да грызуноў і кратоў на навакольных вільготных лугах. Калі адбываецца кашэнне расліннасці, многія з гэтых жывёл вымушаныя змяняць свае схованкі і становяцца нашмат больш даступнымі для драпежнікаў, у тым ліку і буслоў. Аднак якім чынам буслы параўнальна хутка даведваюца пра такія месцы, дагэтуль не было зразумела.

Дзякуючы шматгадовым папярэднім назіранням за лакальнай папуляцыяй белага бусла стала зразумела, што птушкі не маглі даведацца пра пачатак кашэння травы толькі дзякуючы зроку, слыху ці праз пасярэдніцтва іншых птушак. Аказалася, што буслы прыляталі ў такія месцы звычайна толькі пад вецер і калі знаходзіліся ў сектары прыкадна 75° ад месца ці месцаў кашэння на адлегласці ад 400 да 16,5 км. Акрамя таго, тыя палі шматгадовых траў, якія былі апрацаваныя адпаведнай смессю рэчываў ((Z)-3-hexenal, (Z)-3-hexenol, hexenyl acetate), дзякуючы выдзяленню якіх пад час кашэння і ўтвараецца т.зв. пах свежаскошанай травы, параўнальна хутка прыцягвалі туды белых буслоў.

Каб разабрацца з перамяшчэннямі белых буслоў, навукоўцы выкарыстоўвалі палёты на лёгкаматорным самалёце па 2-4 гадзіны на вышыні калі 1 тысячы метраў над зямлёй. Гэта дало ім магчымасць з бяспечнай для птушак вышыні назіраць за тымі бусламі, якія пачыналі прылятаць на свежаскошаныя палеткі, кірунак іх палёту адносна кірунку ветру (і распаўсюду паху свежаскошанай травы), а таксама адзначыць размяшчэнне тых буслоў, якія на кашэнне не  адрэагавалі. Дадаткова навукоўцы адзначылі, што сам па сабе шум працуючай на палетках без кашэння сельскагаспадарчай тэхнікі не прыцягваў да сябе ўвагу буслоў.

Высновы, атрыманыя даследчыкамі пад час назіранняў з паветра, былі пацверджаныя інфармацыяй аб перамяшчэннях некалькіх буслоў, пазначаных GPS-перадатчыкамі.

Каб канчаткова пацвердзіць ольфакторныя здольнасці буслоў адрозніваць пах свежаскошанай травы для вызначэння месца з больш лёгкай даступнасцю здабычы для іх, навукоўцы правялі палявы эксперымент з двух частак.

У першай яны пазычылі ў фермера грузавік свежаскошанай травы і параскідвалі яе на адлегласці ў 15 км ад месца кашэння там, дзе навокал прыкладна ў 2,5 км знаходзіліся некалькі буслоў. Параўнальна хутка некаторыя з гэтых птушак прыляцелі на гэтае поле ў пошуках ежы, але прыкладна праз 10 хвілін адляцелі, зразумеўшы, што лёгкадаступнай ім здабычы там няма.

У другой частцы з лёгкаматорнага самалёта 4 разы ў розныя даты і над рознымі месцамі на вышыні 20 м распылялі хімічную сумесь, якая імітавала пах свежаскошанай травы і з таго ж самалёта на значна большай вышыні назіралі за паводзінамі буслоў навокал на тэрыторыі плошчай прыкладна 5х6 км. Ва ўсіх 4 выпадках на месца распылення зляталіся буслы з адлегласці ад 0,5 да 1,2 км ад месцаў распылення сумесі.

Прафесар Martin Wikelski, дырэктар Max Planck Institute of Animal Behavior і галоўны аўтар артыкула па выніках даследавання, сказаў: "Гэта даказвае, што буслы знаходзяць свой шлях да месцаў харчавання дзякуючы пахам у паветры”.

Атрыманыя вынікі падвяргаюць сумневу папярэднія меркаванні, што белыя буслы каб знайсці месцы для параўнальна лёгкага харчавання, выкарыстоўваюць найперш зрок. Хутчэй за ўсё найбольш важным для гэтага ёсць выкарыстанне пахаў, якія могуць далёка разносіцца спрыяльнымі вятрамі. Даследчыкі лічаць, што здольнасць птушак выкарыстоўвываць для пошуку ежы пахі можа быць значна недаацэненая.  

Крыніца: Martin Wikelski et al, Smell of green leaf volatiles attracts white storks to freshly cut meadows, Scientific Reports (2021) DOI: 10.1038/s41598-021-92073-7

 

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Аляксандра Эрдмана

 

 

На гэтую тэму:

Грыф-індзейка – самы адчувальны да пахаў від сучасных птушак?

Чубатыя асаеды знаходзяць ежу і па яе паху + VIDEO

Самыя вялікія птушкі на Зямлі былі начнымі і, магчыма… сляпымі

Навакольныя пахі граюць ключавую ролю ў навігацыі шызых галубоў?

Каровы дапамагаюць белым буслам паляваць