Нядаўна былі канчаткова класіфікаваныя ўсе прадстаўнікі сямейства нелятаючых вялізарных сланоўіх птушак, якія яшчэ ў гістарычны час насялялі Мадагаскар. І вось новае адкрыццё: дзякуючы рэканструкцыі мозга, якую зрабілі навукоўцы з універсітэту Тэксаса ў Осціне (ЗША), можна сцвярджаць, што зрокавая доля мозга гэтых птушак была такой невялікай, што яны вялі пераважна начны лад жыцця і ўвогуле маглі быць сляпымі.
Вельмі падобна жывуць бліжэйшыя крэўныя сланоўіх птушак – ківі. Яны практычна сляпыя. І менавіта “яны дапамаглі зразумець больш пра тое, як і дзе некалі маглі жыць сланоўі птушкі” – сказаў Крыстафер Торрэс (Christopher Torres), аспірант універсітэту ў Осціне.
"Пад час вывучэння пабудовы мозгу мы насамрэч займаемся экалогіяй – дзякуючы асаблівасцям анатоміі, шукаем лад жыцця птушкі і яе магчымыя сувязі з навакольным асяроддзем” – сказаў Торрэс. "Падобныя адкрыцці даюць нам магчымасць інсайтаў у жыццё гэтых дзіўных і загадкавых для нас птушак”.
Сланоўі птушкі мелі вялікія памеры, не мелі здольнасці да палёту і як мінімум “сваю” апошнюю тысячу або 500 гадоў жылі “побач” з чалавекам, які знішчаў іх тыповыя месцапражыванні і саміх птушак. Аднак дагэтуль застаецца практычна мала што вядомым як яны жылі і чаму зніклі.
Апрыёры было прынята, што эпіорнісы і іх бліжэйшыя крэўныя былі падобнымі да сучасных вялікіх памерамі нелятаючых відаў: афрыканскіх страўсаў ці эму. А гэта значыць, што яны вялі дзённы лад жыцця і мелі добры зрок. Аднак дзякуючы даследаванню чэрапа і рэканструкцыі формы мозгу Торрэс з калегамі паказаў, што гэта не так.
Будова чэрапа птушак паўтарае выпукласці і іншыя асаблівасці формы розных аддзелаў мозга. Таму кампутарная тамаграфія чэрапоў двух відаў эпіорнісаў дала магчымасць даследчыкам стварыць лічбавыя мадэлі-рэканструкцыі іх мозгу. У дадатак, тымі ж метадамі навукоўцы стварылі рэканструкцыі мозгу бліжэйшых крэўных сланоўіх птушак – як тых, што ўжо вымерлі, так і тых, што жывуць дагэтуль.
Рэканструкцыі паказалі, што аддзелы мозгу – т.зв. аптычныя долі ці выступы - у эпіорнісаў фактычна адсутнічалі! Гэта нагадвае будову мозгу ківі, якія засталіся найбліжэйшымі крэўнымі сланоўіх птушак. А таму даследчыкі вырашылі, што апошнія хутчэй за ўсё вялі падобны лад жыцця, як і сучасныя ківі: былі актыўнымі ўначы, і, вельмі магчыма, былі сляпымі.
Дадзеная выснова таксама пацверджваецца параўнальна вялікімі памерамі аддзела мозгу эпіорнісаў, які адказвае за апрацоўку інфармацыі, звязанай з пахамі (ольфакторныя долі). У большага памерамі даследаванага віду гэты аддзел быў вельмі вялікім – таму даследчыкі лічаць, што гэтыя птушкі жылі ў тагачасных лясах. Меншы від меў параўнальна меншыя ольфакторныя долі мозгу і таму, хутчэй за ўсё, жыў у тагачасных саванах.
Крыніца:
Nocturnal giants: evolution of the sensory ecology in elephant birds and other palaeognaths inferred from digital brain reconstructions, Proceedings of the Royal Society B, rspb.royalsocietypublishing.or … .1098/rspb.2018.1540
Паводле www.phys.org (тэкст і ілюстрацыі рэканструкцый) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
АПІСАНА САМАЯ ВЯЛІКАЯ ПТУШКА НА ЗЯМЛІ - ЯНА ЖЫЛА НА МАДАГАСКАРЫ
ЛЮДЗІ ЕЛІ ЭПІОРНІСАЎ НА МАДАГАСКАРЫ НАСАМРЭЧ НАВАТ 10500 ГАДОЎ ТАМУ
Навукоўцы знайшлі метад атрымаць ДНК са шкарлупіння яек вымерлых відаў птушак
Сучасныя метады паправілі ўяўленні пра вынішчэнне аўстралійскай мегафауны
Аўстралійскую мегафауну знішчылі першабытныя людзі
Колер апярэння моа можна будзе аднавіць па структуры іх ДНК
Бліжэйшыя крэўныя ківі знойдзены на… Мадагаскары
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ